Вы тут

Як зберагчы каханне ў сям’і і індывідуальнасць у творчасці?


Дзве знакамітыя асобы ў беларускім сучасным мастацтве — Уладзімір і Тамара Васюк кранаюць шчырым стаўленнем да жыцця, творчасці і адно аднаго. Іх жыццёвы шлях можа стаць добрым сцэнарыем для кнігі пра тое, як, прыехаўшы паасобку з аднаго рэгіёна, яны злучыліся ў вялікім горадзе і перамаглі ўсе складанасці. Пры гэтым асноўнай тэмай іх творчасці стала Бацькаўшчына. Такія розныя ў абраных кірунках мастацтва, яны ўсё жыццё дапаўняюць адно аднаго. Што занатаваў пра сустрэчу з імі ў сваім дзённіку Уладзімір Караткевіч?..


Суладдзе

— Уладзімір Уладзіміравіч, Тамара Іванаўна, у чым сакрэт даўгалецця вашай сям’і і як творчасць уплывала на адносіны?

Уладзімір Васюк: Мы з Тамарай вельмі блізкія людзі. Добра падышлі па менталітэце, бо нашы вёскі на Гомельшчыне знаходзяцца недалёка адна ад адной. Мы нават нарадзіліся ў адзін месяц. Акрамя жыццёвых супадзенняў, нас з’яднала мастацтва. Дзякуючы яму мы заўсёды вучылі і вучыліся адно ў аднаго. Наша апошняя выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі называлася «Суладдзе». Гэта сімвал жыцця. Праз экспазіцыю хацелі падкрэсліць, што мы спрабуем жыць у суладдзі ва ўсім: у сям’і, справе жыцця, мець добрыя зносіны з сябрамі, натхняцца прыродай.

Мы сустрэліся падчас вучобы. Я ўжо быў пасля войска, а яна тады пасля дзявятага класа паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча. Затым разам вучыліся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Ужо на першым курсе ў нас нарадзіўся сын. Акадэмічны адпачынак не бралі. У Мінску ў нас нікога не было, таму дзіця не было з кім пакінуць. А дэкан прапанаваў не губляць год. Так і вучыліся: дзень я прыходзіў на вучобу, дзень — Тамара. Вось у момант, калі сям’я толькі зарадзілася, мы і адчулі, што такое суладдзе, і пачалі яго берагчы. Тамара заўсёды была маёй музай і ў жыцці, і ў творчасці. Але я падкрэслю: вельмі добра, што мы працуем у розных кірунках мастацтва.

 Тамара Васюк: Нам цікава адно з адным. Вось і ўвесь сакрэт. А ўвогуле мяне маці навучыла, што не трэба мужчыну перашкаджаць, яму трэба даць свабоду, каб мог сам прымаць рашэнні. У нас у сям’і ёсць сялянская тактоўнасць. Неацэнная рэч! Гэта значыць, што мы не будзем чапляцца адзін да аднаго проста ад няма чаго рабіць, нам цікавей папрацаваць. Я ганаруся неверагодным адчуваннем пластыкі і формы Валодзі: усё дробнае ён робіць з вялікай адказнасцю і дасканала, не ўмее неахайна, нават калі гэта патрэбна.

— А ў чым заключаецца працэс навучання ў сям’і? Гэта не перашкаджала развіццю індывідуальнасці?

У. В.: Я б тут паглыбіўся ў філасофію. Жонка для мяне такі па значнасці чалавек, як і маці. Мы ўдваіх крыху грубаватыя, але ж справядлівыя. Бывае, Тамара мне зробіць заўвагу, што можа не так намаляваў. А я з ёю не згодны. З ранку прыходжу ў майстэрню, гляджу на тую работу і разумею, што Тамара мела рацыю...

А ўвогуле, калі вярнуцца да ўзнікнення нашага саюзу, то мы перажылі шмат складанасцяў. Сёння няма патрэбы паглыбляцца ў руціну, мы атрымліваем задавальненне ў сям’і, і на працу нам прыйсці прыемна. Напэўна, галоўнае, што мы не разменьваемся на дробязі. Паміж намі няма канкурэнцыі. Хіба што толькі белая зайздрасць (усміхаецца)... Мне падабаецца казаць Тамары, што я захапляюся яе творамі. Гэта ж такая ўнікальная магчымасць — ганарыцца талентам блізкага чалавека. Тым больш Тамара апантаная керамікай. Яна вельмі злуецца на студэнтаў, якія прыйшлі вучыцца толькі дзеля дыплома, бо паважае тое, што робіць.

