Вы тут

Міністэрства адукацыі і МТС прадоўжаць сумесныя адукацыйныя праекты


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і кампанія МТС маюць намер прадоўжыць сумесныя адукацыйныя праекты. Адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі міністр адукацыі Ігар Карпенка і генеральны дырэктар МТС Уладзімір Карповіч.


Сімвалічна, што заключэнне пагаднення адбылося ў Дзень абароны дзяцей, бо адзін з самых пазнавальных сумесных праектаў МТС і Міністэрства адукацыі — «Дзеці ў інтэрнэце». Навучанне бяспечным паводзінам у сеціве за два гады прайшлі 8,5 тысячы малодшых школьнікаў ва ўсіх рэгіёнах краіны. У гэтым годзе праект трансфармаваўся ў інтэрактыўную выстаўку, якую анансавалі на TІБO-2018. У поўным фармаце яна адкрыецца восенню ў Мінску. Плануецца, што затым інтэрактыўная выстаўка працягне сваю работу ў кожным з абласных цэнтраў.

Яшчэ адзін сацыяльна важны і цікавы праект — «Адказныя паводзіны настаўнікаў у сеціве», мэта якога — дапамагчы педагогам карэктна і без рызыкі для сваёй рэпутацыі кантактаваць з вучнямі ў інтэрнэце. Надзвычай важна, каб вобраз настаўніка ў класе і ў сацыяльных сетках супадаў. Навучанне этыцы паводзінаў у інтэрнэце ўжо прайшлі больш як 800 педагогаў.

У рэспубліканскім конкурсе «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу», які праводзіцца кампаніяй МТС сумесна з Міністэрствам адукацыі сярод старшакласнікаў і студэнтаў ВНУ, удзельнічалі летась больш як 150 інавацыйных праектаў. З іх было выбрана 20 найлепшых, якія могуць укараняцца ў навучальна-выхаваўчы працэс, а іх аўтары атрымалі прызы ад МТС і партнёраў конкурсу.

Яшчэ адно добрае пачынанне, якое атрымае працяг у гэтым годзе, — арганізацыя ІТ-курсаў для школьнікаў у летніх аздараўленчых лагерах. У 2017 годзе такі ІТ-лагер працаваў на базе дзіцячага лагера «На ростанях» у Мінскім раёне, дзе спецыялісты Адукацыйнага цэнтра ПВТ навучалі праграмаванню гульняў на мове Scratch больш як 40 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў. Усяго за час працы лагера школьнік стварылі больш як 300 уласных праектаў.

Пасля падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве міністр адукацыі Ігар Карпенка расказаў журналістам аб прыняцці рашэння стварыць сектаральны савет па ІT-адукацыі. «Цяпер фарміруецца яго склад, прапрацоўваем план работы. У рамках гэтага савета мы сур'ёзна паглядзім на змест ІT-адукацыі — як прафесійнай, так і школьнай», — падкрэсліў Ігар Карпенка. Савет ствараецца на базе Міністэрства адукацыі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Парка высокіх тэхналогій. Яго члены прааналізуюць навучальныя планы, праграмы па гэтым кірунку, у цэлым змест работы. «Магчыма, ёсць сэнс адмовіцца ад жорсткага навучальнага плана па курсе інфарматыкі ў сярэдняй школе. Можа быць, варта выпрацаваць нейкі спіс кампетэнцый, якімі павінен валодаць навучэнец, што заканчвае агульную сярэднюю школу», — адзначыў міністр.

Па словах Ігара Карпенкі, сектаральны савет павінен адыграць важную ролю ў набліжэнні зместу адукацыі да ІT-сектара. Міністр адзначыў, што ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі закладзена такое паняцце, як прыкладны навучальны план. Гэта дазволіць самой ВНУ карэктаваць змест адукацыі з улікам пажаданняў канкрэтных арганізацый — заказчыкаў кадраў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Кібербяспека + інфармацыйная адукаванасць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...