Вы тут

Час для пераасэнсавання


Гэтымі днямі, акурат да 70-гадовага юбілею першага беларускага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, завяршылася двухгадовая праца над беларускамоўным выданнем творчага плёну пісьменніцы. Сімвалічна, што першае поўнае выданне ўсіх кніг Святланы Алексіевіч без цэнзарскіх правак ажыццёўлена менавіта на беларускай мове.


Краўдфандынгавая кампанія па зборы сродкаў на выданне, ініцыяваная кнігарняй «Логвінаў» і запушчаная на сайце Ulej.by, сталася паспяховай адпачатку: урэшце сабралі ў пяць разоў болей за неабходную суму, што толькі пацвердзіла актуальнасць падобнага выдання для нашых сучаснікаў. У пяцікніжжа «Галасы ўтопіі» ўвойдуць «У вайны не жаночы твар» (1985 г.: жаночы погляд на ваенныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і вайны як з’явы ўвогуле; пераклад Валянціна Акудовіча), «Апошнія сведкі» (выданне 1985 г. мела падзагаловак «Сто недзіцячых расповедаў»: пра вайну расказваюць дзеці; пераклад Барыса Пятровіча), «Цынкавыя хлопчыкі» (1989 г.: пра падзеі ў Афганістане ў 1979—1989 гг.; пераклад Андрэя Хадановіча), «Чарнобыльская малітва» (1997 г.: галасы сведкаў Чарнобыльскай катастрофы; пераклаў Уладзімір Алоў), «Час second-hand» (2013 г.: маналогі пра жыццё пасля распаду СССР; пераклад Сяргея Дубаўца).

 Нягледзячы на тое, што мова творчасці для Святланы Алексіевіч руская, гучаць на роднай мове для яе вельмі важна. І важна не толькі для самой пісьменніцы, але і для ўсіх нас: без гэтага скарбонка нацыянальнай літаратуры, адзначанай прэміяй такога ўзроўню, будзе няпоўнай. Гаворка тут вядзецца не проста пра даступнасць тэксту, бо мова — не толькі спосаб перадачы інфармацыі, але яшчэ і магчымасць сцвердзіць сваю адметнасць у шматмоўным міжнацыянальным кантэксце.

Наталля НАРУТОВІЧ


Сярод тых, хто падтрымаў выданне, — « Б е л г а з п р а м б а н к » , які вылучаецца культурнымі ініцыятывамі ў розных галінах мастацтва.

Старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка адзначыў:

— Рэалізацыя гэтага праекта дае нам шанц не паўтараць памылкі мінулых гадоў, калі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры не прызнавалі і асуджалі ў іх роднай краіне (СССР. — Заўв. рэд.), а наступныя пакаленні перад імі каяліся і іх работы ўключаліся ў школьныя праграмы (Бунін, Пастарнак, Салжаніцын, Бродскі). Мы перакананыя, што любая краіна і яе народ павінны ганарыцца дасягненнямі ў інтэлектуальнай сферы не менш, чым у спорце і ў працы. Таму мы хочам, каб цяперашняе і будучыя пакаленні беларусаў мелі магчымасць далучыцца да высокіх узораў пісьменнасці ў любым месцы незалежна ад тэхнічных магчымасцяў.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.