Шлях да мары

— Уладзімір Уладзіміравіч, ведаю, што стаць графікам было вашай запаветнай марай. Як атрымалася, што ў тэатральна-мастацкім інстытуце вы скончылі аддзяленне керамікі?

У. В.: Некалькі разоў спрабаваў паступіць на графіку, але ж не атрымлівалася. Тады вырашыў паступаць на тую спецыяльнасць, дзе вучылася жонка. Памятаю, як узнікла думка, што падчас вучобы буду паралельна хадзіць і глядзець, як вучацца графікі, буду браць у прафесараў заданні. Так і выйшла. Я ствараў работы ў матэрыяле: лінагравюры, афорты. Займаўся плакатам. Упэўнена магу казаць, што разам з керамікай скончыў аддзяленне графікі. Праўда, паспрачаўся з кіраўніком дыпломнага праекта, які казаў, што нічога ў мяне не атрымаецца. Я рабіў вялікія вазы так, як, мне здавалася, яны павінны былі выглядаць. А кафедра настойвала, каб рабіў інакш. У выніку зрабіў дзве вазы: першую — цалкам свой варыянт, а другую — якую патрабавалі правілы ўстановы. Калі ўсё скончылася, сказаў свайму кіраўніку, што больш не дакрануся да матэрыялу керамікі. Ну, можа, гэта і добра, бо два керамісты ў сям’і было б занадта.

— Хочацца зразумець, у чым для вас асаблівая графіка?

— Гліну, сам працэс лепкі трэба па-сапраўднаму любіць, як гэта робіць Тамара. А мне даводзілася рабіць гэта дзесьці нават пад прымусам. Маляваць я любіў з дзяцінства. І дзякуючы графіцы ўсе ідэі ў мяне атрымалася рэалізаваць. У мяне ёсць асаблівае пачуццё матэрыялу. Бярэш аркуш — на ім з’яўляецца вобраз. А потым, калі пачынаеш яго напаўняць, знаходзішся ў працэсе пошуку пластыкі, маштабу, святлаценю. Адчуваеш, што гэта для цябе як наркотык...

Увогуле, мне падабаецца тэхніка алоўка. Колер я не надта люблю, таму што не жывапісец. Я выкладаю ў Акадэміі мастацтваў, і калі мае студэнты не разумеюць, пра што кажу, калі расказваю пра тэхніку, раю ім успомніць знакаміты мультфільм «Вожык у тумане». Там бачна, як павінна стварацца работа: спачатку трэба адпрацаваць першы план, пасля стварыць матэрыяльнасць.

Мне здаецца, што менавіта цяпер я найбольш увайшоў у адчуванне смаку матэрыялу. Атрымліваецца ствараць твор мякка, пяшчотна. Люблю рабіць пейзажы. У мяне ёсць цікавая кампазіцыя «Дыялог стыхій», дзе ўзаемадзейнічаюць зямля, вада і паветра. А падгледзеў я сюжэт на Вячы, калі ехаў на лецішча.

— Тамара Іванаўна, а як вы прыйшлі да працы ў кераміцы?

Т. В.: Я нарадзілася пад Гомелем. Давялося трапіць у Палац піянераў і дакрануцца да гомельскай школы мастацтваў, якая славіцца такімі майстрамі, як Віталь Цвірка. Мой выкладчык Валянцін Пятровіч Пакаташкін вучыўся ў Цвіркі. Таму мой пачатак быў не з керамікі, а з таго, што ёсць мастацтва. Пры паступленні думала, што пайду вучыцца на манументальнае мастацтва, а выпадкова трапіла на кераміку. Яна мне падабалася, але была боязь, што не ведаю сам матэрыял. Паступіла. І зноў мне пашанцавала сустрэць геніяльнага чалавека — мастака-кераміста Уладзіміра Вікенцьевіча Угрыновіча. У яго можна было адзін год павучыцца — і ведаць пра гліну ўсё. Калі пры Угрыновічы хто да гліны дакранаўся, у таго ж адразу ўся душа да справы прырастала. А майстры-керамісты з Івянца толькі яму давяралі свае сакрэты. Яны бачылі ў ім шчырасць і глыбіню.

