Вы тут

Брытанец стаў важаком воўчай зграі


На залітую срэбным святлом месяца лясную паляну выбеглі тры дарослыя ваўкі. Неўзабаве да іх далучыўся мужчына. Усе чацвёра ўчынілі вясёлую валтузню, насіліся адзін за адным, то збіваючыся ў кучу, то распадаючыся на пары, а потым пачалі круціцца ў нейкім магічным танцы. Пры гэтым чалавек не выглядаў чужым у звярынай зграі, ён быў яе неад'емнай часткай, мабыць нават важаком. Звяры пакорліва падпарадкоўваліся чалавеку...


Язык звяроў

Імя важака ваўчынай зграі — Шон Эліс. Некаторыя суайчыннікі-брытанцы лічаць яго экстравагантным дзіваком, які моцна рызыкуе жыццём. Іншыя мяркуюць, што ён гоніцца за адрэналінам і таннай папулярнасцю, трэція перакананыя, што ён — фанатык, адданы навуцы, і глыбокі даследчык, які заслугоўвае ўсялякай павагі. Але сам Шон абыякавы да чужых ацэнак сваёй персоны, ён проста займаецца той справай, якую любіць і якой прысвяціў усё жыццё, піша goodnewsanіmal.ru.

Эліс — знакаміты брытанскі заолаг, таленавіты літаратар і журналіст, вядучы і галоўны герой папулярнай тэлевізійнай праграмы «Жыццё з чалавекам-ваўком». Дзеля вывучэння звычак шэрых драпежнікаў Шон адмовіўся ад выгод цывілізацыі і пасяліўся ў ваўчынай зграі, стаўшы на час яе бясспрэчным важаком. Іншыя ваўкі падпарадкоўваліся і цалкам давяраліся яму. Эліс для іх — несумненны аўтарытэт.

Калі двухногі важак і галоўны здабытчык Шон прыцягваў аленевую тушу, галодныя звяры цярпліва чакалі, пакуль насыціцца чалавек, і толькі потым прыступалі да трапезы. Драпежнікам і няўцям, што іх паважаны важак зусім не ганяўся за аленем, не пільнаваў яго ў лесе і не рваў яго горла вострымі ікламі — ён проста ўзяў гатовую тушу на бліжняй біястанцыі, дзе калегі Шона праводзілі цікавыя навуковыя эксперыменты, часткай якіх і было існаванне чалавека побач з ваўкамі. Калегі заолага загадзя па-майстэрску хавалі ў тушы скруткі з вараным мясам, так што Шон не рызыкаваў атрымаць нястраўнасць, харчуючыся толькі сырым мясам.

За доўгія месяцы зносін са звярамі Шону прыйшлося прыняць іх законы, прынцыпы і звычкі, а таксама цалкам адмовіцца ад чалавечай мовы і навучыцца... разумець воўчы вой.

— Гэта своеасаблівая і складаная мова звяроў, з дапамогай якой яны выказваюць усю гаму настрояў, жаданняў і пачуццяў! — кажа заолаг і дадае: — Ваўчыцы ўмеюць рабіць адмысловы гук пырхання — гэта сігнал небяспекі, які прымушае шчанюкоў імгненна хавацца. Існуе таксама асаблівае выццё, якое запрашае ваўчанят на трапезу. Наймацнейшая матывацыя на водгук у ваўкоў назіраецца ў лютым — сакавіку, калі надыходзіць шлюбны перыяд.

Шон Эліс дасканала вывучыў воўчую мову і па-майстэрску імітуе ўсе гукі, якія здольны ўтвараць шэрыя драпежнікі. Акрамя таго, ён запісваў гукі, якія выдаюць ваўкі, і мае намер аб'яднаць іх у своеасаблівы слоўнік, які дапаможа навукоўцам-біёлагам у іх працы.

Каб заставацца сваім у зграі, Шон пайшоў на шматлікія цяжкасці, зусім невядомыя сучаснаму чалавеку, які прывык да мяккага камфорту ў побыце: спаў разам з драпежнікамі на голай зямлі, не карыстаўся звычайнымі мыйнымі сродкамі, бо чатырохногія вельмі адчувальныя да старонніх водараў.

— Мне прыйшлося цалкам расстацца са звычкай штодня прымаць душ, я павінен быў захоўваць пах свайго цела, да якога прывыкла зграя, — прызнаваўся заолаг.

Для правядзення сапраўды ўнікальных даследаванняў адважнаму эксперыментатару прыйшлося літаральна стаць ваўком, застаючыся пры гэтым чалавекам. Варта адзначыць, што цікавасць да жыцця дзікіх жывёл прачнулася ў Шоне яшчэ ў раннім дзяцінстве, калі ён жыў на роднай ферме ў Норфалку, і першымі аб'ектамі для назіранняў сталі вожыкі, лісы, совы і барсукі. Шон вучыўся ў іх арыентавацца ўначы па гуках і кажа, што развіў сапраўды звярыны нюх, што дапамагло яму ў далейшым. Сваю прафесійную кар'еру ён пачынаў вучнем егера, затым адслужыў два гады ў марской пяхоце. Вярнуўшыся з войска, Шон цалкам прысвяціў сябе заалогіі.

Першая кроў

Ён перачытаў сотні кніг пра шэрых драпежнікаў, але значна больш заолагу імпанавала назіраць за ваўкамі з надзейнай хованкі. Вынікі сваіх назіранняў Шон запісваў у адмысловы дзённік. Неўзабаве ён пачаў кантактаваць з такімі ж фанатычнымі натуралістамі па ўсім свеце. Яны падказалі Шону, як і дзе можна атрымліваць гранты для сваіх даследаванняў.

