Вы тут

Кітайскі досвед для беларускай ІT-сферы


Кірыл Руды расказаў пра асаблівасці развіцця інфармацыйных тэхналогій Паднябеснай і пра тое, на што магчыма арыентавацца беларусам.

У канцы ХХ стагоддзя структурныя эканамічныя рэформы далі свету «Кітайскі цуд». Дзякуючы доўгаму перыяду ўстойлівага росту ВУП Кітаю ўдалося стварыць сучасную прамысловасць, удасканаліць інфраструктуру, новыя вытворчасці. Сёння эканоміка Кітая па ўзроўні ВУП з'яўляецца другой пасля ЗША. У КНР таксама зрабілі і вялікі рывок у развіцці ІT-сферы. На думку Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудага, беларускім распрацоўшчыкам ёсць на што арыентавацца. Маючы васьмігадовы вопыт жыцця ў Кітаі, ён расказаў на міжнародным форуме «ТІБО-2018», які нядаўна прайшоў у Мінску, у якую будучыню рухаецца інфармацыйная трансфармацыя Паднябеснай і на які яе вопыт варта больш уважліва глядзець у Беларусі пры пераходзе да лічбавай эканомікі.


Bіg dаtа для вялікай краіны

На думку пасла, кітайская мадэль развіцця ІT-індустрыі ўнікальная і супярэчлівая адначасова. З аднаго боку, можа скласціся ўражанне, што ў Кітаі сайты і сацыяльныя сеткі жорстка кантралююцца. З другога боку, гучаць захопленыя водгукі, што ў Паднябеснай усё прадумана, хутка, мноства ІT-паслуг і прадуктаў.

Нягледзячы на гэта, Кірыл Руды адзначыў, што Кітай — ІT-краіна, якая хутка расце. Колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў у Паднябеснай складае 773 мільёны чалавек. Кожны месяц яна расце на колькасць усіх інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі. Асноўным напрамкам працы ў ІT з'яўляецца апрацоўка bіg dаtа (вялікіх даных). Ён раскрываецца ў гандлі, велашэрынгу, каршэрынгу, у даследаванні штучнага інтэлекту, у грамадскай бяспецы, у сістэме грамадскага кантролю.

Як гэта дапамагае на справе? Напрыклад, у гандлі аналіз даных дазваляе імгненна рэагаваць на змены і скарачаць разрыў паміж дызайнам і вытворчасцю да некалькіх дзён. А гэта сцірае такія паняцці, як, напрыклад, вясновая або зімовая калекцыі адзення.

«Усё гэта паскарае таваразварот і рост эканомікі. Лічыцца, што толькі тэхналогіі bіg dаtа забяспечваюць прырост ВУП Кітая ў сярэднім на 2 % у год», — адзначыў пасол.

Безнаяўны свет

Кітай — гэта безнаяўная ІT-краіна. Амаль палова кітайцаў выходзіць з дому менш чым з 15 доларамі наяўных у кішэні. Ва ўсіх крамах, кіёсках вулічнага гандлю разлічваюцца скануючы тэлефонам QR-код.

«Галоўная праблема, з якой я сутыкаўся ў краме, — гэта незадаволенасць людзей, бо я, як правіла, з'яўляюся адным з нямногіх пакупнікоў, у каго ёсць наяўныя грошы ў краме, і прадаўцу прыходзіцца шукаць мне рэшту», — расказаў Кірыл Руды.

Таксама ён адзначыў, што кожны месяц 500 мільёнаў кітайцаў заказваюць тавары праз мабільныя праграмы. Пры гэтым рынак анлайн-гандлю Кітая расце ў два разы хутчэй за рынак ЗША.

«Развіццё ІT-галіны змяняе эканоміку Кітая, накіроўваючы зберажэнні кітайцаў у спажыванне, павялічвае інвестыцыі не ў вытворчасць, а ў паслугі, дызайн, брэнд. У выніку паслугі ўжо фарміруюць больш за палову эканомікі Кітая», — падкрэсліў пасол.

