Вы тут

Чым небяспечныя рознакаляровыя бліскаўкі ў гелі для душу


Рознакаляровыя бліскаўкі ў гелі для душу або ружовыя гранулы ў клубнічным скрабе — каго не прывабіць гэта маркетынгавая хітрасць? Але ў выніку гэтыя маленькія шарыкі трапляюць у каналізацыю, а пасля сплываюць і ў Сусветны акіян, дзе іх з'ядаюць рыбы і іншыя марскія жывёлы, а праз іх — да чалавека. Што гэта за загадкавыя часціцы, і чаму яны так хвалююць эколагаў?


Што ў касметычцы?

Сёння пластык усюды. Танны і практычны, ён усё шчыльней уваходзіць у жыццё спажыўца. Спакуса яшчэ больш зменшыць цану на тавар штурхнула вытворцаў касметыкі далей — рабіць з пластыку не толькі ўпакоўку, але і змесціва прадукту.

— Колькасць мікрапластыку ў складзе касметычнага сродку можа вар'іравацца ад 1 да 90 працэнтаў. Гэта значыць, што звычайны гель для душу ці скраб можа змяшчаць прыкладна столькі ж пластыку, колькі ідзе на вытворчасць яго ўпакоўкі, — адзначыла супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў Марыя Сума.

Выходзіць, што загадкавыя рознакаляровыя гранулы ў скрабе, гелі для душу або зубной пасце — гэта не што іншае, як мікрапластык. Але не заўсёды, вядома. Ён лёгка замяняецца костачкамі абрыкоса, клубніц, маліны ці натуральнымі валокнамі люфы.

— Самае галоўнае правіла пры выбары касметыкі — уважліва чытаць састаў, — падкрэсліла эксперт. — Існуе спіс мікрапластыку, які часцей за ўсё сустракаецца ў беларускай касметыцы. Але на самай справе ён значна шырэйшы. Некаторыя міжнародныя арганізацыі называюць мікрапластыкам цэлыя 67 палімераў (азнаёміцца са спісам можна па спасылцы http://www.beatthemіcrobead.org/product-lіsts/).

Касметыка — не адзіная крыніца мікрапластыку. Ён дзеліцца на два віды: першасны і другасны. З назвы зразумела, што першасны мікрапластык — гэта маленькія часціцы, якія спецыяльна вырабляюць, а потым дадаюць іх у тавар для надання яму пэўных уласцівасцяў. Другасны ж утвараецца ў выніку распаду пластыкавых пакетаў і бутэлек, пры сціранні аўтамабільных шын, адслаенні старой фарбы, мыцці сінтэтычнага адзення і нават з пылу, які збіраецца ўнутры будынка.

У чым яго шкоднасць?

— Мікрапластык сёння знаходзяць у вадаёмах па ўсім свеце, — расказаў загадчык навукова-даследчай лабараторыі гідраэкалогіі БДУ Барыс Адамовіч. — Але пакуль няма ніводнага даследавання, дзе б навукова абгрунтоўваўся яго ўплыў на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Аднак уплыў гэты несумненна існуе.

А старшы выкладчык кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірына Машчанка адзначае, што мікрапластык бяспечны да таго часу, пакуль не аказваецца ў каналізацыі.

— Ён становіцца таксічны, калі вылучае манамеры, а гэта адбываецца пры награванні. Касметыку мы не награваем, таму мікрапластык у гэтым выпадку бяспечны для здароўя. Да таго ж, уся касметычная прадукцыя, прадстаўленая на нашым рынку, праходзіць працэдуру ацэнкі адпаведнасці ў Міністэрстве аховы здароўя, — падкрэсліла спецыяліст. — Аднак не варта забываць, што ўсё, чым мы мыемся, трапляе ў акіян, паколькі ачышчальныя збудаванні не здольныя ўлавіць дробныя часціцы пластыку. У выніку, у нас з'яўляецца небяспека з'есці наш жа скраб. Па некаторых звестках, у сярэднім еўрапеец разам з рыбай і морапрадуктамі з'ядае 11 тысяч мікрагранул у год.

Як вырашаецца праблема

Забруджванне вадаёмаў мікрапластыкам сур'ёзна абмяркоўваецца на міжнародным узроўні. Паступова ў Еўропе забараняюць яго выкарыстанне ў касметыцы і абавязваюць вытворцаў сінтэтычнага адзення праводзіць першаснае прамысловае мыццё з выкарыстаннем спецыяльных фільтраў, здольных утрымліваць часцінкі мікрапластыку. У Беларусі нядаўна супрацоўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў з дапамогай валанцёраў правялі першае ў нашай краіне даследаванне, якое дапамагло апісаць сітуацыю з мікрапластыкам у касметыцы і ў беларускіх вадаёмах.

— За месяц мы вывучылі саставы 890 розных касметычных сродкаў. Пры гэтым звярталі ўвагу на прадукцыю розных вытворцаў, пазіцыянавання і кошту. У выніку мікрапластык з складзенага намі спіса быў знойдзены ў 147 сродках. Гэта значыць, каля 16,5 % праверанай касметыкі змяшчае гэтыя штучныя кампаненты, — расказала Марыя Сума.

Эксперт адзначыла, што ў выпадках з мікрапластыкам кошт — не паказчык, мікрачасцінкі знаходзілі як у бюджэтнай, так і ў дарагой касметыцы. «Натуральная» і дзіцячая касметыка таксама не апынуліся ўбаку.

У вадаёмах сітуацыя аказалася не лепшай: у кожнай з 28 даследаваных рэк валанцёры знайшлі мікрапластык.

— У асноўным гэта былі мікравалокны. Яны вельмі падобныя на водарасці, таму ўспрымаюцца марскімі жывёламі як ежа. Такія валокны — вынік распаду другаснага мікрапластыку. Знайшлі і шарападобныя часцінкі — вось гэта ўжо першасны мікрапластык, ад касметыкі, — падзялілася Марыя Сума.

Спецыяліст прызналася: гэтых даных недастаткова, каб зрабіць дакладныя высновы аб праблеме забруджвання беларускіх вадаёмаў мікрапластыкам. Патрэбны больш маштабныя навуковыя даследаванні.

— Мы не столькі хацелі высветліць колькасць мікрачасцінак у вадаёмах і касметыцы, колькі прыцягнуць увагу да праблемы, паказаць людзям, што ў нашай краіне сітуацыя не лепшая, чым у Еўропе, — адзначыў Яўген Лабанаў. — Лічу, у нас гэта атрымалася. У даследаваннях удзельнічалі школьнікі, настаўнікі і нават людзі з навуковых супольнасцяў, гатовыя ўзяцца за навуковыя работы аб мікрапластыку.

Эксперт назваў яшчэ адну важную прычыну, па якой Беларусь павінна сур'ёзна аднесціся да гэтай праблемы. Як ужо было сказана, у многіх краінах мікрапластык паступова забараняецца. Напрыклад, у амерыканскім штаце Ілінойс у 2019 годзе стане незаконным продаж тавараў з пластыкавымі часцінкамі. Гэта значыць, вытворцы такой прадукцыі будуць шукаць іншыя рынкі збыту. І ёсць асцярогі, што наша краіна апынецца ў гэтай «пластыкавай пастцы».

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: Мікрапластык на талерцы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.