Вы тут

Рарытэты, экслібрысы і аўтографы Сыракомлі


У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі захоўваюцца прыжыццёвыя і пасмяротныя выданні беларускага і польскага паэта, драматурга, перакладчыка, літаратурнага крытыка і краязнаўцы Уладзіслава Сыракомлі, якія друкаваліся ў Вільні, Магілёве, Пецярбургу, Львове, Кракаве, Варшаве, Лодзі. Сярод іх ёсць вельмі рэдкія выданні з аўтографам пісьменніка і нават яго суперэкслібрысам.


У польскім, рускім і літоўскім друку Сыракомлю называюць «літоўскім лірнікам», «літоўскім паэтам», «песняром Літвы». У ХІХ стагоддзі паняцце «Літва» асацыіравалася з Вялікім Княствам Літоўскім, «літоўскімі» называліся Віленская, Гродзенская, Мінская губерні, а Віцебская і Магілёўская — «Белай Руссю». Літва Сыракомлі — гэта, перш за ўсё, беларускае Палессе з вёскай Смольгаў, дзе нарадзіўся паэт, гэта Капыльшчына, Нясвіжчына, Стаўбцоўшчына, дзе прайшла асноўная частка такога кароткага жыцця паэта. Пераезд з ціхага прынёманскага фальварка Залуча ў Вільню, а потым — у суседні з ёю фальварак Барэйкаўшчына спрыяў напісанню краязнаўчых прац. Як сцвярджаў даследчык творчасці паэта Уладзімір Мархель, твораў, тэматычна звязаных з этнаграфічнай Літвой, у Сыракомлі вельмі мала. Перш за ўсе гэта паэма «Маргер», якая распавядае пра барацьбу літоўскага народа з крыжакамі ў першай палове ХІV стагоддзя.

У фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца тры асобнікі паэмы «Маргер». Сярод іх — прыжыццёвае віленскае выданне 1855 г. і больш позняе варшаўскае 1903 г. На тых жа гістарычных падзеях, што апісваюцца ў паэме, заснаваная і аповесць «Дачка Пястаў», якая выйшла асобнай кнігай у віленскай тыпаграфіі Юзафа Завадскага ў 1855 г. Дарэчы, там быў змешчаны музычны твор польскага кампазітара, сябра паэта Станіслава Манюшкі «Паходная песня ліцвінаў» на словы У. Сыракомлі. Гэты твор — адзін з варыянтаў арыгінальнай старадаўняй песні.

Сярод іншых твораў У. Сыракомлі, да якіх пісаў музыку С. Манюшка (а гэта каля дваццаці песень), у бібліятэцы захоўваецца экзэмпляр першага выдання «Lirnik wioskowy» з аднайменнай песняй на верш У. Сыракомлі. Гэта віленскае выданне з друкарні Юзафа Завадскага, выйшла прыблізна ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. На адвароце тытульнага аркуша змешчаны верш-прысвячэнне з аўтографам Сыракомлі. Дванаццацірадковы верш паэт напісаў, на думку даследчыка Уладзіміра Мархеля, экспромтам падчас адной з літаратурна-музычных вечарын. На гэта паказваюць адна папраўка і непасрэднасць зместу: верш адрасаваны аднаму з прысутных на вечарынцы «добраму Фаўстыну» з просьбай прыняць падарунак ад прыхільнікаў ягонага таленту і памятаць пра сваё прызначэнне — граць на віяланчэлі. Пад вершам-прысвячэннем, напісаным рукой паэта, услед за Сыракомлем падпісаліся акцёры Віленскага тэатра Баляслаў Навінскі і Эміль Дэрынг, вядомы літоўскі пісьменнік Мікалай Акялевіч і іншыя. Калектыўны подпіс завяршаецца аўтографам Паўліны Кандратовіч, жонкі паэта. Верш-прысвячэнне Фаўстыну Лапатынскаму быў надрукаваны ў сёмым томе зборніка паэзіі У. Сыракомлі (1872 г.).

У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў захоўваецца яшчэ адзін нотны зборнік песень і балад пад агульнай назвай «Nad Nidą» («Над Нідай», музыка Станіслава Манюшкі), што выйшаў у віленскай друкарні Юзафа Завадскага. Выданне змяшчае сялянскія песні і балады на словы У. Сыракомлі, В. Вольскага, Я. Чачота. У зборніку — музычныя творы на тэксты вершаў У. Сыракомлі «Каласок», «Песня войта», «Перапёлка», «Вечаровая».

На музыку С. Манюшкі паэт напісаў лібрэта да оперы «Вешчы сон» (у трох актах). У бібліятэцы захоўваецца віленскае выданне 1854 г. з друкарні Ю. Завадскага, у якое, апрача лібрэта, увайшла прадмова У. Сыракомлі.

