Вы тут

Як працуе брыгада электраманцёраў


Сяргей Лях — адзін з тых, хто дапамагае праводзіць электрычнасць у нашы дамы. У літаральным сэнсе. Калі пасля навальніцы альбо моцнага ветру яна знікае, брыгада электраманцёраў выязджае на ліквідацыю непаладак нават пасярод ночы.


Да выбару сваёй прафесійнай будучыні дзевяцікласнік паставіўся сур'ёзна і, можна сказаць, з разлікам. Падбіраў профільныя сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы ў Мінску так, каб можна было вучыцца там адначасова са старэйшай сястрой, якая тады паступала ў медыцынскі ўніверсітэт. Сяргея зацікавіла энергетыка, ён быў упэўнены: з такой спецыяльнасцю можна дзе заўгодна ўладкавацца. Так жа асэнсавана хлопец потым шукаў першае працоўнае месца. У выніку трапіў, куды хацеў, — вярнуўся на радзіму, у Лепельскія раённыя электрасеткі. На пытанне, чаму не захацеў застацца ў сталіцы, Сяргей адказвае:

— Вялікі горад мяне не ўразіў. Так, я з задавальненнем прыязджаю да аднагрупнікаў альбо на адпачынак, але жыць там не хацеў бы, не люблю мітусні. Мне нават у кватэры няўтульна, таму будую прыватны дом у прыгараднай вёсцы з умовамі, лічы, гарадскімі. Яшчэ наведваю бацькоў, дапамагаю ім з агародам і гаспадаркай. Да працы з зямлёй прывучаны з маленства, магу трактарчык адрамантаваць, зямлю ўзараць, дровы прывезці і пакалоць — і сабе, і суседзям, — без праблем.

Падчас вучобы ў Мінскім дзяржаўным энергетычным каледжы будучым спецыялістам расказвалі пра работу станцый і падстанцый, а вось патрэніравацца з рыштункам амаль не даводзілася. Давучваўся Сяргей ужо ў калег па брыгадзе. Сапраўдным электраманцёрам навічок можа назваць сябе толькі праз некалькі месяцаў пасля пачатку работы, калі вытрымлівае экзамен. Да гэтага моманту ён вучыцца ў настаўніка — вопытнага ў прафесіі чалавека. Сяргей жартам называе «Правілы тэхнікі бяспекі пры эксплуатацыі электраўстановак» сваёй настольнай кнігай, менавіта па ёй хлопец рыхтаваўся да іспытаў перад камісіяй ад прадпрыемства.

Выдатнае веданне тэхнікі бяспекі — абавязковае, бо прафесія адносіцца да небяспечных. Ёсць шмат абставін, калі электраманцёр не можа працаваць, у першую чаргу, яны звязаны з неспрыяльным надвор'ем. Хоць, калі адбыўся абрыў на лініі і вёска або ферма засталіся без электрычнасці, даводзіцца шукаць кампраміс, бо пакідаць людзей «без святла» таксама нельга.

...Перад тым, як падымацца на апору, Сяргей апранае спецвопратку. Прапануе здагадацца, колькі каштуе такая амуніцыя? Зразумела, пытанне з падвохам: на недасведчаны погляд тканіна нічым асабліва не вылучаецца, хіба што даволі шчыльная.

Як аказалася, кошт касцюма ад тэрмічных рызык, спецыяльных чаравікаў, нацельнай бялізны, пояса, каскі, лазаў («кошак») па бетоне можа даходзіць да тысячы долараў.

Безумоўна, спецвопратка выконвае ахоўныя функцыі, але часам прымушае папацець. У гэтым Сяргей упэўніўся на рэспубліканскіх спаборніцтвах па прафесійным майстэрстве.

— Памятаю, была сапраўдная летняя спёка градусаў пад трыццаць, а мы выконвалі заданні на хуткасць і ў поўнай амуніцыі: форма, бялізна, кофта да горла, падшлемнік... Дык вось, калі потым вешаў адзенне на крэсла, то да вечара пад ім збіралася сапраўдная лужына.

На рэспубліканскіх спаборніцтвах у 2014 годзе брыгада з Лепеля выступала ад Полацкіх электрасетак. Упершыню прабіўшыся ў фінал, хлопцы занялі трэцяе месца. Летась лепельскія электраманцёры таксама выйшлі на «рэспубліку» і гэтым разам саступілі толькі калегам з Гродна.

Калі на спаборніцтвах Сяргей выкладваецца поўнасцю, то ў звычайным жыцці лічыць сябе чалавекам неэкстрэмальным.

— Пакуль вучыўся, разам з сябрамі дзеля цікаўнасці скокнуў з парашутам. Уражанні пасля свабоднага падзення невытлумачальныя, але паўтарыць пакуль не цягне. Кола паміж працай і домам разбіваю вандроўкамі. Летась разам з сям'ёй наведалі Чэхію, пабывалі ў старажытнай і прыгожай Празе. Хацелася б яшчэ трапіць у Германію, ці — чым чорт не жартуе — у Амерыку.

Са сваёй жонкай Сяргей пазнаёміўся, калі дзяўчына прыехала на лета ў вёску з Растова-на-Доне. Сяргей жартуе, што характарамі яны не сышліся, але гэта не перашкодзіла згуляць вяселле. Калі ў пары нарадзіўся хлопчык, кожны з бацькоў меў свой варыянт імя. Спрэчкі вырашыла цешча, якая параіла назваць хлопца Платонам.

— Я задаволены тым, як усё склалася, — падводзіць вынік гутаркі Сяргей. — У мяне звычайная сярэдняя спецыяльная адукацыя, але на курсах павышэння кваліфікацыі атрымаў сумежныя спецыяльнасці стропальшчыка і работніка люлькі. Пяць гадоў працоўнага вопыту дазваляюць стаць майстрам брыгады. Ведаю, што некаторыя імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю проста дзеля дыплома, але вучоба ва ўніверсітэце не гарантуе выпускнікам ні добрага працаўладкавання, ні высокіх заробкаў.

Проста існуе такі тып людзей, якім прасцей рабіць нешта сваімі рукамі, прычым рабіць гэта выдатна. Хоць калі ты плануеш рухацца далей у прафесіі і дасягаць нейкага новага ўзроўню, тады, насамрэч, патрабуюцца дадатковыя веды.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Мінск — Лепель — Мінск

Загаловак у газеце: На вышыні і пад напружаннем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».