Вы тут

Гандбаліст Андрэй Клімавец: У спартсмена век кароткі


Як беларус стаў чэмпіёнам свету і пабываў на Алімпіядзе з другой зборнай

Легендарнага гандбаліста Андрэя Клімаўца складана назваць беларусам ці немцам. На самым пачатку 90-х ён зрабіў першыя крокі ў сваёй кар'еры ў мінскім СКА, з якім стаў трохразовым пераможцам чэмпіянату краіны, а ў 1995 годзе перабраўся гуляць у Германію.


За зборную Беларусі Клімавец правёў 101 афіцыйны матч і на доўгі час упісаў сваё імя ў гісторыю як рэкардсмен па ліку паядынкаў і найлепшы бамбардзір беларускай дружыны. Аднак пасля трыццаці спартсмен аказаўся не запатрабаваны ў камандзе сваёй краіны — калектыў узяў курс на амаладжэнне. Хоць сіл гуляць, а галоўнае, жадання і амбіцый у Клімаўца тады яшчэ хапала, таму на прапанову ад нямецкага боку аб змене грамадзянства ён адказаў станоўча. Неўзабаве ў складзе бундэстым гандбаліст стаў чэмпіёнам свету і ўдзельнікам Алімпійскіх гульняў. Цяпер трэнер нямецкага клуба Андрэй Анатолевіч пастаянна жыве ў Германіі, аднак нязменна летам прыязджае ў родную Беларусь. Гэта і стала падставай для сустрэчы і вялікай размовы пра лёс спартсмена за мяжой.

— Андрэй Анатолевіч, на радзіме з'яўляецеся кожнае лета?

— Так, абавязкова. Атрымліваецца толькі раз на год. За летні адпачынак спрабую аб'ездзіць усіх сваякоў і сяброў, убачыць як мага больш знаёмых, з'ездзіць у вёску, схадзіць на рыбалку. Да таго ж у Гомелі праводзяць турнір майго імя, заўсёды імкнуся прысутнічаць там.

— Ці заўважаеце, мяняецца краіна?

— Вядома, становіцца ўсё больш прыгожай, горад расце, становіцца чыстым, зручным. Гэта датычыцца як Мінска, так і Гомеля, заўсёды бываю і там і там. Нават вось гэтую залу (мы размаўлялі падчас Кубка Беларусі па гандболе ў Палацы спорту «Уручча» — Аўт.) не параўнаць з той, якая была ў часы, калі я тут трэніраваўся. Тады гэта быў лёгкаатлетычны манеж, былі дарожкі, лёгкаатлеты бегалі па іх, а пасярэдзіне было поле, дзе трэніраваліся мы на тартане. Зараз залу не параўнаць, усе ўмовы для таго, каб развівацца.

— Настальгіруеце?

— Вядома, я тут адыграў гадоў 20, гэтая зала для мяне родная.

— Кожны раз, калі прыязджаеце ў Беларусь, вас можна ўбачыць на гандболе...

— Для мяне гэта магчымасць сустрэць знаёмых, сёння, напрыклад, убачыўся са сваім першым трэнерам. Пабачыцца з гульцамі, пагутарыць цікава. З Ванем Броўка разам гулялі ў «Мельзунгене», супраць Сяргея Рутэнкі выступаў у Лізе чэмпіёнаў, сёння яны ўсе тут.

* * *

— Чым цяпер займаецеся ў Германіі вы і сям'я?

— Я трэнер клуба 3-й лігі «Пфорцхайм». Працую з імі ўжо некалькі гадоў, застаюся і на наступны сезон. Калі быў гульцом, часу вольнага не было — раз'езды, гульні, трэніроўкі, адпачынак там зусім маленькі, плюс гульні за зборную, атрымлівалася так, што я амаль дома не бываў. Цяпер усё па-іншаму, усё змянілася. Больш магу планаваць свой час.

Сын гуляе ў мяне ў камандзе, яму 19 гадоў. Пакуль падабаецца, а як будзе атрымлівацца ў яго далей — паглядзім. Жонка працуе ў басейне інструктарам, а дачка вучыцца на юрыста.

— Да чаго так і не змаглі прывыкнуць у Германіі?

— За 22 гады ўжо прывык да ўсяго. Я і там дома, і тут дома.

— У чым бачыце асноўную розніцу паміж краінамі?

