Вы тут

Да Маладзечна!..


Нацыянальны фестываль беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне мяняе фармат. Акрамя традыцыйна адмысловых канцэртаў маэстра Міхаіла Фінберга, не менш відовішчнай абяцае быць творчая праграма Саюза пісьменнікаў Беларусі. Чым парадуе маладзечанскага гледача паэтычная гасцёўня, якая распачне работу 9 чэрвеня а 11 гадзіне, расказвае першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах:


— Перш за ўсё нас кранае магчымасць гэтым знакавым днём пабываць на радзіме класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Вязынка — калыска будучага Песняра. На гэтай жыватворчай зямлі асабліва адчуваецца існасць малой радзімы, якую зварушлівым словам паэт праславіў на ўвесь свет. Менавіта з наведвання Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка «Вязынка» для творчай групы СПБ распачнецца фестывальная праграма.

Па-другое, цешыць, што дзея адбудзецца на галоўнай сцэне Палаца культуры г. Маладзечна. «Мой пачатак і мой выток» — такая назва яднае самых розных паэтаў. Усе выступоўцы праз свае вершы данясуць да гледача асабістае адчуванне значнасці месца, адкуль пачаўся іх шлях у вялікае жыццё.

Першым на сцэну выйдзе Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. У яго выкананні прагучаць песні на словы знакамітых беларускіх паэтаў, якія прыгожым мастацкім словам уганароўваюць сваю Айчыну. Да іх далучацца знакамітыя паэты — лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, Міхась Башлакоў, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў.

Народная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Мархель прачытае ўзнёслыя радкі з купалаўскіх твораў. На сцэну выйдзе і таленавітая моладзь — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Дэбют» Маргарыта Латышкевіч, паэтэса і перакладчыца Юлія Алейчанка.

Да таго ж у паэтычнай гасцёўні адбудзецца своеасаблівае падарожжа па Беларусі. Выступяць на фэсце і прадстаўнікі ўсіх аддзяленняў СПБ. Будуць гучаць пранікнёныя радкі пра родную мову, хлеб, Бацькаўшчыну...

Паэт-песеннік Кастусь Цыбульскі падорыць песню-прысвячэнне «Сэрца вёскі маёй». У выкананні Людмілы Кебіч прагучыць аўтарская песня «Зялёны горад», у якой яна ўхваляе Маладзечна, горад, дзе вучылася. Творцы назапасілі і вясёлых вершаў ды мелодый, бо, як вядома, вёска — гэта яшчэ і скарбонка народнага гумару.

Удзельнікам паэтычнай гасцёўні стане таксама пераможца Мінскага абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» Вікторыя Дзільман, вучаніца сярэдняй школы No 2 г. Мар’іна Горка. У яе выкананні прагучыць верш Якуба Коласа «Мой дом».

 Выступленні паэтаў будуць суправаджаць танцавальныя калектывы г. Маладзечна. Асновай для відэараду стануць фотаздымкі члена СПБ Уладзіслава Цыдзіка, якія ён прадставіць з падрыхтаванай да выхаду кнігі «Бачу Беларусь такой».

Між іншым, вядучыя праграмы, як уласна і аўтары яе сцэнарыя, — вядомыя паэты, медыйныя персоны Таццяна Сівец і Навум Гальпяровіч.

Акрамя таго, Саюз пісьменнікаў Беларусі рыхтуе да Нацыянальнага фестывалю яшчэ адзін творчы сюрпрыз. У дзіцячай музычнай школе мастацтваў г. Маладзечна а 15 гадзіне паэты Мікола Мятліцкі, Кастусь Цыбульскі, Навум Гальпяровіч, Марыя Кобец і Уладзімір Цанунін прадставяць прэзентацыі родных мясцін, якія ўсё жыццё чаруюць іх дзіўнымі паэтычнымі вобразамі. «Спавітыя лёсам з Радзімай» — так гавораць пра сябе творцы і будуць рады бачыць на імпрэзе маладзечанцаў і гасцей.

Паэтаў запросіць у студыю і маладзечанскае тэлебачанне, каб далучыць да святочнай атмасферы Нацыянальнага фестывалю беларускай паэзіі і песні шырокае кола гледачоў.

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.