Вы тут

Чым актывізацыя адносін Беларусі і Кітая карысная для двух бакоў?


У хуткім часе распачнецца афіцыйны візіт кіраўніка нашай дзяржавы ў кітайскі Цындаа, дзе адбудзецца саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. На яго палях плануецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Да гэтага ў беларускую сталіцу завітаў намеснік старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Ван Цішань. Чаму зараз назіраецца такая актывізацыя кантактаў і чым гэта карысна для абодвух бакоў? Пра гэта «Звяздзе» расказала Вольга Кулай, аналітык Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, аўтар-удзельнік «Мінскага барометра».


— Як статус назіральніка Беларусі ў ШАС уплывае на беларуска-кітайскія адносіны?

— Ён дазваляе ўдзельнічаць у сустрэчах найвышэйшага і высокага ўзроўню арганізацыі. Для Беларусі ШАС — гэта шматбаковая пляцоўка, якая дазваляе акрамя ўдзелу ў мерапрыемствах парадку дня арганізацыі таксама прадоўжыць дыялог з нашымі партнёрамі — Расіяй, Кітаем і іншымі.

Зараз КНР актыўна прасоўвае ініцыятыву «Адзін пояс і адзін шлях» і задзейнічае для гэтага ў тым ліку і ШАС. А для нас гэта магчымасць прапанаваць свае варыянты ўдзелу ў ініцыятыве.

Чарговая сустрэча кіраўнікоў Кітая і Беларусі на палях ШАС — добрая пляцоўка для таго, каб чарговы раз, ужо пасля візіту Ван Цішаня ў нашу краіну, які адбыўся на мінулым тыдні, абмеркаваць планы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва на найбліжэйшы час.

— На дадзеным этапе заключаны кантракты з кітайскім бокам на пастаўку беларускай мяса-малочнай прадукцыі, чакаецца іх рэалізацыя. Але аб'ёмы пакуль не ўражваюць...

— Бо мы толькі намацоўваем магчымыя варыянты пашырэння экспарту. Тут важна разумець, што традыцыйным нашым партнёрам з'яўляецца Расія, а не Кітай. Ідэя экспарту сельгаспрадукцыі ў КНР распрацоўвалася даўно, і затрымку ў з'яўленні кантрактаў можна растлумачыць тым, што шмат часу пайшло на тое, каб зразумець, як гэты рынак працуе. Ды і ўваход на яго выклікаў складанасці, бо на ім спецыфіка адрозная ад нашай. Час пайшоў і на пошук партнёраў.

Далей больш эфектыўным крокам можа стаць стварэнне сумесных кампаній з кітайскімі партнёрамі па экспарце нашай прадукцыі на рынак КНР. Гэта асноўная мадэль, па якой дзейнічаюць і заходнія краіны для ўваходжання на кітайскі рынак. Кітай таксама шмат чаго закупае, і чаму б Беларусі не стаць адной з краін-імпарцёраў, раз наша прадукцыя адпавядае патрабаванням якасці і ўвогуле мае станоўчы імідж за мяжой?

Акурат у красавіку ў Шанхаі створана сумеснае прадпрыемства, якое стане аператарам паставак беларускай прадукцыі ў Кітай. Трэба адзначыць, што і іншыя кітайскія кампаніі таксама выказалі зацікаўленасць у такім супрацоўніцтве, зараз ідуць перагаворы.

— Раз у нас так актывізаваліся беларускія пастаўкі, ці чакаць наплыву кітайскіх тавараў у Беларусь?

— Выхад на рынак Кітая беларускай прадукцыі не ўказвае на тое, што ў адказ ад КНР будуць такія ж дзеянні. У Кітая і Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі ўжо сфарміраваліся традыцыйныя экспартныя рынкі. Калі для нас гэта Расія, то для Кітая найбуйнейшым гандлёвым партнёрам зараз з'яўляюцца ЗША. І наўрад ці гэтыя пазіцыі значна зменяцца.

Кітайскія пастаўкі змогуць павялічыцца ў тым выпадку, калі будзе расці попыт сярод беларусаў, якія вырашаць прагаласаваць рублём за кітайскія тавары. Але пакуль мы не ствараем нічога падобнага, напрыклад, на прадукцыю кампаніі Xіaomі такой жа якасці і кошту. Магчыма, у кантэксце сусветнага размеркавання вытворчасці Беларусі гэта і не трэба.