Стартап-дзяржава

Кітай — гэта стартап-краіна. Больш за 60 % ВУП Кітая стварае малы і прыватны бізнес, які штодня «памірае» і «перараджаецца».

«Калі вы былі ў Кітаі і вам спадабаўся нейкі маленькі магазін, рэстаран, цырульня, то наступны раз, калі вы туды прыедзеце, іх ужо дакладна не будзе. Доля ІT-стартапаў у Кітаі складае 10 %. У іх асаблівая экасістэма: з аднаго боку, гэта інфраструктура, бізнес-інкубатары, венчурныя фонды, з другога боку, у Кітаі сфарміравалася норма і звычка пастаянна пачынаць спачатку», — расказвае Кірыл Руды.

І нягледзячы на тое, што 90 % стартапаў у Кітаі знікаюць на працягу першага года, той, хто выжывае, ператвараецца ў буйную міжнародную карпарацыю.

Бачаць сваю будучыню

Кітай — гэта краіна з выразным бачаннем сваёй ІT-будучыні. Сёння ў КНР ёсць тры найбуйнейшыя стратэгіі. Адна з іх называецца «Зроблена ў Кітаі — 2025», па якой адбываецца падтрымка развіцця ўласных тэхналогій. Другая — па распаўсюджванні інтэрнэту ва ўрадзе, вытворчасці, гандлі, сельскай гаспадарцы і іншых галінах. Трэцяя — дзесяцігадовая стратэгія інфарматызацыі.

«Якая роля дзяржавы ў гэтым працэсе? Галоўнае, чым займаецца дзяржава ў ІT-сферы, — вызначае мэты і тэрміны, ствараючы інфраструктуру, падтрымлівае малы бізнес, прыцягвае высокакваліфікаваныя кадры. Астатнія фінансавыя стымулы ажыццяўляюцца на рынкавых умовах», — дадаў пасол.

Так, у Кітаі няма спецыяльных падатковых ільгот і бюджэтных субсідый. Разам з тым у Паднябеснай цалкам разумеюць, што яны пакуль яшчэ з'яўляюцца ІT-краінай, якая развіваецца і ў якой менш за 50 % тэрыторыі пакуль пакрыта 4G-інтэрнэтам. Пранікненне інтэрнэту складае 58 % сярод насельніцтва (у Беларусі 71 %, у ЗША 96 %).

Паслабленні ў вялікім кітайскім фаерволе

Пасол таксама адзначыў, што Кітай усё яшчэ застаецца цэнтралізаванай ІT-краінай, а сфера ІКТ — манапалізаванай. Напрыклад, такія кампаніі, як Аlіbаbа і Tеnсеnt, валодаюць 90 % усяго анлайн-гандлю, 85 % анлайн-плацяжоў, 85 % сацыяльных сетак. ІT-рынак Кітая практычна закрыты ад знешняй канкурэнцыі. Напрыклад, там ёсць нават свае аналагі сацыяльных сетак і месенджараў, створаныя з мэтай цалкам замяніць найбольш папулярныя з іх у свеце накшталт Fасеbооk і WhаtsАрр.

«Таксама ў КНР стварылі ўласную псіхалогію спажывання, што тлумачыць забарону крыптавалют і развівае кіраваны блокчэйн», — дадаў Кірыл Руды.

Разам з гэтым з ростам даходаў насельніцтва растуць і патрабаванні да якасці, а бізнес-мадэль нізкай цаны фарміруе прадузятае стаўленне да кітайскіх прадуктаў.

«Аднак у Паднябеснай бачаць гэтыя рызыкі. У ІT-сферы зараз адбываецца дэцэнтралізацыя. Таксама ўзнікае ўсё больш стартапаў, якія канкурыруюць з манаполіямі», — рэзюмаваў пасол.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».