Вы тут

Яны дапамагаюць «уключаць» імёны


Сёння «Чырвонка. Чырвоная змена» друкуе апошнія «пробы пяра» нашых юных і маладых няштатных аўтараў, якія паступілі на чарговы конкурс «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» і былі адабраны для публікацыі як найлепшыя. У найбліжэйшым выпуску дадатку плануецца падвесці вынікі творчага спаборніцтва і назваць імя (ці імёны) яго пераможцы (пераможцаў). Тады ж мы традыцыйна правядзём і невялікі «разбор палётаў».

А пакуль у якасці агульнага каментарыя (апроч, вядома, шчырых віншаванняў удзельнікам, чыя «пробы пяра» з'явіліся на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены») хацелася б сказаць наступнае. Конкурс чарговы раз засведчыў, што інтарэс да журналісцкай прафесіі з боку творчай беларускамоўнай моладзі не знікае. Гэта, канешне ж, не можа не радаваць, будучыя калегі! Менавіта так, паколькі мы спадзяёмся, што ўсе вы, хто марыць аб прафесіі, паступіце на журфак, адвучыцеся і прыйдзеце да нас працаваць. Уласна, конкурс для гэтага і задумваўся: дапамагчы таленавітым і настойлівым знайсці свой шлях у жыцці. Да нашых абавязковых наступных сустрэч!


Маладая журналістка Кацярына Сінюк дагэтуль часта ўспамінае гісторыю пра лёс дзяўчыны, якая вырашыла перад вяселлем зрабіць аперацыю па змене прыкусу. Вельмі ўжо хацелася быць прыгожай на фота! Здавалася б, звычайная працэдура, але нешта пайшло не так, і нявеста ўпала ў кому. Дзяўчына ляжала дома, не падаючы прыкмет жыцця, яе з цяжкасцю даглядала старэнькая маці. Калі Кацярына напісала пра гэта, нераўнадушныя сталі прывозіць памперсы, прадукты харчавання. А праз некалькі тыдняў усе аб ёй забыліся... Але ж у такой сітуацыі дапамога неабходная пастаянна. Як і ў выпадку з Ігарам, які, будучы паралізаваны, восем гадоў жыў адзін у кватэры ў цэнтры горада! Усе былі настолькі занятыя сваімі справамі, што ніхто нават не падазраваў аб становішчы гэтага чалавека. Ён зусім не мог сябе даглядаць і меў патрэбу ў дапамозе сясцёр міласэрнасці з «патранажнай службы».

І тады Кацярына задумалася: як зрабіць так, каб людзі маглі не толькі даведацца пра нейкую праблему і абурыцца, але і паўдзельнічаць у яе вырашэнні. «Я пачала шукаць адказ на пытанне, як можна злучыць журналістыку з нейкай сілай, якая на пастаяннай аснове магла б займацца сістэмнай дапамогай», — успамінае дзяўчына. Так нарадзілася ідэя стварэння дабрачыннай платформы.

Спачатку гэта быў проста часопіс «Імёны», што асвятляў вострыя сацыяльныя пытанні. Але цяпер акрамя рэдакцыі тут ёсць і праектны аддзел, які займаецца прыцягненнем грамадскага фінансавання да вырашэння розных праблем, а з канца 2017 года збірае ахвяраванні і ад бізнес-кампаній. Любы ахвотны можа зрабіць не толькі рэпост у сацыяльнай сетцы, але і аказаць падтрымку канкрэтным людзям і праектам. У артыкулах «Імёнаў» ёсць кнопка «Дапамагчы», націскаючы якую чалавек робіць грашовы перавод. Напрыклад, любы можа паўдзельнічаць у тым, каб наняць няню для дзяцей у бальніцах, якія з розных прычын засталіся без бацькоў. Гэты праект Чырвонага Крыжа пачынаўся ў 2016 годзе з аднаго такога работніка ў гродзенскай бальніцы, а цяпер ім ахоплены чатыры вобласці і сталіца. У фінансаванні «Няняў» паўдзельнічала ўжо больш за тысячу чалавек.

