Вы тут

Чым адрозніваюцца словы выбарны і выбарчы?


«Па-руску і кажуць, і пішуць «глава семьи», а як па-беларуску? Не «глава» ж, відаць?» — цікавіцца Алесь з Мінска. «Чым адрозніваюцца словы выбарны і выбарчы?» — задае пытанне Настасся з Гродна. «Грамадскі транспарт ходзіць па пэўных маршрутах і спыняецца на загадзя прадугледжаных прыпынках, — піша Андрэй. — Але казаць «я чакаю прыпынку аўтобуса» будзе, відаць, няправільна?»


Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

1. Па-беларуску «глава» значыць толькі раздзел у кнізе, артыкуле (хоць і там часта пішуць: раздзел). А вось старэйшага ў сям'і называюць гАлавой. Што датычыцца рускага глава государства, то па-беларуску яно звычайна перадаецца праз выраз кіраўнік дзяржавы.


2. Слова выбарны ўжываецца да пасад, якія можна заняць шляхам выбараў: старшыня грамадскага аб'яднання — выбарная пасада. Выбарчым называцца ўсё тое, што мае дачыненне да самога працэсу выбараў: выбарчы бюлетэнь, выбарчы ўчастак і г. д.

Трэба адзначыць, што для называння таго, што адбываецца перад выбарамі, у нашай мове аднолькава выкарыстоўваюцца два словы — перадвыбарны і перадвыбарчы.


3. Калі мы гаворым пра транспарт, які спыняецца, слова прыпынак сапраўды часта не падыходзіць. У такой сітуацыі трэба карыстацца словам спыненне: дачакаўся спынення аўтобуса, да цягніка можна падыходзіць толькі пасля поўнага спынення. Да таго ж у падобных выпадках можна проста па-іншаму сфармуляваць фразу: дачакацца, напрыклад, пакуль аўтобус спыніцца.

Такія тонкасці могуць мець месца не толькі адносна пары прыпынак/спыненне. Выбар з некалькіх варыянтаў трэба рабіць і ўжываючы словы вынаходка/вынаходства. Першае — гэта назва рэчы, якую вынайшлі: апошнія вынаходкі нашых навукоўцаў. Калі ж нам трэба назваць дзеянне таго, хто нешта вынаходзіць, то ўжываем другое слова: гэтаму навукоўцу прыпісваюць вынаходства некалькіх рэчаў.

У абарону слоў

Дзеяслоў начаваць, здавалася б, не мае патрэбы ў абароне: па сваёй будове і паходжанні гэта абсалютна беларускае слова. Яно ёсць у класічнай літаратуры, у фальклоры... Аднак апошнім часам моладзь спрабуе замяняць яго на кароткае ночыць. Як танцаваць на танчыць, інтэрнат на агульнік, зубачыстку на калыпок... У маладзёжным слэнгу гэта, можа, і дарэчна, а вось у нарматыўным маўленні павінны выкарыстоўвацца агульназразумелыя словы, дапушчальныя ва ўсіх стылях.

Загаловак у газеце: Ці трэба начаваць у агульніку?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».