Вы тут

Як правільна абрэзаць павойнік


Нельга скласці адзін універсальны спіс патрабаванняў да правядзення абрэзкі для ўсіх відаў і сартоў павойніка. У залежнасці ад таго, цвіце куст на парастках гэтага ці мінулага года, кветкаводы дзеляць павойнікі на тры групы, кожную з якіх неабходна абрэзаць па-рознаму.


Усе без выключэння маладыя расліны патрабуюць моцнай абрэзкі ў канцы першай вясны свайго жыцця. Падчас гэтай працэдуры куст абразаецца да вышыні 15—30 см. Не будзем закранаць самай першай абрэзкі павойніка, а засяродзімся на ўсіх наступных абрэзках.

Першая група абрэзкі

Да першай групы адносяць павойнікі, якія цвітуць вясной на леташніх парастках. Абрэзаць такія кусты варта адразу пасля заканчэння цвіцення. Адцвілыя парасткі кароцяцца на палову сваёй даўжыні.

Старыя галіны, як правіла, не маюць патрэбы ў штогадовай абрэзцы. Дастаткова раз у 2 гады караціць чацвёртую частку парасткаў, каб не дапусціць загушчэння. Калі ж куст занадта пышны, яго ўсё-такі давядзецца прарэджваць штогод.

У групу 1 уваходзяць павойнік горны, павойнік буйнапялёсткавы (макрапетала), павойнік альпійскі, павойнік квяцісты, павойнік Патэнс, павойнік Фларыда.

Другая група абрэзкі

Павойнікі гэтай групы — пераважна буйнакветкавыя гібрыды, якія цвітуць у пачатку лета на кароткіх парастках леташняга прыросту. Калі не праводзіць іх рэгулярную абрэзку, неўзабаве кусты стануць неахайнымі, загушчанымі, а кветкі здрабнеюць.

Павойнікі 2-й групы абразаюць ранняй вясной, да таго, як пупышкі паспеюць прачнуцца і крануцца ў рост. Прафілактычная абрэзка дапаможа раслінам «кінуць усе сілы» на меншую колькасць парасткаў, дзякуючы чаму цвіценне будзе больш пышнае.

Праўда, абразаць куст варта без фанатызму: калі выдаліць занадта шмат парасткаў, цвіцення летам можна так і не дачакацца. Дастаткова будзе абрэзаць практычна дашчэнту ўсе галіны, якія растуць унутр, і на траціну абрэзаць слабыя парасткі.

Калі павойнік цвіце двойчы за сезон, пасля першай хвалі цвіцення неабходна правесці паўторную абрэзку. У гэтым выпадку адцвілыя парасткі кароцяцца да пупышкі ніжэй суквецця.

Да групы 2 адносяць павойнік ланугіноза, а таксама некаторыя гібрыды павойніка Фларыда і Патэнс.

Трэцяя група абрэзкі

Сюды адносяцца ўсе павойнікі, якія цвітуць у канцы лета — пачатку восені на парастках гэтага года. Яны лёгка і хутка разрастаюцца, пры гэтым суквецці ўтвараюцца толькі на маладых парастках, а старыя галіны пачынаюць нагадваць зблытаны «клубок».

Каб не дапусціць гэтага, ранняй вясной усе леташнія прыросты абразаюць да адной або двух пупышак. Маладыя парасткі, якія ўтварыліся ўнізе куста, выдаляць не трэба. А ўсе старыя і хворыя галіны неабходна выразаць.

У групу 3 уваходзяць павойнікі Вітцэла, Жакмана, павойнік прамы, павойнік тэксенсіс, павойнік усходні, павойнік тангуцкі, павойнік разналісты.

Калі вы не можаце зразумець, да якой групы адносіцца расліна вашага сорту, ужывайце камбінаваную абрэзку: адзін парастак пакіньце вышынёй 1,5 м, а той, які расце побач — абрэжце да 2—4 пупышак. Астатнія галінкі пакараціце гэтак жа — праз адну.

Абрэзка на зіму

Восеньская абрэзка павойнікаў патрэбна для таго, каб добра атуліць расліну і дапамагчы ёй паспяхова перазімаваць. Павойнікі абразаюць у канцы кастрычніка — пачатку лістапада. Важна паспець зрабіць гэта пры добрым надвор'і.

У першы год жыцця пры падрыхтоўцы да зімы ўсе павойнікі абразаюць аднолькава: пакідаюць адзін галоўны парастак вышынёй 20—30 см.

У наступныя гады ў павойнікаў першай групы на зіму пакідаюць парасткі даўжынёй 1,5—2 м — у іх абразаюць толькі вяршкі. Павойнікі другой групы абразаюць трохі карацей: пакідаюць парасткі вышынёй 1,2—1,5 м. Расліны, якія адносяцца да трэцяй групы, цвітуць толькі на маладых парастках, таму восенню ў іх абразаюць усе галінкі, пакідаючы 2-3 пупышкі вышэй узроўню зямлі.

Таксама ў раслін усіх груп выдаляюць лісце, усе сухія, паламаныя, хворыя і старыя галінкі.

Каб прадухіліць распаўсюджванне грыбковых хвароб, рэкамендуецца да наступлення замаразкаў апырскаць каранёвую шыйку павойніка 1-працэнтным растворам бардоскай вадкасці.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.