Вы тут

Наведванне лясоў забаранілі больш чым у 50 раёнах краіны


Прычына — высокі клас пажарнай небяспекі па ўмовах надвор'я. Абмежавальныя меры дзейнічаюць больш чым у 50 раёнах Гомельскай, Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей. У прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі падкрэслілі, што меры абмежавальнага характару ўводзяцца пры наступленні 4-га класа пажарнай небяспекі па ўмовах надвор'я: калі стаіць гарачае, сухое надвор'е, адсутнічаюць ападкі і пажар можа пачацца ад найменшай іскры.


Увядзенне забароны мае на ўвазе поўную адмову ад наведвання лясоў грамадзянамі (у тым ліку для прагулак, адпачынку на прыродзе), а таксама ад уезду транспарту, за выключэннем службовага. Забарона распаўсюджваецца на ўсе дарогі, акрамя дарог агульнага карыстання. Аднак многія раённыя выканаўчыя камітэты ідуць насустрач грамадзянам і выключаюць асобныя тэрыторыі з дзеяння забароны, каб яны змаглі дабрацца да сваіх населеных пунктаў. У такім выпадку, у мэтах бяспекі грамадзян, гэтыя ўчасткі бяруцца пад асаблівы кантроль і патрулююцца спецыялістамі дзяржаўнай лясной аховы. Аналагічная практыка распаўсюджваецца і на збор прадукцыі пабочнага лесакарыстання: грыбоў і ягад. Але нават калі ў раёне не ўведзена забарона на наведванне лясоў, важна памятаць аб выкананні правілаў пажарнай бяспекі. У пажаранебяспечны сезон забараняецца разводзіць вогнішчы ў хвойных несамкнёных дрэвастоях і маладняках 1-га класа ўзросту, на участках пашкоджанага лесу (ветравалу і буралому), тарфяніках, у месцах з падсохлай травой. Пры гэтым развядзенне вогнішчаў (у тым ліку з выкарыстаннем прыстасаванняў: мангалаў, барбекю, грыля, газавых пліт) дапускаецца на спецыяльных уладкаваных пляцоўках, абрамленых мінералізаванай (ачышчанай да мінеральнага пласта глебы) паласой шырынёй не менш за 0,25 метра, а таксама ў месцах, якія выключаюць пашкоджанне агнём крон, ствалоў і каранёвых лап дрэў, акрамя забароненых участкаў. Пасля выкарыстання вогнішча павінна быць патушана да поўнага спынення тлення.

Грамадзяніна, які парушыў забарону на наведванне лясоў, чакае адміністрацыйная адказнасць (артыкул 15.29 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). І калі ў адным выпадку ўсё можа абмежавацца вусным папярэджаннем, то ў іншым — штрафам у памеры да 25 базавых велічынь (612,5 рубля). Калі ж лясному фонду будзе нанесена яшчэ і шкода, то памер штрафных санкцый можа вырасці да 50 базавых велічынь (1225 рублёў).

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Ва ўгоддзі — ні нагой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?