Вы тут

Чым небяспечныя іншаземныя расліны і жывёлы для Беларусі


Ракі з Амерыкі ці медузы з Кітая — штогод у Беларусь «пранікае» ўсё больш экзатычных і нетыповых для нашай мясцовасці жывёл і раслін. Такое нашэсце «чужынцаў» нясе за сабой шмат праблем. І не толькі экалагічных, але і эканамічных. Адкуль да нас трапляюць новыя віды, якую шкоду яны наносяць і як з імі змагаюцца — расказаў загадчык лабараторыі гідрабіялогіі НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, кіраўнік міжведамаснага цэнтра па інвазіўных відах Віталь Сяменчанка.


Па словах спецыяліста, у кожнага з чужародных відаў свой шлях міграцыі, але асноўных усё ж тры. Па-першае, Беларусь — транзітная краіна, што ў разы павялічвае шанцы займець нечаканага госця на сваёй тэрыторыі. Пры тым завезці «чужынца» могуць і не наўмысна, а, напрыклад, з глебай іншай расліны. Так адбылося калісьці з журавінамі, калі хацелі пасадзіць адну культуру, а ў прыдачу атрымалі яшчэ дзесяць інвазіўных. Па-другое, шмат новых раслін і жывёл знаходзяць іншыя месцы жыхарства з-за змены клімату. Ужо не сакрэт, што ў нас з'явілася новая агракліматычная зона, якая характарызуецца больш цёплым летнім і зімнім перыядамі. Па-трэцяе, некаторыя іншаземцы трапляюць у дзікую прыроду па віне звычайных людзей, якія любяць вырошчваць незвычайныя расліны альбо гадаваць экзатычных жывёл.

— Трэба сказаць, што ёсць расліны і жывёлы чужародныя, а ёсць інвазіўныя. Пакуль новы від не наносіць ніякай экалагічнай, эканамічнай альбо сацыяльнай шкоды, ён лічацца чужародным. Як толькі што-небудзь з гэтага спіса праяўляецца, яго ўжо адносяць да інвазіўных, — падкрэсліў Віталь Сяменчанка.

Сёння ў многіх краінах Еўропы і рэгіёнах Расіі існуюць так званыя чорныя спісы жывёл і раслін, а два гады таму і ў Беларусі з'явілася свая «Чорная кніга». Па словах спецыяліста, туды ўключана каля 300 відаў раслін, 6 відаў водных беспазваночных, 21 від насякомых, 1 — рэптылій, 9 відаў рыб і 2 — млекакормячых. Самыя вядомыя з іх — баршчэўнік Сасноўскага, сумнік канадскі, амерыканская норка і інш.

— Калі іншаземцы трапляюць на новую тэрыторыю, яны выцясняюць абарыгенныя віды, а некаторыя з іх пераносяць розныя хваробы, — адзначыў Віталь Сяменчанка. — Так, напрыклад, амерыканскі паласаты рак, які пераносіць рачыную чуму, амаль загубіў нашага беларускага рака ў Нёмане. Зараз ён ужо трапіў у Днепра-Бугскі канал, а потым «заваюе» і Прыпяць.

Каб стрымаць нашэсце «чужынцаў», спецыялісты праводзяць шэраг мерапрыемстваў па барацьбе з інвазіўнымі відамі, а вучоныя ўжо распрацавалі праект, які дапаможа спрагназаваць, адкуль і калі новыя віды могуць да нас трапіць.

Дарэчы, эксперт падкрэсліў, што ў Беларусі пакуль не існуе ўліку эканамічнага ўрону, які нясе наша краіна ад інвазіўных відаў. У той момант, як ЗША, напрыклад, штогод страчваюць каля 140 млрд долараў. Аднак вучоныя вырашылі падлічыць страты ад амерыканскага рака ў басейне ракі Нёман пры ўмове, што ён загубіць 5 % нашага рака. І лічба атрымалася немаленькая — 20 тыс. долараў у год. І гэта толькі адзін інвазіўны від.

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: Інвазіўная напасць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.