— Менталітэт у людзей, вядома, іншы. У немцаў распарадак строгі, у нас усё больш свабодна. Я жыву ў невялікай вёсцы, пасля дзевяці гадзін вечара на вуліцы ўжо нікога не ўбачыш. Яны вельмі рана ўстаюць, з'язджаюць на працу ў шэсць гадзін раніцы, таму кладуцца спаць рана. Адпачываюць толькі ў выхадныя, выходзяць у рэстараны. А не так, як у нас: могуць і ў панядзелак. Пунктуальнасць на самым вышэйшым узроўні, ну а ў Беларусі, як вядома, людзі больш жывуць па прынцыпе «пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца».

— Для вас які лад жыцця больш камфортны?

— Думаю, ужо нямецкі. Там у цябе ёсць распарадак, якога прытрымліваешся, і гэта дае пэўныя гарантыі ў жыцці. Што датычыцца спорту, то цяпер усё больш людзей у Беларусі вядуць здаровы лад жыцця. Раней такога не было: колькі людзей на веласіпедах, колькі бегае. У Германіі так ужо даўно.
Залы ніколі не пустуюць, у іх у гандбол у 6-й лізе гуляюць 50-гадовыя дзядулі. Калі хочаш, напрыклад, пайсці пагуляць у бадмінтон, трэба заказваць пляцоўку загадзя. Людзі жывуць і атрымліваюць задавальненне.

— Калі прыгадаць ваш першы прыезд у Германію, чакалі, што затрымаецеся настолькі доўга?

— Што вы, ніколі! Першы год для мяне быў вельмі цяжкі. Я не ведаў мовы, быў адзін... Праз паўгода ўсё надакучыла, хацеў з'ехаць дадому, але потым неяк прывык, праз год падвучыў мову, усё астатняе само сабой стала на свае месцы. Ну а чым далей, тым было прасцей.

* * *

— У Германію вы з'язджалі са СКА?

— Так, паступіла вельмі добрая прапанова, адмаўляцца было б глупствам.

— Якія самыя яркія моманты з выступленняў за СКА і зборную Беларусі засталіся ў памяці?

— Напэўна, чэмпіянат Еўропы ў Ісландыі, гэта мой першы турнір, мне было гадоў 18. Я атрымаў шмат эмоцый і ў гульнявым плане, і сама Ісландыя вельмі запомнілася.

— Вы трапілі ў зборную, калі там гулялі алімпійскія чэмпіёны.

— Так, Косця Шаравараў, Андрэй Барбышынскі, Саша Мінеўскі, Міша Якімовіч, Саша Тучкін.

— Як яны вас сустрэлі?

— Гэта не для прэсы. (Смяецца.) Як і ва ўсіх камандах, былі свае звычаі. Старыя — гэта старыя, маладыя — маладыя, не было дзедаўшчыны, але была пэўная іерархія. Мы павінны былі насіць мячы, збіраць іх пасля трэніроўкі, за «мазюку» адказваць, калі мы жывём недзе ў гасцініцы, хадзіць усіх будзіць. Думаю, усе праз гэта праходзілі, нічога ганебнага.

А на пляцоўцы, калі ты малады, а побач з табой гуляюць алімпійскія чэмпіёны, ты, вядома, адразу адчуваеш сябе не асабліва ўпэўнена, але праз пару гульняў усё праходзіць.

— Гісторыю са зменай грамадзянства сёння ўспамінаеце нармальна?

— Так. Для Беларусі я быў ужо стары, мне было 32 або 33 гады, у зборную выклікаў я не атрымліваў, а для нямецкай зборнай падыходзіў. Паступіла прапанова ад трэнера Хайнера Бранда, я падумаў, чаму б не, чаму не паспрабаваць. Хацелася яшчэ пагуляць на такім высокім узроўні.

— Калі сыходзілі са зборнай Беларусі, ёю кіраваў Спартак Мірановіч?

— Так, але ніякіх нацягнутых адносін, як пісалі ў прэсе, у нас з ім ніколі не было. Я заўсёды казаў, што Спартак Пятровіч — гэта мой найлепшы трэнер за ўсе часы ў гандболе.

— Напэўна, глядзелі на вас скоса і асуджалі тады многія?

— Так, і ў газетах пісалі, але я стараўся наогул нічога не чытаць, прапускаць міма. Я лічу, што, калі чалавек да нечага імкнецца, глядзіць у будучыню, нічога ганебнага ў гэтым няма. Ды і для зборнай Беларусі я зрабіў шмат, не ведаю ці пабіты гэты рэкорд зараз, але тады згуляў за каманду больш за ўсё матчаў і закінуў больш за ўсё мячоў, таму сумленне мяне не мучыць.

— Як адрэагавалі на змену грамадзянства родныя?

— Ды ўсё добра, падтрымалі, без праблем.

— У Германіі ўдалося стаць сваім?

