Вы тут

Пра вясковую салідарнасць і пакручасты лёс


Хацела гэтым разам цалкам напісаць пра вясковы калектывізм альбо салідарнасць, бо з'ява гэта апошнім часам не сказаць каб масавая. Але ж гэтыя гісторыі пра адну і тую ж жанчыну. Таму ўсё разам і склалася.


А салідарнасць, вельмі нават высакародную, у дадзеным выпадку праявілі жыхары адной зусім невялікай вёскі. Пра гэта крышачку пазней. Жанчына, тая, што дзяўчынкай у пяць гадоў засталася без маці, вярнулася сюды з горада ў далёкія ўжо дзевяностыя гады з маленькім сынам. Яна з маленства вучылася выжываць, і тыя ўрокі жыцця часам былі даволі жорсткія. Але з юнацтва Валя засвоіла, што разлічваць даводзіцца толькі на сябе, ніхто ніколі нічым не дапаможа.

Пасля школы, недзе ў 70-я, яна прыехала ў Мінск, уладкавалася на працу. Усе рамантычныя мары і надзеі разбіліся пасля першага няўдалага шлюбу. Валя выйшла замуж і пераехала да мужа ў адну з паўднёвых рэспублік. І пражыла там даволі гадоў, пакуль выпадкова не даведалася, што муж не можа мець дзяцей у выніку перанесенай у дзяцінстве хваробы. Не такі ўжо вялікі грэх, тым больш што не сам жа чалавек вінаваты. Але яна не змагла змірыцца з падманам, з тым, што не сказаў ёй сумленна адразу. Словам, сабрала рэчы і вярнулася ў Мінск, каб пачаць жыццё спачатку. Найперш уладкавалася на працу з перспектывай атрымаць жыллё. А тут — развал Саюза, крызіс на прадпрыемстве. Паспела, як той казаў, у апошні вагон: здолела выбіць сабе кватэру, ледзь не зубамі яе выгрызла, тую аднапакаёўку. Так што свой дах над галавой займела. І па-ранейшаму хацела мець дзяцей. Таму і рашылася нарадзіць, калі было ўжо добра за трыццаць.

Хлопчык з'явіўся на свет здаровенькі ды прыгожанькі, на яе вялікае шчасце. Да біялагічнага бацькі яна ніякіх прэтэнзій не мела, у яго ж была свая сям'я. А калі жыць на дзіцячую мізэрную дапамогу тых гадоў стала немагчыма, здала сваю мінскую кватэру і паехала ў тую самую вёску ў стары бабулін дом. У ёй Валі ўсе спачувалі, памяталі яе сіратой, дапамагалі, чым маглі. Ну і не без іх дапамогі яна сустрэлася з былым вайскоўцам Аляксеем, які пераехаў да маці ў суседнюю вёску. У Аляксея пасля Афгана сям'я распалася, засталіся дзве дачкі. Былая жонка, можна сказаць, перадала Валі ў спадчыну крыху абразлівую мянушку «кантужаны». Ён і праўда атрымаў там і кантузію, і цяжкія раненні. Чалавек бачыў пачварны твар вайны, цудам застаўся жыць, і, як многія яго таварышы-аднапалчане, заглядваў у чарку.

Але потым, нібы апамятаўшыся і сышоўшыся з Валяй, ён усё ж такі піць кіне. І сына яе палюбіць. Аляксей прыйшоў да Валянціны, калі хлопчыку было два гады, гадавалі яго разам. Не сказаць, што ўсё было гладка, бо жылі больш на два дамы: яна — да пенсіі ў Мінску, ён — у вясковым доме Валінай бабулі. Хату ён давёў да толку, бо рукі мае залатыя, яшчэ і суседзям рамонт парабіў, гэта значыць, капейку ў сям'ю прынёс. І ўсё ў іх было няблага, пакуль бацька Вадзіка не аб'явіўся праз 22 гады. А сын і не ведаў пра яго. У вёсцы за ўвесь гэты час хлопцу ніхто не сказаў, што Аляксей не родны бацька! Гэта пра вясковую людскасць і салідарнасць найвышэйшага гатунку.

Ну, прыехаў, нібы снег на галаву. Аказваецца, у яго трэцяя жонка памерла, адзіны сын загінуў. Застаўся чалавек без нікога і ўспомніў пра таго, выпадковага, сына. А той тым часам у арміі служыў пасля заканчэння ВНУ. Спачатку Вадзім не хацеў нават сустракацца з наваспечаным бацькам, што цалкам зразумела. Але Валя стала ўсяляк таму спрыяць, угаворвала сына, падвучвала бацьку, як лепш сказаць, што завезці ў войска хлопцу. А жанчынам-аднавяскоўкам без утойвання гаварыла, што стараецца для сына, бо чалавек застаўся адзін, у яго кватэра-машына, рахунак у банку — усё хлопцу застанецца. Аляксей, вядома, хадзіў абражаны. Ён жа гадаваў апошняга, вучыў, столькі гадоў пражылі разам, усё было агульнае, а цяпер яго, нібы тую рэч, крыху адсоўваюць. Некаторыя паспяшаліся асуджаць Аляксея, маўляў, стукнуў бы кулаком па стале ці наогул кінуў яе, такую! Але ён ужо кідаў адзін раз, нічога добрага з гэтага не выйшла. Таму чакаў.

Ды не прайшло і года, як зноў усё памянялася і Аляксей заняў сваё месца гаспадара. Аказалася, той самы бацька Вадзіма знайшоў сабе нашмат маладзейшую жанчыну з трыма ці чатырма дзецьмі. Зразумела, калі была трэцяя жонка, чаму не можа быць і чацвёртай? І Валя вельмі рацыянальна разважыла, што ім з сынам нічога не свеціць з яго маёмасці, тым больш нерухомасці. Таму ўсе стасункі з былым каханкам звяла да нуля, вярнула на свае кругі ранейшае сямейнае жыццё, на радасць Аляксею. Вось такая рэальная гісторыя адной самай сапраўднай вёскі, што знаходзіцца недзе паміж Брэстам і сталіцай. А тым, хто спяшаецца асудзіць у гэтай гісторыі Валянціну, скажу так: пажывіце з маленства без маці, пагадуйце дзіця без мужа, ва ўсім і заўсёды абапіраючыся толькі на сябе. Тым жа, хто бярэцца судзіць Аляксея, прапаную: пабывайце ў самым пекле вайны, страцьце сям'ю, веру ў хоць нейкую справядлівасць і знайдзіце сілы жыць далей. А потым ужо гаварыце.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?