Вы тут

Вера Ярошык: Музыка — галоўнае ў маім жыцці


Да нядаўняга часу пра аграгарадок Дзівін Кобрынскага раёна чулі нямногія. Але дзякуючы таленавітай дзесяцікласніцы Веры ЯРОШЫК пра гэта мястэчка даведаліся далёка за межамі Беларусі. Юная спявачка заняла другое месца на тэлевізійным праекце «Ты супер!», які выходзіў на расійскім тэлеканале НТБ. Гэта міжнародны вакальны конкурс для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Пранікнёнымі выступленнямі 16-гадовая Вера скарыла і прафесійнае журы, і гледачоў. Пра музыку ў сваім жыцці, самых блізкіх людзей і планы на будучыню дзяўчына расказала ў інтэрв'ю «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Вера, як трапіла на праект «Ты супер!»?

— Я спрабавала ўдзельнічаць усюды, наколькі гэта было магчыма ў маіх умовах. Пачатак паклаў рэспубліканскі конкурс «Я спяваю» на АНТ, які адбыўся ў 2012 годзе. Потым сталі запрашаць выступаць на канцэрты. Напэўна, таму арганізатары праекта на НТБ мяне і заўважылі. І так атрымалася, што ў снежні мінулага года яго партнёр — радыё Sputnіk — выйшаў на мяне і запрасіў на кастынг. А ў студзені паведамілі, што я прайшла адбор.

— Хто падбіраў рэпертуар на конкурсе? Ты змагла паказаць сябе ў розных вобразах...

— Гэта заслуга педагога праекта. Мне асабіста з нумароў больш за ўсё спадабалася песня «Обійми» «Акіяна Эльзы», бо яна самая душэўная. Мне здаецца, я змагла яе прачуць і перадаць пэўны настрой. У тыя моманты думала пра сваю бабулю: яна дапамагала мне, уклала сілы ў тое, каб я вырасла добрым дзіцем. Гэту песню я падарыла ёй. Хацела расчуліць бабулю.

На конкурсе Вера выконвала таксама кампазіцыі «Якім ты быў, такім ты і застаўся», «Fіre To The Raіn» (з рэпертуару брытанскай артысткі Адэль), «Мой родны кут» і «Зачарованая». Апошнія дзве гучалі ў дуэце з Русланам Аляхно. На памяць спявак падарыў дзяўчыне плюшавага мішку на ўдачу. Цяпер гэты талісман заўсёды з Верай.

— Што адчуваеш, калі выступаеш на сцэне?

— Стараюся максімальна адкрывацца гледачу, каб ён зразумеў сутнасць песні. Нейкага асаблівага рытуалу перад выхадам на сцэну ў мяне няма. Проста слухаю свайго педагога, запамінаю ўсе яго парады. Стараюся супакоіцца і менш дрыжаць. Часам, вядома, не хвалявацца не атрымліваецца, але я працую над гэтым.

— Які прыз атрымала за другое месца?

— Усім фіналістам выдзяляецца стыпендыя: яе будуць выплачваць штомесяц, пакуль нам не споўніцца 18 гадоў. Мне таксама падарылі гадавыя курсы вакалу ад аднаго з найлепшых педагогаў. А яшчэ мы едзем у «Артэк» — гэта вельмі круты лагер. Удзел у конкурсе даў мне шмат чаго. Я стала больш мудрай, развіла свае вакальныя даныя, завяла новыя знаёмствы. Унесла ў жыццё больш фарбаў, і мяне гэта вельмі радуе.

— Як даўно займаешся музыкай? Якая табе падабаецца найбольш?

— З шасці гадоў. Мяне заўважыла музычны педагог Дзівінскага дзіцячага дома. Пачынала я з выступленняў на ранішніках, розных святах. За 16 гадоў дакладна зразумела, што музыка — тое, да чаго ляжыць душа. Гэта самае галоўнае ў маім жыцці.

Музыка павінна адлюстроўваць твой душэўны стан — для мяне гэта поп-кірунак, такія кампазіцыі расслабляюць. Любімая спявачка — Арыяна Грандэ. Мне падабаецца яе творчасць, тое, як яна падыходзіць да справы. Гэта артыстка мяне натхняе.

— Чытала, што ты яшчэ іграеш на цымбалах. Чаму выбрала менавіта гэты інструмент?

— Усё атрымалася спантанна. Мая сяброўка пайшла ў музычную школу па класе цымбалаў, і я запісалася з ёй за кампанію. Сяброўка ў выніку заняткі кінула, а я засталася вучыцца. Не магла сысці, бо хацела развіваць свой слых. Хадзіла на цымбалы пяць гадоў, а цяпер трэці год займаюся на фартэпіяна.

— На праекце «Ты супер!» удзельнічаюць дзеці з няпростым лёсам... Ты памятаеш сваё жыццё ў сям'і, да дзіцячага дома?

— Я не хацела бы пра гэта расказваць. Навошта? Калі мне было тры гады, мае бацькі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, паколькі вялі няправільны лад жыцця — былі праблемы з алкаголем. Цяпер у нас усё добра, я з імі падтрымліваю адносіны.

У адным з сюжэтаў праграмы «Ты супер!» Вера казала: трапіць у дзіцячы дом — не самае жудаснае. «Калі была маленькая, вельмі крыўдзілася на бацькоў, вы проста не ўяўляеце як. Мне не хапала мамы і таты пастаянна. Цяпер я ўсё разумею і кажу сабе, што ўжо нічога не паправіць.

Зараз тата і мама змяніліся да лепшага. У матулі новая сям'я, і, калі яна спытала, ці хачу я, каб яна мяне забрала, адказала, што не. У яе цяпер дзіця маленькае. Мама сказала, што хоча пачаць новае жыццё. Я сама хачу таго ж. Cама яго пабудую».

— Бацькі бачылі твае выступленні па тэлебачанні?

— Вядома. Яны глядзелі кожны выпуск і хварэлі за мяне. Родныя ганарацца мной.

— Хто для цябе самы блізкі чалавек?

— Я люблю ўсю сваю сям'ю: маму, тату, брата, бабулю, да якой прыязджаю на канікулы. Гэта самыя блізкія людзі для мяне і яны застануцца такімі на працягу ўсяго жыцця. Нават нягледзячы на цяжкае дзяцінства. Яшчэ вельмі люблю былога дырэктара Дзівінскага дзетдома Веру Пятроўну Пікулу. Я з ёй знаёма 10 гадоў, і ўвесь гэты час яна імкнулася даць мне самае найлепшае. Вера Пятроўна вельмі добры чалавек, я да яе прывязалася.

— Пра што марыш?

— Каб усе родныя і блізкія былі шчаслівыя і здаровыя. У маіх планах добра скончыць адзінаццаты клас, здаць паспяхова ЦТ, паступіць у прэстыжны каледж ці ўніверсітэт. Буду развіваць свае вакальныя даныя і ўдасканальваецца. Пакуль не ведаю, куды паступаць. А калі вырашу, буду трымаць у тайне, бо лічу, што расказваць пра ўсе свае планы не заўсёды добра.

У школе Вера паглыблена вывучае беларускую і англійскую мовы. Сярэдні бал у дзяўчыны — 8,5.

— А які дзень для цябе самы шчаслівы?

— У кожным перыядзе майго жыцця ёсць такія дні. Вядома, момант, калі я стала фіналісткай праекта, лічу адным з самых эмацыянальных і важных, і я дагэтуль у шоку, што заняла другое месца. Хацела б падзякаваць усім гледачам, хто за мяне галасаваў, падтрымліваў, пісаў. Я ўсё чытаю, і мне вельмі прыемна.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?