Прафесійныя заолагі ставіліся да яго з пагардай, не ўспрымалі яго ўсур'ёз і называлі «вар'яцкім выскачкам». Але пасля смелыя эксперыменты Шона прымусілі іх прыкусіць языкі. Мэтанакіраваны і ўпарты брытанец навучыўся выбіваць навуковыя гранты пад свае назіранні і цвёрда ішоў да вызначанай мэты — пасяліцца з ваўкамі, стаць для іх сваім, вывучыць іх звычкі і мову.

Яшчэ пры першым знаёмстве з шэрымі драпежнікамі (а гэта здарылася ў 1990 годзе ў ЗША, калі Эліс жыў у індзейскім племені ў штаце Айдаха) ён зразумеў, наколькі разумныя, хітрыя і цямлівыя ваўкі. Менавіта тады Шон упершыню паспрабаваў укараніцца ў ваўчыную зграю, і звяры прынялі яго. Нельга сказаць, што ўкараненне прайшло гладка. Неяк раз звер, які разгуляўся, так схапіў Шона за плячо вострымі зубамі, што вырваў яму частку цягліцы. Навукоўцу прыйшлося тэрмінова пакінуць зграю і звярнуцца да лекара, які зашыў рану. Пасля чаго Эліс зноў вярнуўся да ваўкоў. Нібы засаромеючыся свайго промаху і зразумеўшы віну перад Шонам, воўк-крыўдзіцель цярпліва залізваў яму рану, і літаральна праз некалькі дзён тая зацягнулася. Застаўся толькі шнар, які нагадваў, што з ваўкамі кароткія жарты.

Атрымаўшы першы карысны вопыт зносін з чатырохногімі драпежнікамі, Шон прыступіў да наступнага эксперымента — ён узяў на выхаванне трох ваўчанят-сірот з Расіі (іх бацькоў забілі паляўнічыя) і перадаў малым навуку выжывання ў дзікай прыродзе. Ён стаў для іх сапраўдным настаўнікам і важаком. Але праз паўтара года з роляй лідара навукоўцу прыйшлося расстацца.

Калі ён вярнуўся да іх пасля чарговай камандзіроўкі ў сваю чалавечую сям'ю, ваўкі прынялі яго ў зграю, але далі ясна зразумець, што ў іх ужо ёсць новы важак. Шон не стаў спрачацца і пагадзіўся на падпарадкаванае становішча. Яму было важна застацца ў зграі і працягнуць вывучэнне жыцця драпежнікаў. Яшчэ праз тры гады зграя налічвала тузін асобін. Цяпер звяры жывуць у запаведніку «Комб-Марцін» (Англія).

Мэта жыцця

Вынікам першых цесных зносін з чатырохногімі драпежнікамі стала кніга, напісаная Шонам, якую ён назваў вельмі сімвалічна: «Свой сярод ваўкоў». Гэта цікавае апавяданне з элементамі строга навуковай справаздачы. Эліс параўноўвае сябе з разведчыкам, які старанна рыхтаваў пранікненне ў ваўчыную зграю і нарэшце трапіў у свет звяроў, каб дасканала вывучыць іх звычкі. Заолагі лічаць, што праца Шона аказала неацэнную паслугу навуцы, бо назіральны аўтар не выпусціў ніводнай дробязі і апісаў тое, з чым сустракаўся кожны дзень.

Спецыялісты адзначалі таксама наяўнасць у кнізе і філасофскага аспекту. Аўтар даказаў, што чалавек — зусім не цар прыроды, якім ён сябе лічыць. Ён — толькі частка яе, асобнае звяно, цесна звязанае з іншымі звёнамі.

— Ваўкі маюць пачуццё ўласнай годнасці і неверагодную прагу жыцця. Гэта дапамагае ім выжываць у самых суровых умовах, — адзначае Шон.

На сустрэчах з журналістамі яму часта даводзіцца адказваць на пытанне: наколькі магчымае ў рэальным жыцці тое, што здарылася са знакамітым Маўглі, якога выхавала ваўчыная зграя? У адказах вучоны заўсёды дакладны і лаканічны:

— З навуковага пункту гледжання, такое цалкам магчыма. У ваўчыцы ў перыяд выкормлівання ваўчанят, асабліва калі зграя ўдачлівая ў паляванні, шмат малака. А яе мацярынскі інстынкт настолькі моцны, што, калі свае ваўчаняты знікаюць, яна можа карміць каго пажадаеце. Дарэчы, і легенда пра заснавальнікаў Рыма — Ромула і Рэма, якіх выгадавала ваўчыца, — цалкам магла быць рэальнасцю!

Варта адзначыць, што ў Шона ёсць і звычайная, чалавечая сям'я, а не толькі ваўчыная зграя. Заолаг жанаты і мае дваіх дзяцей.

— Калі я ненадоўга вяртаюся дахаты, жонка кажа, што я не чалавек, — прызнаўся ён, — воўчыя звычкі выветрываюцца з мяне толькі праз 3-4 тыдні. Але да таго часу мне ўжо пара зноў вяртацца ў зграю.

Сваёй галоўнай мэтай Шон лічыць адраджэнне ў Вялікабрытаніі папуляцыі дзікіх ваўкоў, якія былі вынішчаны ў краіне яшчэ ў XVІІ стагоддзі.

— Многія лічаць ваўкоў злымі, тупымі і крыважэрнымі забойцамі, — адзначае Шон, — але гэта далёка не так. Пажыўшы з ваўкамі, я зразумеў, што зграя — гэта вялікая і любячая сям'я. Шчаслівы, што навучыўся разумець і любіць гэтых звяроў як сваю сям'ю!

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Свой сярод ваўкоў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.