Вы тут

Што ўваходзіць у склад касметычных сродкаў?


У рэкламных роліках касметыкі, як правіла, няма ні слова пра пабочныя эфекты. Але нават звычайная памада, як сцвярджаюць вучоныя, можа выклікаць карыес, хваробы нервовай сістэмы і нават пухліны.


Людзям, якія не жадаюць, каб сродкі па доглядзе за сабой прыцягнулі праблемы са здароўем, прыдзецца ўчытвацца ў дробны шрыфт. На першы погляд здаецца, што тут сам Мендзялееў нагу зломіць. Але ж 15 гадоў таму яшчэ ніхто не думаў пра надпісы на прадуктах, а цяпер любы школьнік ведае, для чаго ў каўбасу кладуць глутамат натрыю, а Е330 — гэта ўсяго толькі лімонная кіслата. У выпадку з касметыкай усё яшчэ прасцей: ведаць назубок варта ўсяго толькі пяць слоў з упакоўкі, каб зрабіць правільны выбар і не нашкодзіць здароўю.

«Цёмны бок» кампанентаў касметыкі праяўляецца не адразу. Шляхетныя асобы некалькі стагоддзяў таму выкарыстоўвалі пудру, каб скура арыстакратычных шчок выглядала роўнай і беласнежнай. Але ўся пудра была тады са свінцом, з-за яго з'яўляліся язвы, развіваліся пухліны мозга і параліч.

А бічом сучаснай касметыкі называюць фталаты. Іх ужо 50 гадоў дадаюць у пластмасу, каб надаць ёй гнуткасці. Гадоў 30 яны выконваюць гэтую ж ролю ў губной памадзе, а ў лак для пазногцяў іх дадаюць, каб ён менш сколваўся. Толькі сёлета пасля 10 гадоў даследаванняў нарвежскі інстытут аховы здароўя даказаў сувязь развіцця сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці ў дзяцей з тым, што іх маці фарбавалі пазногці і вусны да і падчас цяжарнасці касметыкай з фталатамі. Еўрапейскае аддзяленне «Грынпіса» забіла трывогу пасля даследавання 36 узораў духоў і туалетнай вады самых вядомых брэндаў. Фталатаў, якія выдатна фіксуюць пах у растворы і на скуры, не было ўсяго ў двух флаконах. Ад уздзеяння фталатаў церпіць жаночая рэпрадуктыўная сістэма — малочныя залозы, матка, прыдаткі. Даказана іх таксічнае ўздзеянне на ныркі, печань, лёгкія. На флаконах фталаты часцей за ўсё зашыфраваны (BzBP).

Падчас выбару масак ці крэмаў аддаваць перавагу варта тым, у складзе якіх няма мінеральных (або касметычных) масел. Мінеральнае масла гучыць як нешта натуральнае, з прыроды. Так і ёсць, бо яго робяць з цалкам прыроднай нафты. Састаў на такой аснове пакрывае скуру плёнкай, якая не ўвільгатняе, а не дае вільгаці выпарвацца. Пад плёнкай ствараецца парніковы эфект, і поры закаркоўваюцца. Дэрматолагі раяць выбіраць крэмы з арганічнымі масламі. Мінеральныя ніякай карысці нікому, акрамя вытворцаў, не нясуць, бо гэта танна, стабільна і яны не акісляюцца.

Магчыма, хутка ў касметыку забароняць дадаваць прапіленгліколь. Гэта ўніверсальны вязкі растваральнік, які ёсць нават у антыфрызе. А нядаўнія даследаванні паказваюць, што прапіленгліколь можа выклікаць сып, сверб, а таксама паверхневыя атручэнні, калі сродак з ім нанесці на скуру, дзе ёсць ранка. На ўпакоўках ён зашыфраваны як PEG або PPG-11, або PPG-15.

Варта пазбягаць фармальдэгіду. Яго на ўпакоўках пазначаюць як імідазолідынілмачавіна або гідраксіметылгліцэнат натрыю. Ён небяспечны і забаронены ў касметыцы ў ЗША і Еўропе, а вось у Расіі яго пакуль выкарыстоўваюць.

Пяты небяспечны кампанент — трыклазан. Паўстагоддзя таму гэтым пестыцыдам апрацоўвалі палі ад паразітаў. Потым яго сталі дадаваць у мыла, дэзадаранты і зубную пасту. Трыклазан у высокіх канцэнтрацыях парушае функцыю шчытападобнай залозы.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Небяспека са слоічкаў і флаконаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.