Вы тут

Вялікі тэатр запрашае гледачоў наталіць душу танцамі


Напярэдадні закрыцця тэатральнага сезона з 6 па 13 чэрвеня на сцэне Вялікага тэатра Беларусі пройдзе ўжо традыцыйны, пяты фестываль "Балетнае лета ў Вялікім". Сёлета гледачы ўбачаць найлепшыя спектаклі тэатра і маштабны гала-канцэрт, які аб'яднае зорак сусветнага балета з тэатраў Берліна, Дрэздэна, Лондана, Таліна, Масквы і Кіева, Вены і нават Пекіна. Іскрынкай праграмы стане адноўленая пастаноўка 1911 года — балет "Пятрушка" з легендарных "Рускіх сезонаў".


Як адзначыў знакаміты танцор і балетмайстар, народны артыст Расіі Андрыс Ліепа, нягледзячы на тое, што ён займаўся рэстаўрацыяй спектакля Ігара Стравінскага з 1993 года і зрабіў ужо больш як 30 пастановак у розных краінах, прэм'ера ў Мінску будзе асаблівай і максімальна блізкай да арыгінала. Напрыклад, нюансы народных танцаў прафесійным балетным танцорам дапамагаў засвоіць запрошаны кансультант з ансамбля танца Майсеева. Гэтаксама рупліва і далікатна падышоў пастаноўшчык да дэкарацый і касцюмаў, якія ўзнаўляліся па ўспамінах гледачоў і крытыкаў пачатку мінулага стагоддзя... Пастаноўка рыхтуецца трыма акцёрскімі складамі, але каму выпадзе адкрываць пяты сезон балетных вечароў — пакуль сакрэт, які раскрыецца толькі ў дзень прэм'еры, 6 чэрвеня.

6 і 7 чэрвеня следам за "Пятрушкай" тэатралы ўбачаць яшчэ два хіты "Рускіх сезонаў" — балеты "Шэхеразада" М. Рымскага-Корсакава і "Жар-Птушка" І. Стравінскага.

9 чэрвеня Вялікі тэатр прадставіць адну са сваіх візітных картак — "Спартака" А. Хачатурана. У далейшай праграме — прэм'ера сёлетняга тэатральнага сезона "Карсар" на музыку А. Адана, Ц. Пуні, Л. Дэліба, Р. Дрыга, П. Альдэнбургскага (10 чэрвеня), знакамітае "Лебядзінае возера" П. Чайкоўскага (11 чэрвеня) і леташняя прэм'ера — прытча пра каханне птушынае і чалавечае "Ор і Ора" М. Крылова (12 чэрвеня). Завершыць жа "Балетнае лета" зборны гала-канцэрт, у якім, паводле слоў мастацкага кіраўніка балета Вялікага тэатра Юрыя Траяна, нароўні з вядучымі танцорамі сусветна вядомых тэатраў возьме ўдзел практычна ўся харэаграфічная трупа Вялікага.

Білетаў на балетныя вечары ўжо амаль не дастаць. І гэта, бадай, найлепшая рэклама фестывалю, які за 5 гадоў ператварыўся сапраўды ў вялікую мастацкую падзею.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».