 Калісьці я з цяжкасцю магла паверыць у тое, што сама буду выкладчыкам. Таму што не люблю выкладчыцкай правільнасці. Я люблю нефарматна са студэнтамі ўзаемадзейнічаць, таму што такія ў мяне самой былі настаўнікі па жыцці. З іх бяру прыклад і сёння падчас працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

— У творчасці вы абодва абралі тэму гісторыі і культуры, шмат твораў прысвячаеце роднай зямлі. Што паўплывала на выбар?

У. В.: Я сам з вёскі і вельмі люблю нашу прыроду. Памятаю дрэвы, памятаю шолах лісця, памятаю, які ён — вясковы пах майго дзяцінства. Мне важна пераносіць усе гэтыя працэсы ў творчасць, каб яны працягвалі жыць. Не разумею, як на гэтую прыгажосць можна глядзець абыякава ці наогул не заўважыць. Таксама я вельмі паважаю нашу гісторыю — у плакатнай працы шмат твораў прысвяціў знакамітым беларускім культурным дзеячам і сёння падглядаю шмат жывых матываў вакол, якія пасля праяўляюцца ў маіх творах.

Т. В.: Мне да сённяшняга дня здаецца, што ў нас з Валодзем шмат комплексаў. Мы сапраўды многа атрымлівалі па носе падчас вучобы. Нам казалі: навошта вы прыехалі вучыцца ў Мінск, трэба было заставацца на вёсцы і займацца сельскай гаспадаркай. І гэта траўма да сённяшніх дзён. Шмат нашага часу пайшло на тое, каб пазбавіцца ад іх. Падчас вучобы мы працавалі мастакамі-афарміцелямі ў Ленінскай бібліятэцы. Бібліятэка нам дала шмат. Хоць складана было адначасова і вучыцца, і працаваць, у нас быў доступ да самай лепшай літаратуры. Мы чыталі і трымалі ў руках тыя рэдкія кнігі, якія немагчыма было знайсці. Менавіта гэта і стала нам дапаможнікам на далейшым шляху: не трэба было прыдумляць тэмы, шмат падказалі кнігі, якія мы чыталі.

Пра асабістае

— Уладзімір Уладзіміравіч, ведаю, што вы добра ставіцеся да крытыкі і заўсёды шчыра можаце пакрытыкаваць як сябе, так і іншых творцаў...

У. В.: Крытыка — гэта нармальна. Не трэба ставіцца да яе негатыўна. Наадварот, калі творцу крытыкуюць, ён будзе разумець, куды яму рухацца. Не бывае такога, што ты самы таленавіты альбо разумны, таму трэба, каб падказалі, накіравалі. Толькі праз крытычнае стаўленне да сябе можна стаць сапраўдным творцам.

Мне здаецца, што нашай мастацкай сістэме не хапае пошуку новых формаўтварэнняў. У кожным жанры творчасці трэба шукаць, прыдумляць новае. Пазычаць у іншых краін альбо творцаў не трэба. Можна ж нам вывучаць хаця б сваю прыроду! Калі любую тэму праз новую форму ўздымаеш, дык заўсёды больш цікава і актуальна. Што робіцца сёння? Шчыпанулі ў аднаго класіка, звярнуліся да іншага — дык гэта заўсёды праяўляецца. А трэба захоўваць індывідуальнасць. Я бачу ў студэнтаў, калі яны ідэю падглядзелі ў інтэрнэце. Прашу, каб працавалі сваёй галавой — толькі тады можна разлічваць на новыя імёны ў мастацтве.

— Калі азірнуцца назад і ўспомніць увесь творчы і сямейны шлях, вы дасягнулі ўсяго, чаго хацелі?

Т. В.: Мы дасягнулі нават болей. Дзякуючы таму, што нам шанцавала на добрых і цікавых людзей, якія дапамагалі. У тым ліку нам пашчасціла, што мы былі знаёмыя з Уладзімірам Караткевічам. Памятаю, як ён сказаў, што даўно не чуў такой сапраўднай беларускай мовы, як у мяне. А я яму адказала, што размаўляю на трасянцы. Уладзімір Сямёнавіч папрасіў пры ім больш не ўжываць гэтае слова, бо ён яго не разумее. Для мяне гэта была вялікая адзнака, якую да сённяшніх дзён успамінаю з павагай. А праз некалькі гадоў я даведалася, што ў дзённіку пісьменніка былі занатаваны ўспаміны пра нашу сустрэчу...

Вікторыя АСКЕРА 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.