Вы тут

У Гродне чарговы раз «прызямліўся» фестываль нацыянальных культур


У канцы мінулага тыдня горад над Нёманам быў напоўнены пярэстымі фарбамі і разнастайнымі гукамі.
У Гродне ўжо 12-ы раз сабраліся прадстаўнікі 35 нацыянальнасцяў, менавіта тут можна было пазнаёміцца з іх традыцыйнымі ўборамі, песнямі, танцамі, стравамі і напоямі, якія размясціліся на 19 падворках. Кожная такая пляцоўка на час фестывалю стала гастранамічным раем і культурным міні-цэнтрам.


УСЕ — удзельнікі

У афіцыйных мерапрыемствах свята прымалі ўдзел намеснікі прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко і Анатоль Калінін, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Жаўняк, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка, міністр культуры Юрый Бондар, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і іншыя паважаныя госці.

— Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур прымае людзей, якія шануюць свае культурныя традыцыі, паважаюць агульначалавечыя каштоўнасці, жывуць з людзьмі розных нацыянальнасцяў у міры ды згодзе, — падкрэсліў падчас адкрыцця Уладзімір КРАЎЦОЎ. — А мэта нашага фестывалю — паказаць, што ў Беларусі людзі розных нацыянальнасцяў жывуць у ладзе з усімі. Гэта трэба цаніць і берагчы.

На думку арганізатараў, галоўная каштоўнасць фестывалю ў тым, што тут няма гледачоў — усе ўдзельнікі. А паўдзельначаць сёлета сюды прыехала больш за 250 тысяч чалавек, якія з цікавасцю наведалі шматлікія фестывальныя пляцоўкі, пачаставаліся смакоццямі і галоўнае — на свае вочы ўбачылі, што фестываль — гэта своеасаблівы гарант міжнацыянальнага сяброўства. Дарэчы, міністр культуры Беларусі Юрый БОНДАР у сваёй прамове таксама адзначыў, што фестываль у Гродне — гэта сапраўднае свята дружбы і нацыянальнага адзінства ў нашай краіне.

Пазнаёміцца з гэтым яскравым прыкладам дзяржаўнай палітыкі ў фестывальны Гродна прыехалі і бязвізавыя турысты, якія ўпершыню атрымалі такую магчымасць. Па падліках турыстычных арганізацый, у горад над Нёманам на святочны ўік-энд прыехала больш за 2,5 тысячы турыстаў без віз з 19 краін свету: ад ЗША да Японіі. А паглядзець, сапраўды, было на што!

Смачныя грузінскія горы

«Гаспадары» грузінскага падворка грунтоўна падрыхтаваліся да свята: акрамя традыцыйных хачапуры і чурчхелы, гасцей чакала 300 літраў вінаграднага напою, а яшчэ — 17-кілаграмовы торт вялізных памераў, беласнежную паверхню якога ўпрыгожылі крэмавыя вінаграднікі і горныя храбты. Праўда, дэсерт выконваў хутчэй функцыю твора мастацтва, а творы мастацтва дэгустацыі не падлягаюць. Музычная праграма адлюстравала ўсю шырыню грузінскай душы: традыцыйныя песні чаргаваліся з хітамі Валерыя Меладзэ, якія, мабыць, таксама паспелі стаць нацыянальным здабыткам. Тых, хто зазірнуў на сонечны ўкраінскі падворак, радавалі салам, пампушкамі, «Чырвонай Рутай» і кавер-версіямі песень гурта «Акіян Эльзы». Прадстаўнікі малдаўскай дыяспары, касцюмы якім падарыла сама першая лэдзі Рэспублікі Малдова Галіна Дадон, частавалі наведвальнікаў галубцамі ў вінаградным лісці, прадстаўнікі Азербайджана — пловам і салодкімі прысмакамі. Акрамя таго, цікавінкай гэтага падворка стала магчымасць пайграць на нацыянальных музычных інструментах. Такі шанц атрымалі яшчэ і тыя, хто наведаў «тэрыторыю» Ізраіля. Праўда, каб «утаймаваць» шафар — выгнутую трубу з натуральнага рога — спатрэбіліся немалыя намаганні, і далёка не кожны дарослы мужчына змог справіцца з гэтай задачай. На казахскім падворку ўвагу гасцей прыцягнула адна з нязменных забаў любой нацыянальнай урачыстасці або свята — алтыбакан. Згодна з традыцыямі качавых народаў Сярэдняй Азіі, на такіх арэлях, збудаваных з шасці жэрдак, моцнай перакладзіны і трох вяровак, часцей за ўсё парамі гушкаліся юнак і дзяўчына, а сама забава з'яўляецца сімвалам маладосці, вясны, першых знаёмстваў і светлых пачуццяў.