— Летась, у кастрычніку, упершыню ў Беларусі быў запушчаны першы дабрачынны сэрвіс падпіскі. «Мы далі магчымасць ахвотным не толькі разава рабіць перавод, але і падпісвацца на аўтаматычнае спісанне са сваёй карткі любой сумы штомесяц. Бо многія праекты, такія як «Няня замест мамы», павінны функцыянаваць стабільна. Валанцёры — вельмі патрэбныя і важныя людзі ў кожнай справе, але абавязкова павінен існаваць касцяк, каманда, якая будзе працаваць пастаянна і атрымліваць аплату за гэта, — тлумачыць журналіст.

Праз два гады існавання платформы «Імёны» лічбы кажуць самі за сябе. За гэты час больш за 30 тысяч чалавек адгукнулася і падтрымалі каля 25 праектаў. Сабраная сума ў 400 тысяч долараў — рэкордная для дабрачыннага краўдфандынгу. Адсюль і назва праекта. За рашэннем кожнай праблемы стаіць канкрэтны чалавек. «Імёны» — гісторыі, лёсы і ўчынкі беларусаў.

— У сябе на пляцоўцы мы збіраем грамадскія арганізацыі, кожная з якіх працуе з рознай мэтавай групай. Іх профіль — ад школы для людзей, што перажылі трансплантацыю, да сталовай для бяздомных і дапамогі жанчынам і дзецям, пацярпелым ад гвалту. Для нас усе праекты важныя. Але мы фінансуем тыя, якія дапамагаюць не камусьці аднаму, а многім. Напрыклад, збіраем сродкі не для кожнага асобнага хворага дзіцяці з рэдкім нервова-мышачным захворваннем, а на дзейнасць арганізацыі, якая будзе штодня займацца праблемамі такіх хворых, а менавіта фонду «Геном», у якога сёння больш за 70 падапечных дзяцей і дарослых, — гаворыць Кацярына.

Можна пералічыць праекты, у якіх удзельнічала больш за ўсё ахвотных: «Няня замест мамы», выязная служба дзіцячага хоспіса, пошукавы атрад «Анёл», дыстанцыйнае навучанне інвалідаў. Апошнюю ініцыятыву стварыў паралізаваны хлопец з Барысава. Ён навучыўся кіраваць камп'ютарам пры дапамозе голасу, і цяпер дапамагае такім жа, як сам. Яму прыйшло ўжо больш за 500 заявак для навучання ў гэтай школе. Ёсць праект ІT-курсаў для дзяцей з прытулкаў Мінска, куды прыходзяць выкладчыкі і дапамагаюць рабіць сайты, асвойваць новыя тэхналогіі. На чарзе — не менш за дзесяць іншых буйных праектаў.

Каб выказаць валанцёрам падзяку за дапамогу, ім дораць выключальнікі, зробленыя рукамі слабавідушчых людзей на маладзечанскім заводзе. Іх афармляюць у выглядзе магнітаў на халадзільнік, а дызайнеры наносяць надпіс «Імёны». Называецца падарунак «Уключальнік Імёнаў».


Пра аўтара

— Мая бабуля працавала ў рэдакцыі газеты «Светлы шлях» на пасадзе рэдактара аддзела праграмы «Смаргонскае радыё». Яе брат быў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі газеты «Святло камунізму» (цяпер «Маладзечанская газета»). Я рыхтуюся працягваць сямейную дынастыю, — падзялілася сваімі планамі аўтарка. — Па сваёй натуры я актыўны і творчы чалавек. Мне падабаецца гэты асаблівы рытм жыцця: сустракацца з новымі цікавымі людзьмі, знаходзіцца ў курсе ўсяго таго, што адбываецца, даведвацца першай аб падзеях і здарэннях. Гэта цікавая і творчая прафесія, якая дае магчымасць падарожнічаць, адкрываць свет для сябе і іншых.

На творчым рахунку Надзеі — дзве апублікаваныя ў рамках сёлетняга конкурсу работы.

Надзея БОБРЫК, вучаніца 11 класа гімназіі № 7 г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.