Вы тут

Рэцэпты добрага настрою


Сёння часта можна пачуць жартаўлівае: «Я ўдзячны Гуглу за маю адукацыю». І сапраўды, словы «загугліць», «адгугліць» і вытворныя ад іх сталі такімі частаўжывальнымі, што, мабыць, надышоў час прапісваць іх у беларускіх слоўніках. Вядома, могуць быць нараканні з боку старэйшага пакалення, для вушэй якога гэта гучыць нязвыкла. А можа, і не будзе? Напрыклад, Мікола Чарняўскі, які зусім нядаўна адзначыў 75-гадовы юбілей, імкнецца ісці насустрач сучасным тэндэнцыям і назвай новай кнігі сатыры і гумару пацвярджае: «У інтэрнэце ёсць усё» («Мастацкая літаратура», 2017).


У кнігу ўвайшлі як творы з папярэдніх зборнікаў аўтара, так і новыя вершы, апавяданні і афарызмы. У своеасаблівай паэтычнай прадмове аўтар звяртаецца да чытача з пажаданнем часцей смяяцца, бо менавіта смех — найлепшыя лекі і сродак падаўжэння жыцця. У невялікіх паводле памеру вершыках разгортваецца часам цэлы сюжэт, варты сцэнічнага ўвасаблення. Мікола Чарняўскі заўсёды ўважлівы да дэталяў (мянушкі, звычкі, адметныя рысы ў знешнасці і маўленні), а таму вобразы герояў паўстаюць перад намі ў яркіх фарбах.

Праўда, назва кнігі і аднайменнага верша аспрэчваюцца аўтарам: усё ды не ўсё ёсць у інтэрнэце. Так, там любы чалавек знойдзе багата спосабаў бавіць вольную часіну і кантактаваць з іншымі людзьмі, аднак не знойдзе сапраўдных, жывых пачуццяў і... таго, што можна з’есці на абед у рэальнасці, а не ў віртуальнай гульнёвай прасторы. Прынамсі, галоўных герояў верша — бабулю і дзядулю, якія набылі ўнуку камп’ютар, засмучае найперш менавіта гэта.

Падманна гучыць і назва сатырычнага апавядання «Шалёная любоў»: гаворка вядзецца тут зусім не пра залёты, а пра спосабы афармлення інтэр’еру. Герой меў шалёную любоў да кніг з прыгожымі «карэньчыкамі», якія так шыкоўна, эстэтычна напаўнялі мэблю ў новай кватэры. Але ўнук, які ўсё сваё шчасце знаходзіць усё ў тым жа злавесным інтэрнэце і кампаніі аднагодак, частку калекцыі прадаў аматару кніжных рарытэтаў, а частку папросту здаў у макулатуру. Праўда, дзядуля атрымаў кампенсацыю — таксама «калекцыю» — у выглядзе пляшак піва розных гатункаў.

Ёсць у зборніку творы, дзе іранічна асэнсоўваюцца творчыя пакуты. «Не пячы вершы, як аладкі, — апячыся можна!» — папярэджвае аўтар. Цікава толькі, хто апячэцца: чытач, які такую гарачую аладку схопіць, ці сам «кухар»? А для таго, каб творчы працэс усё ж не быў паспешлівы, Мікола Чарняўскі прапаноўвае вярнуць творцам гусінае пяро, бо пішацца ім не так хутка, як на клавіятуры.

Калі ў вершаваных творах пісьменніка, адрасаваных пакаленню дзяцей і ўнукаў, часта гучаць строгія павучальныя ноткі (ушчуванні за доўгае «гібенне» за камп’ютарам), то ў празаічных аповедаў і абразкоў — зусім іншая танальнасць. У сваім імкненні сцвердзіць каштоўнасць рэальнага насуперак віртуальнаму Мікола Чарняўскі трапляе ў адмысловую пастку. Відаць, што сярод вясковых дзівакоў і дасціпных кабет, здольных пешкі дайсці ў горад, каб замовіць у атэлье фатаграфію ўласнай дулі (падарунак зяцю, што кінуў дачку з маленькім дзіцем), пісьменнік пачуваецца вельмі ўтульна. Аднак усе шыкоўна ўвасобленыя вясковыя сцэны сёння ўжо таксама віртуальная рэальнасць.

Крыху самоты, сцішаная радасць, светлы сум і шчымлівы боль — усё гэта ёсць у раздзеле «Вяселле ў Налібоках, альбо Не ўсё смачнае, што з маслам». Мікола Чарняўскі нібы вяртаецца ў сваю родную вёску, шпацыр па вуліцах якой цяпер можна здзейсніць толькі ў памяці, і аднаўляе для чытача незабыўныя карціны, твары, галасы, жыццёвыя гісторыі і, вядома, жарты. Часам гэта проста падслуханыя дыялогі альбо трапнае выслоўе, а часам — па-майстэрску адноўленая сцэна штодзённасці беларускай вёскі: з характэрным маўленнем, побытам і ладам мыслення. Самае каштоўнае ў гэтым нават не тое, што пісьменнік дае нам магчымасць усміхнуцца альбо і пасмяяцца ўдосталь, а тое, што, апісваючы жыццёвыя прыгоды вяскоўцаў той пары, нібыта хаця б на кароткі момант дазваляе чытачу паглядзець на свет, сутнасць чалавечых стасункаў вачыма нашых папярэднікаў. Бо разам са зменамі ў знешнім уладкаванні жыцця змяняецца і светаўспрыманне, таму, напрыклад, творы Лукаша Калюгі нашаму сучасніку могуць быць незразумелыя: гэта ўжо цалкам іншы свет і нават іншая мова. Мікола Чарняўскі ў сваіх празаічных абразках стварае вось такі па-калюгаўску аўтэнтычны свет. І ў яго верыш, бо кожнае слова на сваім месцы і кожны герой прамаўляе сваім, а не аўтарскім голасам.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.