Вы тут

Прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі па геалагічным картаванні


Нядаўна ў Мінску прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі па геалагічным картаванні, арганізаваныя Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. Іх прайшлі прадстаўнікі кіруючага апарата, начальнікі аддзелаў, якія адказваюць за касмічнае картаванне, за арганізацыю праектаў па здабычы і выкарыстанні карысных выкапняў Міністэрства мінеральных рэсурсаў Судана. З якой мэтай былі арганізаваны гэтыя курсы, якія далейшыя планы афрыканскай рэспублікі адносна нашай краіны?


Начальнік галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мінпрыроды Сяргей Мамчык расказаў, што спецыялісты з Судана прайшлі тэарэтычную і практычную часткі курсаў з выездамі на месцы.

— Курсы былі арганізаваны па ініцыятыве суданскага боку, якая была ім выказана падчас леташняга візіту дэлегацыі нашага міністэрства. Маючы вялікі вопыт у сферы геалагічнага картавання, мы расказалі аб тым, як працуе гэтая сістэма ў нашай краіне на кожным этапе збору геалагічнай інфармацыі (атрыманне касмічных здымкаў, іх апрацоўка, праверка даных у палявых умовах, складанне картаў з дапамогай сучасных ГІС-тэхналогій).

Спецыялісты з Судана зацікавіліся і арганізацыяй работы па ахове аб'ектаў для турызму ў Беларусі, паколькі сёння яны актыўна развіваюць новую праграму геапаркаў. Мы правялі гасцей па экалагічнай сцежцы заказніка «Налібоцкі», паказалі шмат цікавых месцаў, распавялі пра меры па ахове жывёльнага і расліннага свету.

Падчас праходжання курсаў госці наведалі РУП «ВА «Беларуснафта» Інстытута «БелНДПІнафта» ў Гомелі. Там на высокім узроўні знаходзіцца вывучэнне горных парод, а таксама захоўваюцца многія экзэмпляры (цікава, што керн захоўваецца на вышыні 4-павярховага дома), якія дастаюць па QR-кодзе.

Судан — краіна, якая гістарычна актыўна займаецца здабычай золата. Праблема ў тым, што золата ў гэтай краіне змяшчаецца ў рудзе ў дробнай фракцыі («пыляватае» золата). Для таго каб яго здабыць з пароды, неабходна выцягнуць пустую пароду, атрымаць канцэнтрат. З гэтага канцэнтрату звычайна золата атрымліваюць шляхам амальгамавання (метад здабывання металаў з руд растварэннем у ртуці). Гэта небяспечна як для прыроды, так і для здароўя старацеляў. З мэтай змены тэхналогіі госці наведалі ААТ «НВА Цэнтр», дзе ім расказалі пра бязртутнае абагачэнне парод, у якіх змяшчаецца золата, і якое можа прымяняцца і ў Судане.

Для афрыканскай дэлегацыі было важна азнаёміцца з нашымі геаінфармацыйнымі тэхналогіямі, атрыманнем касмічных здымкаў, паколькі гэта асноўная крыніца геаінфармацыі ў Судане сёння. Здымкі беларускага касмічнага апарата цяпер складуць канкурэнцыю амерыканскім і кітайскім. Гасцей зацікавілі і іншыя тэхналогіі па здабычы солі, рудных і каштоўных металаў, рэдказямельных элементаў, храмітаў.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Аляксандр Корбут выказаў спадзяванне, што ў далейшым такія курсы будуць праходзіць на пастаяннай аснове:

— Мы атрымалі спрыяльны вопыт для дзвюх краін і паклалі пачатак вялікага супрацоўніцтва. За гэты кароткі час немагчыма паказаць усе славутыя мясціны краіны, але мы спадзяёмся, што госці атрымалі ўяўленне аб нашай зямлі, сфарміравалі добрае ўражанне.

Вольга ПРАЛЮК

Загаловак у газеце: Навука для старацеляў з Афрыкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.