Тэма Літвы «гучыць» і ў гістарычна-краязнаўчых працах У. Сыракомлі: «Экскурсіі па Літве вакол Вільні» (1857 г.), «Манаграфія ракі Нёмана ад вытокаў да Коўна» (1861); у драме пра абарону Ольштына «Каспар Карлінскі» (1858 г.). Апошняя — з дарчым надпісам на авантытуле кнігі, якая была падорана рэдактарам гэтага выдання Паўліне Кандратовіч, жонцы паэта.

«Манаграфія ракі Нёмана ад вытокаў да Коўна» У. Сыракомлі ўвайшла ў выданне «Нёман ад вытокаў да вусця» (Вільна, 1861). У кнізе змешчаны звесткі па гісторыі, геаграфіі, «этнаграфіі наднёманскага народа». Напрыклад, аўтар распавядае пра тагачасны гандаль; пра асаблівасці побыту прынёманскіх гарадоў, мястэчак і вёсак, такіх як Даўгінавічы, Кручкі, Пясочнае, Стоўбцы, Залуча, Масты, Гродна і іншыя. У ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца два асобнікі гэтага выдання, адзін з іх — з Бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў. Пра гэта сведчыць гербавая пячатка з надпісам «Bibljoteka Ordynacji Nieświeżskiej» на тытульным аркушы кнігі.

У. Сыракомля падарожнічаў як па этнаграфічнай Літве, так і па беларускіх мясцовасцях. Плёнам гэтых экскурсій сталі два тамы дарожных нарысаў «Экскурсіі па Літве ў радыусе ад Вільні» (першы выйшаў у 1857 г., другі — у 1860 г.). Аўтар скрупулёзна апісвае помнікі гісторыі і культуры, якія сустракаліся яму ў дарозе, асаблівасці мовы, культуры ў той ці іншай мясцовасці, звесткі пра міграцыю і склад насельніцтва на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, побыт сялян і гараджан на беларуска-літоўскім паграніччы. Праўда, каштоўнасць кнігі, на думку даследчыка Кастуся Цвіркі, зніжаецца за кошт таго, што быт і культура літоўцаў у Сыракомлі паказаны вельмі павярхоўна. Але ж ёсць і тлумачэнне: аўтар апраўдваецца тым, што, не ведаючы літоўскай мовы, не мог размаўляць з літоўскім насельніцтвам, каб падрабязней пазнаёміцца з іх жыццём.

 Сыракомля некалькі разоў наведваў Польшчу. У выніку падарожжа па Варшаве, Вроцлаве, Кракаве, Познані і іншых гарадах паэт напісаў вершы і празаічныя нататкі, якія пасля яго смерці былі выдадзены У. Каратынскім у Варшаве асобнай кнігай пад назвай «Падарожжа сваяка па сваяцкай зямлі» (1914 г.). У «Падарожжы...» аўтар параўноўвае асаблівасці жыццёвага ўкладу палякаў, беларусаў і літоўцаў. Так, у раздзеле «Розніца паміж Каронай і Літвой» ён сцвярджае, што «тут, на польскім баку Нёмана, усё не такое, як у нас...».

У ЦНБ НАН Беларусі ёсць два ўладальніцкія экзэмпляры гэтага выдання з экслібрысамі літоўскага дзяржаўнага і культурнага дзеяча, гісторыка, літаратара Міколаса Біржышкі (1882—1962) і бібліятэкара, бібліёграфа, гісторыка культуры, краязнаўцы Міхаіла Брэнштэйна (1874—1938).

Нотнае выданне песні «Лірнік вясковы» на аднайменны верш У. Сыракомлі (музыка С. Манюшкі).

Свае матэрыялы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі У. Сыракомля змяшчаў і ў перыядычных выданнях. У фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца віленскі часопіс «Teka Wileńska» (1857, No 1, 2), дзе надрукавана яго манаграфія, прысвечаная гісторыі горада Мінска. Над гэтым творам паэт працаваў працяглы час — з 1853 да 1859 гг. У «Teke Wileńskiej» была надрукавана толькі адна частка апісання Мінска (паводле сведчання жонкі паэта Паўліны Кандратовіч). Другая частка засталася ў рукапісным варыянце. У першай частцы пад назвай «Агульны погляд на сучасны стан Мінска» аўтар апісвае асобныя мясціны горада — мінскія касцёлы і цэрквы, іх інтэр’еры; падае звесткі пра гандаль, стан асветы, заняткі жыхароў горада, медыцынскае абслугоўванне мінчан, культурнае жыццё. У раздзеле «Даследаванне над даўнімі крывічамі» аўтар падае арыгінальную інтэрпрэтацыю міфалогіі, звычаяў, побыту продкаў беларусаў. Свае высновы даследчык зрабіў паводле ўласных назіранняў і даследаванняў вераванняў, паданняў, песень, звычаяў і абрадаў («Каляды», «Купалле», «Дзяды», «Дажынкі» і г.д.) беларускага народа.