— Не думаю, што ў пастаўках мы абмяжуемся аднымі прадуктамі харчавання. А як жа тавары з высокай дабаўленай вартасцю, высокатэхналагічная прадукцыя? Час ад часу ідуць гутаркі аб стварэнні адпаведных вытворчасцяў, але пакуль канкрэтных вынікаў не відаць.

— Сапраўды, тут ёсць складанасці. Для стварэння адпаведных прадпрыемстваў, у тым ліку высокатэхналагічных, асноўнай двухбаковай пляцоўкай сёння з'яўляецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». У дачыненні да яго адно з галоўных пытанняў — фінансаванне. Беларускі бок не мае магчымасці ўкласці значную суму ў будаўніцтва інфраструктуры. Зараз, каб адшукаць фінансаванне, быў створаны, напрыклад, сумесны інвестыцыйны фонд. Ідуць перагаворы з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, каб зняць недахоп у фінансаванні.

Трэба разумець, што Кітай — гэта вельмі практычны інвестар. Ён паводзіць сябе часта як заходні. Каб інвестар з КНР прыйшоў у Беларусь, патрэбна больш глыбокая прапрацоўка праектаў з нашага боку. Праекты, якія прапаноўвае беларускі бок, натуральна, ствараюцца ў інтарэсах нашай краіны. Але кітайскія інвестары падчас лічаць прапрацоўку ідэй недастатковай, што не дае магчымасці ў пэўнай ступені асэнсавана прыняць рашэнне аб далейшым удзеле. Таму і некаторыя прапановы беларускаго боку застаюцца без водгуку.

— Ажыўленне кантактаў, ажыццяўленне паставак, сустрэчы на высокім узроўні... Зараз беларуска-кітайскія адносіны значна актывізаваліся. Але навошта такія наладжаныя кантакты абодвум бакам?

— Па-першае, гэта заканамерны вынік двухбаковай працы нашых ведамстваў, у тым ліку пасольстваў. Па-другое, у мадэлях нашых знешніх палітык і эканомік можна пабачыць падобныя рысы. І Кітай, і мы імкнёмся да дыверсіфікацыі. Беларусь — краіна невялікая па памеры з абмежаванымі рэсурсамі, на якія мы можам абапірацца хоць бы з пункту гледжання фінансавання. Затое можам эфектыўна кіраваць тымі рэсурсамі, якія ў нас ёсць, для таго, каб прыстойна функцыянаваць на дзяржаўным узроўні. Для гэтага нам патрэбна інтэграцыя з максімальнай колькасцю структур і краін — Расіяй, Еўрапейскім саюзам, Еўразійскім эканамічным саюзам, Азіяй, Блізкім Усходам і іншымі партнёрамі.

Кітай робіць амаль тое ж самае. Ён удзельнічае ў міжнародных арганізацыях, калісьці створаных Захадам, і адначасова стварае свае інстытуты, напрыклад, Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый. У КНР зараз на гэта ёсць рэсурсы, таму што яна ўжо выйшла са стадыі накаплення капіталу, распачатай у 1978 годзе, калі была абвешчана Палітыка рэформаў і адкрытасці. Праз наладжванне сувязяў з іншымі краінамі Кітай, як і Беларусь, спрабуе дыверсіфікаваць свае рызыкі.

Палітыка не можа існаваць без эканомікі. У любога палітычнага супрацоўніцтва павінен быць эканамічны падмурак, які мы паступова ствараем. Але важна памятаць, што добрымі палітычнымі адносінамі кітайскага інвестара ўкладацца не пераканаеш. Тым не менш інвестары на наш рынак прыходзяць і прапановы з'яўляюцца. Усё ж такі мы ім цікавыя. Наколькі — трэба разглядаць у кантэксце інтэграцыі Беларусі ў эканамічныя суполкі і арганізацыі (ЕАЭС, ЕС, Сусветная гандлёвая арганізацыя), а таксама беларускага ўплыву ў іх.

На дадзеным этапе беларускі МЗС праводзіць работу па нармалізацыі адносін з ЕС і магчымым падпісанні базавага пагаднення Беларусі з ЕС. Нягледзячы на санкцыі, такое пагадненне, напрыклад, існуе паміж ЕС і Расіяй. Для Кітая яго падпісанне будзе вельмі важным, бо такім чынам адкрываюцца новыя рынкі збыту. А гэта другое пасля інфраструктуры пытанне ў развіцці «Вялікага каменя». І для гэтага не патрэбна ўдзяляць менш увагі нашым адносінам з традыцыйнымі партнёрамі — і з Расіяй, і ў рамках ЕАЭС.

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Выйграем за кошт інтэграцыі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.