Вы тут

Памяці Арсеня Ліса


Пайшоў з жыцця выдатны вучоны-фалькларыст, літаратуразнаўца, пісьменнік Арсень Сяргеевіч Ліс. Яшчэ зусім нядаўна мы абмяркоўвалі з ім такія важныя для нас пытанні захавання архіўнай спадчыны пісьменнікаў, раіліся і атрымлівалі прафесійную кансультацыю па навуковым апісанні фондаў. Яго глыбокія веды гісторыі культуры, літаратуры, мастацтва давалі ўнікальную магчымасць беспамылкова вызначаць аўтарства тэкстаў, датаваць падзеі, анатаваць фотаздымкі. У асобе Арсеня Сяргеевіча мы страцілі вялікага сябра, шчырага працаўніка і дарадцу.


Арсень Ліс нарадзіўся 4 лютага 1934 г. у вёсцы Вётхава на Смаргоншчыне. Сярэднюю школу скончыў у Смаргоні ў 1951 г. і ў тым жа годзе паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Пасля сканчэння ўніверсітэта была праца настаўніка, метадыста, рэдактара Дзяржвыдавецтва БССР, навуковага супрацоўніка Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1965 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Народнапаэтычная творчасць Заходняй Беларусі (1919—1939)». У 1967 г. стаў сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першая публікацыя Арсеня Ліса «Мастак Павел Южык» з’явілася ў газеце «Літаратура і мастацтва» ў 1955 г. Ён даследаваў гісторыю культуры, літаратуры, навукі, вяртаў імёны забытых рупліўцаў творчай спадчыны Беларусі, пра якіх актыўна публікаваў артыкулы на старонках «Звязды», «Полымя», «Маладосці» і іншых перыядычных выданняў.

Ён шчодра збіраў і вывучаў каляндарна-абрадавы фальклор і пакінуў пранікнёныя аповеды пра іх носьбітаў. Арсень Сяргеевіч, таленавіты даследчык і вучоны, быў да таго ж паэтам — пісаў вершы, чаму не надаваў асаблівага значэння. У гонар стагоддзя «Нашай нівы» ў 2010 г. выйшаў збор яго твораў «Gloria victis», кніга «Арсень Ліс. Выбранае» пабачыла свет у 2014 г. у серыі «Беларускі кнігазбор».

А р с е н ь Сяргеевіч Ліс пакінуў нам багатую архіўную спадчыну, рупліва збіраную праз усё жыццё — упар а дка в а н у ю, апрацаваную. Такі няпросты клопат меў у апошнія гады жыцця — апісаць кожны дакумент свайго багатага збору і перадаць у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Ён назаўсёды застанецца ў нашай памяці светлым, шчырым чалавекам, сапраўдным інтэлігентам, вучоным, які так многа і самааддана працаваў на карысць Бацькаўшчыны.

Калектыў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.