Наведвальнікам падворкаў прапанавалі ўсё самае цікавае, што ёсць у кожнага народа. Але галоўнае, што можна было знайсці і адчуць у любой кропачцы, у любым куточку фестывалю, — сапраўдную гасціннасць.

Культурны цэнтр і фестывальная дыярама

Наогул, Гродна ў гэтыя дні было багатае не толькі на турыстаў, але і на шматлікія адкрыцці. Так, побач з тэатрам лялек з'явілася механічная дыярама, за шклом якой па 12 хвілін доўжацца лялечныя «выступленні». Кожны дзень 12 «артыстаў» у нацыянальных строях будуць кружыць у танцы і на працягу года выконваць ролю сімвала-напаміна аб шматнацыянальным свяце для турыстаў і гараджан.

Акрамя таго, на ўзбярэжжы Нёмана з'явілася прыгожая аглядная пляцоўка, а побач з замкамі — помнік Давыду Гарадзенскаму.

У межах фестывалю на вуліцы Тэльмана адкрыўся культурны цэнтр «Фестывальны», дзе размясціліся адразу два музеі, арт-кафэ, сувенірная крама і зала для выставак. Галоўная адметнасць цэнтра — ён дазваляе апынуцца, няхай і віртуальна, на фестывалі нацыянальных культур у любую пару года. Дарэчы, ён стане тым месцам, дзе сваю культуру і традыцыі змогуць паказваць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, што жывуць у Беларусі.

На першым паверсе знаходзіцца музей архітэктуры Гродна, галоўная адметнасць якога — макет мініяцюрнай цэнтральнай часткі горада, дзе адчуваецца сімбіёз эпох: ад старажытнасці да сучаснасці. Інтэрактыўныя тэхналогіі дазваляюць уявіць, якім быў горад у розныя часы, убачыць галоўныя яго славутасці. На другім — зноў жа з дапамогай сучаснага абсталявання — можна літаральна адчуць атмасферу свята і зазірнуць на нацыянальныя падворкі.

«Хто паспеў — той і з'еў»

Між іншым, сёлета фестываль упершыню пашырыў свае межы: на трэці дзень ён перамясціўся на Аўгустоўскі канал, які таксама ўваходзіць у бязвізавую зону. Тут адбыліся розныя цікавыя мерапрыемствы: ад конкурсаў па хуткасным з'яданні сасісак да beer-стартаў. А яшчэ тут вучыліся побытавым танцам — у чым дапамаглі майстар-класы.

Адзначым, што больш за 20 гадоў свайго існавання фестываль нацыянальных культур у Гродне стаў сапраўдным брэндам старажытнага горада і сёння вядомы далёка за яго межамі. Гродзенскі фестываль па маштабе, шчырасці, атмасферы духоўнага яднання адкрыта дэманструе ўсё тое, што нясе ў сабе кожная нацыя. Фестываль, які «прызямліўся» ў Гродне, на працягу года сімвалізуе захаванне шматвекавых традыцый розных народаў, якія жывуць у згодзе ў Беларусі, шануюць і паважаюць адзін аднаго.


Да тэмы

У межах шматнацыянальнага свята ў Гродне ў адзінай у Беларусі лютэранскай кірсе прайшоў канцэрт джазавай арганнай музыкі. Пісьменнікі розных нацыянальнасцяў абмеркавалі актуальныя пытанні творчасці за круглым сталом, на семінары ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы навукоўцы параўналі гучанне мастацкіх тэкстаў у арыгінале і ў перакладзе. На Алеі сяброўства ў Каложскім парку прадстаўнікі кітайскай, лацінаамерыканскай, латышскай і арабскай дыяспар высадзілі новыя дрэвы: кедр, чырвонае дрэва, ліпу і акацыю.

Вольга АНУФРЫЕВА, Алена КАРПЕНКА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Яшчэ больш здымкаў глядзіце тут

Выбар рэдакцыі

Культура

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

На гэта свята асаблівым чынам спажываюць розную садавіну, запіваючы келіхамі добра разбаўленага віна.

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».