— У нямецкай зборнай былі выдатныя адносіны, не проста камандныя, а сямейныя. Рабілі ўсё, каб не толькі гульцы, але і іх сем'і мелі зносіны паміж сабой. Нас выклікалі на зборы разам з жонкамі і дзецьмі. Мы трэніраваліся, а жонкі проста займаліся спортам, у абед разам маглі адпачываць, потым ладзілі дзень спаборніцтваў, калі мы былі разбітыя на пары і гулялі ў бадмінтон, футбол, валейбол. Гэта было вельмі цікава і нязвыкла.

— Памятаеце свой першы матч за зборную Германіі?

— Так шмат іх адыграў, што першы не памятаю дакладна. Увогуле ў мяне іх было 77. Я трапіў на чэмпіянат Еўропы, выйграў чэмпіянат свету, пабываў на Алімпійскіх гульнях. Паездзіў вельмі шмат. Найбольшых поспехаў дамогся менавіта з нямецкай зборнай. Думаю, выйграць чэмпіянат свету са зборнай Беларусі мне б не ўдалося.

— Але вы так і не праспявалі гімн Германіі...

— Нават не ведаю, як растлумачыць чаму...

— Цяперашняя нямецкая зборная моцна адрозніваецца ад вашай?

— Так, пакаленне змянілася, прыйшло шмат маладых гульцоў, гандбол стаў яшчэ хутчэйшы, больш сілавы, падбор гульцоў зусім іншы, фізічнае развіццё стала нашмат мацнейшае. Так увесь час адбываецца, гэта нармальны працэс.

— Калі ўзяць зборную вашага часу і цяперашнюю, як думаеце, хто б выйграў?

— Цяжка сказаць, шмат зорак было ў нас, шмат іх і цяпер. Дарэчы, з той зборнай мы часта збіраемся і зараз. Для нас арганізуюць турніры дзесьці каля пяці разоў на год, усе атрыманыя грошы ідуць на дабрачыннасць. Гэта вельмі прыемна — і пабачыцца, і дапамагчы камусьці.

* * *

— У Беларусі часта бываеце на гандболе, можаце ацаніць яго цяперашні стан?

— Назіраю рост. Адкрываецца ўсё больш дзіцячых школ, прыцягваецца шмат трэнераў, якія самі раней гулялі ў гандбол, якія сапраўды могуць навучыць і перадаць свой вопыт. Я лічу, гэта правільна: чым больш дзяцей будзе, тым больш чалавек потым прыйдзе ў зборную, тым больш зорак можна будзе знайсці.

— Многія звяртаюць увагу на слабы ўнутраны чэмпіянат.

— Так. Толькі вось пытанне, як зрабіць яго моцным? Мне здаецца, усё ўпіраецца ў фінансы, вядома, калі клуб можа дазволіць сабе добрых гульцоў, і ўзровень адразу падымецца і ўсе пачнуць расці. Чым больш моцных камандаў, тым больш вопыту, канкурэнцыі, а так атрымліваецца, што часам і глядзець не вельмі цікава.

— Ці сачылі за БГК імя Мяшкова ў Лізе чэмпіёнаў?

— Калі ёсць час, гляджу. Брэст — гэта прыстойная каманда, добрыя гульцы, зусім іншы ўзровень.

— Што скажаце пра палітыку мінскага СКА, які вырошчвае моцных гульцоў, а потым яны сыходзяць у еўрапейскія клубы?

— Для гульца, які сыходзіць у моцны клуб, гэта добра. Ён не варыцца ў гэтай кашы, а бачыць нешта новае, дадае ў майстэрстве, расце. У спартсмена век кароткі, таму яму трэба паспець не толькі нешта выйграць, але і зарабіць на будучыню, каб пракарміць сям'ю.

— Вам было б цікава згуляць у сучасны гандбол?

— Чаму не? Я ў сябе ў 3-й лізе яшчэ бегаю, але толькі ў абароне выходжу.

— Пра што вы цяпер марыце, вашы трэнерскія амбіцыі?

— Таксама развівацца і калі-небудзь не толькі трэцюю лігу трэніраваць, а хацелася б паспрабаваць далей, пайсці і ў другую, і ў першую. Цяжкавата мяняць род дзейнасці, калі аддаў аднаму ўсё жыццё, таму лічу, што трэба ўдасканальвацца ў гэтай галіне. Думаю, што разумею трошкі ў гандболе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Грамадства

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

Мы з Аленай Варановіч пазнаёміліся выпадкова, на вуліцы. Адразу разгаварыліся і знайшлі агульную мову. Тады за кубкам кавы яна сказала мне важныя словы: «Ніколі не губляй мару дзяцінства».

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.