Вы тут

Казка – у жыцці падказка


У Еўропе і ЗША кнігі для дзяцей і падлеткаў па папулярнасці знаходзяцца на другім месцы сярод іншых жанраў. Традыцыйна значную частку дзіцячай літаратуры складаюць казкі. Жыхарам нашай краіны асабліва пашчасціла: беларускія казкі вызначаюцца сюжэтнай разнастайнасцю. Па падліках айчынных даследчыкаў, каля 50 сюжэтных тыпаў беларускіх казак не маюць аналогій у міжнародных паказальніках казкавых сюжэтаў. Па колькасці казкавых сюжэтаў беларускі фальклор пераўзыходзіць рускі і ўкраінскі. Сёлета Беларусь як краіна, багатая на казкі, запрасіла навукоўцаў на Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі.


Па словах літаратуразнаўцы Івана Саверчанкі, «казкі — не толькі шэдэўр слоўнага мастацтва, але і духоўная сутнасць народа. Яны развіваюць фантазію, творчае мысленне, адлюстроўваюць светапогляд і лад жыцця нашых продкаў, злучаюць пакаленні».

У дзяцінстве творы гэтага жанру — магчымасць не толькі трапіць у чароўны захапляльны свет, але і навучыцца ацэньваць свае ўчынкі і асэнсоўваць рэчаіснасць. Дарослыя нярэдка пераказваюць ці перачытваюць вядомыя з дзяцінства казкі сваім дзецям, а потым — унукам і нярэдка здзіўляюцца незаўважаным раней падтэкстам і ідэям — што датычыцца як народных, так і літаратурных казак.

Яшчэ большую ролю адыгрывалі казкі ў мінулым — дзвесце і нават сто гадоў таму. Казка не толькі дапамагала выхоўваць і забаўляць дзяцей. Яна аб’ядноўвала сваякоў і аднавяскоўцаў, бо дзеці часта хадзілі да добрых апавядальнікаў слухаць казкі. Казкі любілі слухаць таксама дарослыя, прычым расказвалі іх як жанчыны, так і мужчыны: у дарозе, альбо познімі зімовымі вечарамі, калі дзеці ўжо спалі. Існавалі нават асобныя тыпы казак, якія расказвалі толькі дарослыя мужчыны. Як адзначае фалькларыст Алена Боганева, гэта былі героіка-фантастычныя казкі пра асілкаў-змеяборцаў, якія змагаюцца з варожымі сіламі. Пераважна да мужчынскага рэпертуару адносіліся казкі-анекдоты ды авантурнагумарыстычныя казкі, якія на захадзе Беларусі завуць «панскімі байкамі». Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя арцелі лесарубаў і рыбакоў заключалі дамову з казачнікам — каб той расказваў казкі, пакуль усе не заснуць.

У вёсцы ці ў леснічоўцы было адносна няшмат варыянтаў баўлення вольнага часу — і важна, што сяляне ды іншыя працаўнікі часта рабілі выбар на карысць тэкстаў традыцыйных, пачутых колісь ад бацькоў і дзядоў...

Удзельнікі этналагічных экспедыцый дагэтуль з захапленнем запісваюць казкі ад носьбітаў традыцыі. У беларускіх вёсках жывуць таленавітыя апавядальнікі, якія распавядаюць казкі, пачутыя ад суседзяў і старэйшых сваякоў, — пераказваюць традыцыйныя сюжэты, узнаўляюць інтанацыю, стылістычныя прыёмы... Маўленне карэнных вяскоўцаў мае рэгіянальныя асаблівасці — і такім чынам сёння можна пачуць даўнюю казку, якая гучыць амаль гэтаксама, як перадавалася колісь ад дзеда да ўнука, ад маці да дачкі. Удзельнікі форуму мелі ўнікальную магчымасць паслухаць казкі ад майстроў жанру: Соф’і Каток, бібліятэкара Людмілы Глухатарэнкі, краязнаўца Аляксандра Галкоўскага, музыказнаўцы Таццяны Цыбульскай — дачкі вядомай казачніцы Лідзіі Цыбульскай.

Развіццё грамадства прадвызначае змены кантэксту. Сёння амаль немагчыма сустрэць на вёсцы непісьменнага чалавека. Казачнікі, як правіла, цікавяцца сваім матэрыялам — і нярэдка чытаюць і запамінаюць літаратурныя казкі альбо народныя казкі іншых краін, а потым перадаюць іх вусна. Даследчыкі канстатуюць відавочны ўплыў пісьмовай традыцыі на вусную, а таксама імкненне казачнікаў да самавыяўлення, кантамінацыі традыцыйных і нетрадыцыйных сюжэтаў.

На працягу ХХ стагоддзя імкліва зменшылася колькасць камунікатыўных сітуацый, у якіх расказваюць казкі. Расказваць казкі не прынята ў дарослай кампаніі. Старажылы пакуль помняць творы кшталту «панскіх былічак», але не перадаюць. «Традыцыя пасіўная: існуе ў памяці, але не актуалізуецца, — падкрэслівае Алена Боганева. — Не збіраюцца вяскоўцы на попрадкі, вячоркі, каляндарныя святы, на якіх заўсёды гучалі казкі. Найчасцей казкі расказваюць дзецям. Бабулі чытаюць, а прабабулі менавіта расказваюць — і выбіраюць найперш кумулятыўныя, чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл. Самыя яркія казачнікі — вельмі сталых гадоў».

На жаль, у Беларусі нямала вёсак, куды амаль не прыязджаюць дзеці. І нават калі там ведаюць шмат казак, іх няма каму пераказваць. Даследчыкі пагаджаюцца, што казкі — традыцыя, якая адыходзіць. Казкі пераходзяць на іншы ўзровень перадачы: не жывое бытаванне, а пераемнасць у сям’і.

Пачытаць казку дзіцяці альбо расказаць яе па памяці? Для большасці гэта пытанне падаецца зусім не істотным, але для фалькларыстаў яно мае выключнае значэнне. Арыентацыя на вусны спосаб перадачы інфармацыі — вызначальная асаблівасць фальклору ў адрозненне ад літаратуры.

Так, прагрэс не спрыяе захаванню фальклорных традыцый. З аднаго боку, дзякуючы навукова-тэхнічным дасягненням народная казка застаецца з намі, у сучаснай культуры, надзейна захаваная на ўсемагчымых носьбітах. Выдаюцца кнігі народных казак, казкі можна лёгка знайсці ў інтэрнэце...

З іншага боку, казкі яшчэ доўга будуць расказвацца. Нярэдка здараецца, што пад рукой няма кнігі ці планшэта, а дзіця з задавальненнем паслухае займальную гісторыю. І тут свядомым бацькам варта пацікавіцца, якія казкі расказвалі на іх малой радзіме, альбо аднавіць у памяці беларускія казачныя сюжэты, якія будуць арганічна ўспрымацца сучаснымі дзецьмі.

Юлія ШПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».