Вы тут

Гаворка пра сучасную аўтарскую казку ішла на круглым стале


Аляксандр Лакотка, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: «Казка як жанр, і аўтэнтычная, і аўтарская, мае вялікае значэнне ў духоўнай культуры народа. Яна з маленства прывівае любоў да роднай мовы. Яшчэ ў казцы закладзены самыя высакародныя, самыя важныя традыцыі сямейных і грамадскіх адносін, якія скіраваны на выхаванне дабрыні, павагі да бацькі і маці, побытавых традыцый, станоўчага стаўлення да прыроды. Мы ведаем, што ёсць казкі для дарослых, казкі для тэатра. Наш кінематограф мае дасягненні ў анімацыі, прызнаныя ў свеце, дзякуючы нашай казцы».


Сяргей Давідовіч: «Званне казачніка вельмі высокае, таму што адказнасць неверагодная перад чытачамі, перад дзецьмі. Праз казку чалавек уваходзіць у свет дабра і зла. Што павінна быць у казцы? Цікавае, павучальнае і выхаваўчы падтэкст. Я — лаўрэат літаратурнай прэміі ў галіне кнігі для дзяцей і юнацтва, у маім зборы твораў у 10 тамах (праілюстраваным мной жа) 5-ы том складаюць толькі казкі... Казку немагчыма напісаць, калі няма дзяцінства ў душы».

Серж Мінскевіч: «Аўтарская казка каранямі сыходзіць у фальклор. Ці можа яна абыходзіцца без гэтага?»

Валерый Гапееў: «Фальклорныя вобразы сустракаюцца і ў зборніках аўтарскіх казак. У адным творы са зборніка “Адзін кот і адзін год” (2016) адбываецца аўтарская інтэрпрэтацыя вобраза Бабы Ягі. У аўтара казкі маці-персанаж ператварылася ў сумную Бабу Ягу, калі пра яе забыліся дзеці. І ў фальклоры Баба Яга па сутнасці добрая, бо дапамагае герою».

Тамара Бунта: «У казках трэба спалучаць павучальнасць, забаўляльнасць і выхаванне, гэтыя “тры кіты”. Якія бываюць хібы ў аўтарскай казцы? Калі павучальнасць — то аж да нудоты. Або бывае толькі забаўляльнасць. Няма ўдалага спалучэння ўсіх трох кампанентаў. Часам здаецца, што чалавек піша казку сам для сябе, з пазіцыі свайго ўзросту і не думае пра дзяцей. Я лічу, што аўтарская казка мае права на фантазію. Так, вобраз Бабы Ягі ў мультфільмах або фільмах адрозніваецца ад фальклорнага, і гэта добра».

Валерый Гапееў: «Фальклор — гэта база, падмурак нацыі. Мы не павінны гэту базу разбураць. Архетып павінен быць архетыпам».

Таццяна Мушынская: «Для таго, каб напісаць добрую казку, не трэба спяшацца, быць прыгнечаным, павінна быць вера ў справядлівасць, што дабро перамагае зло, калі ёсць крыху дзіцячае ўспрыманне рэчаіснасці. А калі чалавек занадта рэаліст, то яму нецікава ў гэтай жанравай прасторы. Шарль Перо пражыў доўгае жыццё, амаль 75 гадоў. А яго Спячая Прыгажуня, Папялушка, Чырвоны Каптурок як персанажы дагэтуль жывыя ў сучасным мастацтве (анімацыя, балет, музыка)! Яго сюжэты і персанажы абапіраюцца на вядомыя архетыпы... Я пачала пісаць казкі для сваіх дзяцей, але, друкуючы іх, зразумела, што ў грамадстве ёсць неабходнасць у казачных гісторыях пра сучасных дзяцей».

Алена Масла: «Аднойчы я выступала перад дзецьмі пра свае казкі і зразумела, што тыя дрэнна ведаюць беларускую мову, і таму добрага ўзаемапаразумення не адбылося. Сучаснай беларускай казцы не стае не толькі выдаўцоў, але і беларускамоўных чытачоў. Беларускія дзеці дрэнна ведаюць сваіх казачнікаў. Добрая казка павінна чапляць і дзяцей, і дарослых...»

Серж Мінскевіч: «Я размаўляў нядаўна з брытанскім даследчыкам Арнольдам МакМілінам, дык той сказаў, што не ведае, хто такі Карлсан. Затое англійскія дзеці ведаюць Віні-Пуха і персанажаў Беатрыкс Потэр...»

Алена Масла: «На экскурсіі ў Стакгольмскай бібліятэцы я спытала, чаму шведы не папулярызуюць рускія народныя казкі. На што мне адказалі: “Навошта нам трэба навязваць дзецям чужыя стэрэатыпы?” І нам трэба навучыцца, шануючы іншае, любіць сваё».

Тамара Бунта: «Я спытала ў дзяцей, якія рускія народныя казкі яны ведаюць і любяць. Яны назвалі “Рэпку”, “Калабка”, “Гусей-лебедзяў”, “Машу і мядзведзя”, “Трох мядзведзяў”. Нам трэба вызначыць дзесяць лепшых беларускіх фальклорных казак, каб дзеці іх ведалі (“Лёгкі хлеб”, “Піліпка-сынок” і інш.). Трэба іх выдаваць, каб у кнігарнях ляжалі, каб дзеці іх вывучалі ў школе. Тады яны палюбяць беларускія казкі».

Валерый Квілорыя: «Я раю казачнікам раскрываць гісторыю беларускіх слоў. Дзецям будзе цікава».

Серж Мінскевіч: «А дзе мяжа паміж казкай і фэнтэзі?.. У свеце фэнтэзі дзейнічаюць законы: фізічныя, навуковыя, гістарычныя, псіхалагічныя, часам невытлумачальныя. А казка можа гэты законы ігнараваць. Творы пра Карлсана, Пінокіа, Алісу ў краіне цудаў па замежнай тэрміналогіі з’яўляюцца фэнтэзі, па нашай — казкамі».

Антон Брыль: «Джэймі Уільямс сцвярджаў, што фэнтэзі было спачатку выдавецкім тэрмінам. Гэта спачатку выдаўцы ў 1970-х гадах зацікавіліся, што б ім прадаць на хвалі папулярнасці Толкіна».

Наталля Бучынская: «Галоўнае — каб і ў фэнтэзі, і ў казках можна было прасачыць логіку развіцця характару персанажаў, прычыну змены характару, унутраную работу герояў».

Галіна Пшонік: «Казка — гэта твой унутраны свет, які, ты спадзяешся, будзе цікавы дзецям. Трэба, каб было супрацоўніцтва паміж пісьменнікамі, літаратуразнаўцамі і навучальнымі ўстановамі. Трэба, каб аўтарскія казкі даходзілі да настаўнікаў, а тыя каб перадавалі гэта дзецям».

 Алена Масла: «Нядаўна ў Фэйсбуку быў змешчаны спіс літаратуры для чытання на лета пасля першага класа. Там было 17 пазіцый кніг на рускай мове і адна — беларускія народныя казкі».

Іван Саверчанка: «Варта скласці спіс з беларускіх казачнікаў, мы яго перададзім у Інстытут адукацыі. Яшчэ ідэя: скласці і выдаць анталогію сучаснай беларускай аўтарскай казкі. Літаратурная казка можа быць камерцыйным праектам».

Таццяна БАРЫСЮК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: З фантазіяй і намёкам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».