У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца дзесяцітомнае варшаўскае выданне (1872 г.) твораў У. Сыракомлі, куды ўвайшлі і лібрэта да оперы «Маргер» (1853), і драматычны твор «Хатка ў лесе» (1855), і верш «Ілюмінацыя» (1856), адзін з найбольш яскравых, на які звяртала асаблівую ўвагу цэнзура. Дарэчы, гэты верш пераклаў на рускую мову Васіль Быкаў. У кожным томе многа штампаў, сустракаюцца і экслібрысы, якія сведчаць аб прыналежнасці экзэмпляра ўладальніку. Напрыклад, у чацвёртым і сёмым тамах на форзацах кніг змешчаны гербавы экслібрыс Міхаіла Станіслава Корвін-Касакоўскага (1883—1962), графа, уладальніка маёнтка Нідока ў Ковенскай губерні. Ці, вось яшчэ, на тытульным аркушы восьмага тома ўладальніцкі штамп з кнігазбору ксяндза Юстына Сямашкі. Прысутнічаюць таксама штампы бібліятэк: Азербайджанскай цэнтральнай дзяржаўнай бібліятэкі, Бібліятэкі Дома Польскага ў Баку, Бібліятэкі польскай гімназіі ў Коўне, Бібліятэкі Самагіцкай семінарыі («Seminarii Samogitiensis»).

У ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца першы том двухтомнага выдання выбраных вершаў (Масква, 1879 г.) У. Сыракомлі ў перакладах на рускую мову Д. Мінаева, Л. Пальміна, М. Пятроўскага, Л. Мея, П. Вейнберга. Гэты зборнік — прысвячэнне Сяргею Андрэевічу Юр’еву (1821—1888), вядомаму рускаму літаратурнаму дзеячу XIX стагоддзя. Тэматыка змешчаных у першым томе вершаў цесна звязана з беларускім народным побытам.

У бібліятэцы захоўваюцца восем асобнікаў паэмы «Дабрародны Ян Дэнбарог», якія выйшлі ў Варшаве, Лодзі, Кракаве, Вільні, Львове. Самы ранні быў надрукаваны на польскай мове ў Пецярбургу (1854 г.). Самы позні асобнік — у віленскай тыпаграфіі «Зніч» (1928 г.). Кніга аздоблена дзевяццю гравюрамі з малюнкамі вядомага мастака Міхала Эльвіра Андрыёлі.

 Творчасць У. Сыракомлі высока ацэньваў Максім Багдановіч. У сваім артыкуле «Белорусское возрождение», надрукаваным асобным адбіткам з часопіса «Украинская Жизнь» (Масква, 1916 г.), ён зазначыў, што гэты «богато одаренный... поэт... известный исключительно своими польскими произведениями... много писал и по-белорусски, но не мог закрепить в печати эту последнюю сторону своего творчества (за исключением революционного стихотворения “Заходзіць сонцэ”). Все его белорусские рукописи и поныне ждут своего издателя. Киркор указывал, что песни Сырокомли теперь поются в Белоруссии наряду с народными». У 1914 г. сын беларускага пісьменніка, перакладчыка Вінцэнта Каратынскага (у 1850—1862 гг. ён быў сакратаром У. Сыракомлі) Уладзіслаў перадаў у набор рукапісны варыянт неапублікаваных раней твораў паэта. Але ж гэтыя творы так і не былі надрукаваныя і, верагодна, згінулі падчас Варшаўскага паўстання 1944 г.

Трэба звярнуць увагу на яшчэ адно выданне, якое мае непасрэднае дачыненне да У. Сыракомлі. У кнігасховішчы аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца рарытэт — кніжка камедый Аляксандра Варановіча, выдадзеная ў Вільні ў 1857 г. Гэты экзэмпляр — з кнігазбору пісьменніка, на вокладцы выціснуты суперэкслібрыс «Władysław Syrokomla». У кнізе таксама дарчы надпіс аўтара, адрасаваны У. Сыракомлю. Пра кнігазбор пісьменніка многа пісалі вядомыя беларускія даследчыкі, у тым ліку А. Мальдзіс, Г. Кісялёў, У. Мархель, К. Цвірка і інш. У. Мархель адзначыў, што ў кнігазборы У. Сыракомлі сустракаліся кнігі з яго суперэкслібрысам. І адна з іх трапіла да нас у бібліятэку.

Алена ДЗЕНІСЕНКА, навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».