Вы тут

Сціраем рубяжы


Канферэнцыю Групы падтрымкі Шаўковага шляху ПА АБСЕ плануюць правесці ў Мінску.

Пра гэта расказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА на сустрэчы з міністрам замежных спраў Манголіі, кіраўніком мангола-беларускай парламенцкай групы ў Вялікім дзяржаўным хурале Манголіі Дамдзіны ЦОГТБААТАРАМ. Уладзімір Андрэйчанка звярнуў увагу, што Група падтрымкі Шаўковага шляху была створана летась падчас 26-й летняй сесіі ПА АБСЕ ў Мінску. У яе ўваходзяць 22 дзяржавы, у тым ліку Манголія. Па планах канферэнцыя адбудзецца ў першай палове 2019 года.


Звяртаючыся да двухбаковага супрацоўніцтва, старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў: «Нашы адносіны вельмі блізкімі, цёплымі былі і ў часы Савецкага Саюза. І вельмі добра, што апошнім часам дыялог паміж нашымі дзяржавамі аднавіўся». На думку Уладзіміра Андрэйчанкі, на сёння тавараабарот паміж Беларуссю і Манголіяй вельмі сціплы (крыху больш за $13 млн). Але дынаміка мінулага года і пачатку 2018-га паказвае рост. Акрамя таго, наладжваецца ўзаемадзеянне паміж міністэрствамі і ведамствамі абедзвюх краін, пашыраецца дагаворна-прававая база. Сур'ёзны рэзерв існуе ў міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Беларускія дэпутаты заўсёды адкрытыя да размовы і супрацоўніцтва, звярнуў увагу Уладзімір Андрэйчанка.

Таксама ён нагадаў, што сёлета сесія ПА АБСЕ адбудзецца ў Берліне і рэзалюцыя Беларусі датычыцца пытанняў развіцця лічбавай эканомікі. Яе ўжо падтрымалі 14 дзяржаў, такія як Швейцарыя, Вялікабрытанія, Канада і іншыя. Беларускі бок разлічвае і на падтрымку мангольскіх калег.

Дамдзіны Цогтбаатар падкрэсліў, што абедзве краіны важныя адна для адной як «вокны» ў Еўропу і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён. Асабліва гэта датычыцца экспарту Манголіі ў еўрапейскія краіны і Беларусі — у Кітай. Палітычны дыялог таксама дае штуршок для падтрымкі эканамічнага складніка. Мангольская эканоміка пачынае набіраць тэмпы: сёлета ВУП падрос у першым квартале на 6,1 %, знізілася беспрацоўе. Краіна знаходзіцца на другім месцы па тэмпе росту ў Паўночна-Усходняй Азіі пасля Кітая. Усе гэта адбіваецца на двухбаковым эканамічным супрацоўніцтве. Пры гэтым Манголія зацікаўлена, каб і бізнесы дзвюх краін лепш пазналі адзін аднаго.

Дамдзіны Цогтбаатар таксама сустрэўся з кіраўніком урада Беларусі Андрэем КАБЯКОВЫМ. Прэм'ер-міністр адзначыў: «З улікам увагі, якая ўдзяляецца ўрадамі нашых краін развіццю сельскай гаспадаркі, вялікія перспектывы мае ўзаемадзеянне ў галіне раслінаводства, жывёлагадоўлі, ветэрынарыі. У цяперашні час намі вывучаецца магчымасць рэалізацыі комплекснага праекта па стварэнні беларускім бокам першага ў Манголіі малочнага кластара». Пры гэтым наша краіна можа падзяліцца сучаснымі тэхналогіямі па перапрацоўцы, захоўванні і вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Акрамя супрацоўніцтва ў гэтай галіне, Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні паставак пасажырскіх аўтобусаў, камунальнай тэхнікі, абсталявання і тэхналогій. Андрэй Кабякоў прапанаваў асаблівую ўвагу ўдзяліць праектам вытворчай кааперацыі, у тым ліку сумесным прадпрыемствам па выпуску прадукцыі машынабудавання.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Сціраем рубяжы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.