Вы тут

Чаму ў школьных спісах літаратуры на лета няма беларускіх кніжак?


«Дарагая Адэля, мы з мамай хацелі набыць у кнігарні беларускія кніжкі, але не маглі знайсці палічку з імі, пакуль не ўчапіліся ў прадаўца. У мяне склалася ўражанне, што тут наўмысна хаваюць беларускамоўныя кніжкі: альбо берагуць для сваіх, альбо баяцца хутка іх прадаць і застацца без працы», — такі ліст па электроннай пошце даслаў маленькі чытач свайму любімаму літаратурнаму персанажу. Можна, канешне, пасмяяцца над высновамі хлопчыка, але сем'і, якія адкрылі для сябе сучасную беларускую дзіцячую літаратуру, зразумеюць, чаму малы так падумаў. Беларускія пісьменнікі запрашаюць дзяцей у незвычайны, багаты на ўражанні свет, знаходзяць зразумелых і блізкіх малечы герояў, шукаюць новыя сюжэты і формы падачы. Нашы аўтарскія казкі, перакладзеныя на іншыя мовы, ухваляюць за мяжой. Але ёсць у айчынных дзіцячых кніг адзін недахоп — яны мала разрэкламаваныя. Чаму так адбываецца і што рабіць з гэтай праблемай, спрабавалі разабрацца ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў у Нацыянальнай акадэміі навук.


Сучасны пісьменнік, як заўважылі ўдзельнікі дыскусіі, — і швец і жнец і на дудзе ігрэц. Ён павінен і напісаць кнігу, і парупіцца, каб яе выдалі, і яшчэ выправіцца на пошукі чытача. Уявіце, за год аўтар можа выступаць перад дзіцячымі аўдыторыямі 200—250 разоў і болей! Між іншым, гэта не толькі рэклама кніжнай прадукцыі, але і цэлая кампанія ў падтрымку беларускай мовы. І дзіўна, што, нягледзячы на такія намаганні, дзіцячыя кніжкі застаюцца незапатрабаванымі ў школах, і гэта пры тым, што сёння пісьменнікамі створана багата цікавай літаратуры, якую можна выкарыстоўваць у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Праз займальныя сюжэты аўтары знаёмяць дзяцей з гісторыяй, культурай, фальклорам, расказваюць пра прыродны і жывёльны свет, даюць адказы на пытанні, якія хвалююць сучасных малых, прапрацоўваюць праблемныя сітуацыі, з якімі можа сутыкнуцца маленькі чалавечак.

Чаму ж у спісах літаратуры на лета, якія выдаюць школьнікам, няма беларускіх кніжак? Чаму настаўнікі мала рупяцца пра тое, каб дзеці чыталі дадатковую літаратуру, не падказваюць ім, па якія творы можна звярнуцца ў бібліятэкі? Чаму ў дзіцячых садках не чытаюць кніжкі на роднай мове і не выкарыстоўваюць сюжэты і персанажаў для ранішнікаў з беларускіх казак? Але давайце не будзем звязваць усе праблемы выключна з недасканаласцю адукацыйных праграм і недахопам апантаных, энергічных, прасунутых педагогаў.

На жаль, сёння не хапае чытачоў, якія б ведалі родную мову. Але праблема не толькі ў гэтым. Як заўважыла пісьменніца Алена Масла, часта нам больш цікава іншаземнае, чым сваё. Між іншым, замежныя выдавецтвы, пасольствы ўкладваюцца, у тым ліку і фінансава, каб раскруціць свае кнігі, персанажаў. А дзе (на якіх рэчах, на якіх сцэнах, на якіх святах) вы можаце ўбачыць айчынных кніжных герояў? Хоць беларускімі пісьменнікамі за апошнія гады створана багата цікавых вобразаў. Напрыклад, тая ж авечка Адэля, прыдуманая Наталляй Бучынскай, ужо стала інтэрактыўным персанажам, з якім дзеткі актыўна камунікуюць праз інтэрнэт.

Добра было б, каб пра беларускія кніжкі дзеці даведваліся і дзякуючы рэкламе на сшытках, альбомах для малявання — тут можна паказваць як вокладку кніжкі, так і браць з яе малюнкі.

Падчас круглага стала закраналіся і пытанні пра змест беларускай казкі. Напрыклад, спрэчкі разгарэліся вакол таго, як павінен выкарыстоўвацца фальклор пры напісанні сучасных твораў. Ці можа пісьменнік вольна абыходзіцца з народнымі вобразамі, «перакройваць» іх на свой капыл? Альбо ён павінен сур'ёзна ставіцца да фальклору,
раіцца з навукоўцамі, ведаць, якімі рысамі народ надзяляў тых ці іншых персанажаў і навошта наогул «запускаў» іх у свет. А пачалося ўсё са згадкі адной сучаснай казкі, у якой дзеці забылі пра маці і тая ператварылася ў Бабу Ягу. «Нельга, каб на адзіным падмурку вырасталі аднолькавыя пабудовы. Калі ні на крок не аддаляцца ад гэтага архетыпа, не будзе і развіцця вобраза, змянення ці з'яўлення новага адцення, — заўважае Наталля Бучынская. — Няхай ствараюцца розныя казкі: і больш класічнага стылю, і тыя, у якіх Бабе Язе надаюцца розныя функцыі».

Не трэба забывацца, што самі дзеці любяць «чараваць» над кніжнымі сюжэтамі, героямі. «Пахадзі, баба, па суседзях, патрасі па амбалах і збяры тону мукі», — напрыклад, так пачаў расказваць казку маленькі сын пісьменніка Валерыя Квілорыя. А далей панеслася: то спякла бабка статоннага калабка, то тысячу калабкоў, якія перамагалі звяроў у лесе. А чаму б не падтрымаць «хуліганскую» дзіцячую фантазію дарослым? І Валерый Квілорыя вырашыў стварыць для малых цікавы праект — аб'яднаў персанажаў з розных казак...

Валерый Гапееў заўважыў, што сёння не хапае пісьменнікаў, якія б прытрымліваліся серыяльнасці. Дзіцяці не вельмі цікавыя кніжкі, у якіх творы не звязаныя паміж сабой. Іншая справа, калі вялікая казка складаецца з маленькіх знітаваных гісторый.

Зразумела, у розных аўтараў свае сакрэты, як пісаць творы для юных чытачоў. Але ім трэба ўлічваць выклікі часу: усё ж свет, у якім растуць сучасныя хлопчыкі і дзяўчаткі, імкліва змяняецца. Але пісьменнікі ўпэўненыя, што казка немагчымая без такіх складнікаў, як забава, выхаванне, павучанне. «На нас вялікая адказнасць перад маленькім чытачом. Праз казку ён уваходзіць у свет дабра і зла, пазнае жыццё, з кожнага твора ён павінен вынесці нешта цікавае. Плюс нельга забывацца пра выхаваўчы падтэкст, але барані божа, каб павучальнае ў тэксце было шыта белымі ніткамі, — заўважыў лаўрэат нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшыя творы для дзяцей і юнацтва» Сяргей Давідовіч

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.

Грамадства

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

У лістападзе ў Мінску пройдзе Беларускі тыдзень моды.