Вы тут

Балоты — наш брэнд і здабытак


Беларускія балоты па праве называюць лёгкімі Еўропы, бо яны выводзяць з атмасферы сотні тысяч тон вуглякіслага газу. Нашы балоты ўнікальныя яшчэ і тым, што нямала іх захавалася ў натуральным ці блізкім да яго стане.


Каштоўнасць нашых водна-балотных угоддзяў для Еўропы ніколькі не перабольшаная. Менавіта таму Еўрасаюз актыўна супрацоўнічае з нашай краінай і фінансуе шэраг міжнародных праектаў. У прыватнасці, пры рэалізацыі праектаў «Тарфянікі-1» і «Тарфянікі-2» былі праведзены работы па рэабілітацыі 42,6 тыс. га балот, парушаных у выніку здабычы торфу і лясной меліярацыі. Удзел у праекце ПРААН / ГЭФ «Устойлівае кіраванне ляснымі і водна-балотнымі экасістэмамі для дасягнення шматмэтавых пераваг» прадугледжвае правядзенне работ па экалагічнай рэабілітацыі неэфектыўна асушаных лясных тарфянікаў на плошчы больш за 12 тыс. га.

Знаходжанне балот у натуральным стане дазваляе захаваць у нашай краіне больш за 7 млрд куб. метраў запасаў прэснай вады. Балоты забяспечваюць штогадовае вывядзенне з атмасферы каля 900 тыс. тон дыаксіду вугляроду і вылучэнне ў атмасферу 630 тыс. тон кіслароду. Таксама нашы балоты — гэта месцы пражывання дзікіх жывёл і росту дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу. Балоты забяспечваюць узнаўленне рэсурсаў журавін у аб'ёме больш за 10 тыс. тон штогод. З'яўляючыся ўнікальным прыродным аб'ектам, балоты спрыяюць развіццю экатурызму.

У 1999 годзе Беларусь далучылася да Рамсарскай канвенцыі. Заказнік рэспубліканскага значэння «Спораўскі»— першая беларуская тэрыторыя ў спісе водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння, а сёння ў яго ўключана 26 аб'ектаў Беларусі, агульная плошча якіх 778,9 тыс. га. Усяго ў свеце 16 водна-балотных угоддзяў маюць статус трансгранічных. Сакратарыятам Рамсарскай канвенцыі часткамі трансгранічных водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння прызнаныя чатыры аб'екты Беларусі: «Простыр — Прыпяць — Стаход» (Беларусь — Украіна); «Котра — Чапкяляй» (Беларусь — Літва); «Вілейты — Адуцішкіс» (Беларусь — Літва); «Альманскія балоты — тарфяны масіў «Пераброддзе» (Беларусь — Украіна).

У нашай краіне рыхтуецца праект Закона «Аб ахове і выкарыстанні балот (тарфянікаў)».

«Вынікі праведзенага ў 2017 годзе аналізу заканадаўства Расіі, Украіны, Еўрасаюза і іншых краін паказалі, што комплекснае рэгуляванне пытанняў аховы і выкарыстання балот на ўзроўні заканадаўчага акта будзе сапраўды ўнікальным, бо пакуль ні ў адной краіне свету няма асобнага закона аб балотах ці тарфяніках», — растлумачыў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Андрэй Кузьміч.

Гэта цікава

Сукупная плошча дзесяці самых буйных балот краіны складае 3 116 квадратных кіламетраў — гэта больш, чым Люксембург і Андора, разам узятыя. Плошча аднаго толькі заказніка «Альманскія балоты» (942 квадратныя кіламетры) — гэта як тры Мінска і ў восем разоў больш, чым плошча журавінавых балот ва ўсёй Паўночнай Амерыцы.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.