Вы тут

Абазінскі перакладчык Янкі Купалы


У новым выданні калектыўнага перакладчыцкага зборніка «А хто там ідзе? на мовах свету» адным з першых змешчаны пераклад на абазінскую мову. Перакладчык — Пасарбі Цэкаў.


Спярша колькі слоў пра тое, што ж за народ абазіны. Усяго іх цяпер у свеце налічваецца 68 000 чалавек. У Расійскай Федэрацыі — 43 341. Гэта калі меркаваць па перапісе 2010 года. Жывуць абазіны ў асноўным у Карачаева-Чаркесіі. Болей як 36 тысяч чалавек. Ёсць і асобны Абазінскі раён, дзе жыве болей як 14 тысяч абазінаў. І яшчэ каля 10 тысяч прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці — у самім Чаркеску. Абазіны размаўляюць на абазінскай мове.

Што да Пасарбі Цэкава, то ён лічыцца першым ці адным з першых прафесійных абазінскіх пісьменнікаў. Нарадзіўся паэт 1 верасня 1922 года ў ауле Інжы-Чукун Хабезскага раёна на той час Карачаева-Чаркескай аўтаномнай вобласці. У 1926 годзе сям’я будучага літаратара пераехала ў Малаабазінку. Пасарбі Цэкаў закончыў сямігодку. І паступіў у Чаркескае педагагічнае вучылішча. У 1939 годзе, пасля заканчэння вучобы, пачаў працаваць у газеце «Чэркес капшч», якая выходзіла на абазінскай мове. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Быў паранены.

Пасля Вялікай Айчыннай працаваў настаўнікам. Быў і дырэктарам школы ў Таланце. З 1959 года літаратар ізноў на журналісцкай працы. У 1961 годзе пісьменніка прызначылі рэдактарам аддзела Карачаева-Чаркескага абласнога радыёвяшчання.

У 1967 годзе Пасарбі Цэкаў закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве. Пасля гэтага зноў працаваў у газетах, на радыё, у абласным Саюзе пісьменнікаў. У 1980 па хваробе пакінуў працу. Памёр абазінскі пісьменнік 14 снежня 1984 года. І пахаваны ў ауле Малаабазінка.

Першым творчым досведам П. Цэкава стаў пераклад на абазінскую мову верша А. С. Пушкіна «Зімовы сад». І было гэта яшчэ ў 1936 годзе. А ў 1939 годзе адбылася публікацыя першага арыгінальнага верша абазінскага літаратара — «Сталінская канстытуцыя». Сярод кніг Пасарбі Кучукавіча — вершаваныя зборнікі «Подзвіг камсамольца» (1958), «Прыкметы часу» (1969), «Сэрца не ведае забыцця» (1972). У 1962—1965 гг. пабачылі свет дзве часткі рамана абазінскага літаратара «Казма». А ў 1967 годзе — аповесць «Помста горнага аула». На рускай мове выдадзены зборнік вершаў П. Цэкава «Мой таварыш» (1957, Чаркеск).

У вёсцы Грушаўка ў 1992 годзе імем Пасарбі Цэкава назвалі сярэднюю школу.

Такая вось біяграфія ў абазінскага перакладчыка неўміручага верша Я. Купалы «А хто там ідзе?». Шкада, што жыццяпіс Пасарбі Цэкава не стаў падставай для невялікага персанальнага артыкула ў энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» (1986 год). Хаця пра іншых перакладчыкаў там падрабязна расказваецца. Але сітуацыю можна выправіць. Зараз пачалося выданне персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала» ў трох тамах. Пакуль што пабачыў свет толькі першы. Будзем спадзявацца, што артыкул пра П. Цэкава для гэтай энцыклапедыі ўсё ж нехта напіша.

І ўвогуле наспела, відаць, патрэба ў музейнай выстаўцы ў гонар перакладчыкаў верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовы народаў свету. Каму, як не нам самім, беларусам, адзначыць сяброў беларускай літаратуры, усіх, хто спрычыніўся да перастварэння лепшых узораў нашага прыгожага пісьменства?!.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.