Вы тут

Як з-за рэўнасці можна апынуцца на лаўцы падсудных


Судовыя эксперты падказалі, як засцерагчы сябе ад небяспекі падчас карыстання гаджэтамі.


Мясцовы Атэла

Супрацоўнікі аддзела спецыяльных і тэхнічных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці расказалі гісторыі пра тое, як раўніўцы карыстаюцца «шпіёнскімі праграмамі».

Напрыклад, адна з «ахвяр свайго ж нездаровага кахання» — 17-гадовы жыхар Новалукомля, які вучыўся ў Віцебску, пяць месяцаў шпіёніў за каханай. Для гэтага ўсталяваў на мабільны тэлефон дзяўчыны спецыяльную праграму. Купіў яе праз інтэрнэт. Яна дазваляла кантраляваць, як кажуць эксперты, персанальную інфармацыю. Ён ведаў, калі і хто «даме яго сэрца» тэлефануе, чытаў SMS-паведамленні. Паралельна атрымаў доступ да яе акаўнтаў у сацыяльных сетках. Нават дзе яна знаходзіцца — усё яму было вядома. Пра некаторыя факты расказваў знаёмым. Перыядычна раўнівец блакіраваў дзяўчыне магчымасць карыстацца смартфонам.

За такія дзеянні, а дакладна — за несанкцыянаваны доступ да інфармацыі і неправамернае атрыманне камп'ютарнай інфармацыі, «шпіён» можа быць пакараны не толькі штрафам, але і рэальным пазбаўленнем волі — да двух гадоў. Але гэтае рашэнне ўжо будзе прымаць суд.

Акрамя гэтага, правінцыйны Атэла, як высветлілася падчас следства, ноччу падпаліў кватэру, якую арандавала дзяўчына. Страту ад пажару ацанілі на суму больш за 4500 рублёў. Агонь мог бы распаўсюдзіцца і на кватэры па суседстве. Добра, што сведка пажару як толькі заўважыў агонь, хутка набраў нумар службы выратавання.

У яшчэ аднаго раўніўца з Бешанковічаў таксама «знесла дах». Ён скарыстаўся тым, што яго каханая не закрывала сваю старонку ў сацыяльнай сетцы. Пачаў перапісвацца ад яе імя, а потым наогул выдаліў акаўнт.

Эксперты раяць: калі поўнага даверу няма тым, хто можа скарыстацца тваім гаджэтам, не трэба захоўваць аўтаматычнае адкрыццё асабістых старонак у сеціве пасля таго, як захавалі пароль.

Двухфактарная аўтэнтыфікацыя

Наогул, з паролямі, паважаныя чытачы, жартаваць не трэба. З вашай старонкі, напрыклад «УКантакце», зладзеі могуць распаўсюджваць усё, што пажадаюць. У тым ліку файлы з забароненай інфармацыяй — інакш, для дарослых. І, пакуль ахоўнікі права не разбяруцца, першым падазраваным напачатку будзе ўладальнік старонкі, а значыць — вы.

Многія выкарыстоўваюць два-тры паролі, а бывае, наогул адзін для адкрыцця ўсіх старонак сацыяльных сетак, электроннай пошты. Спецыялісты чарговы раз нагадалі і пра тое, што існуюць базы пароляў, на якіх зарабляюць хакеры. І нават з-за акіяна незнаёмыя вам людзі могуць падабраць паролі і даставіць шмат непрыемнасцяў. Вы гэта адчуеце, калі аднойчы, напрыклад не атрымаецца ўвайсці ў сваю паштовую скрыню.

Дарэчы, паролі трэба змяняць як мага часцей. Каб не забыцца, запісваць іх у нататнік. І, зразумела ж, нікому паказваць іх нельга.

А яшчэ эксперты раяць скарыстацца магчымасцю двайной абароны ад узлому пароляў або, інакш кажучы, двухфактарнай аўтэнтыфікацыі. Трэба «прывязаць» уваходы ў пошту, на свае старонкі ў сацыяльных сетках да мабільнага тэлефона.

Можна падстрахавацца і так: інфармацыя аб спробе ўваходу ў пошту будзе перадавацца на іншы адрас электроннай пошты.

Універсальныя спецыялісты

Супрацоўнікі аддзела, як той казаў, — «штучны тавар». Сёння тут працуюць 10 чалавек. Сярод задач, якія яны выконваюць, правядзенне тэхнічных экспертыз радыёэлектронных прылад, выманне інфармацыі з носьбітаў электроннай інфармацыі. Плюс выязджаюць на месцы злачынстваў, дзе патрабуецца іх кансультацыя, яшчэ яны — спецыялісты на судовых працэсах. Супрацоўнічаюць з праваахоўнікамі: Следчым камітэтам, МУС, пагранічнай службай...

Усё больш прыкладаў, калі эксперты дапамагаюць змагацца з распаўсюджваннем наркотыкаў, бо перапіска паміж зладзеямі, якія гэтым займаюцца, часта вядзецца ў сеціве.

Тэхнічнае забеспячэнне ў аддзеле — па апошнім слове тэхнікі. Напрыклад, ёсць апаратура ізраільскай вытворчасці. Яна распрацавана для выкарыстання ў палявых умовах. Такую ў нашай краіне можна на пальцах пералічыць. Знешне — маленькая прамавугольная «скрынка». Але менавіта дзякуючы ёй можна «залезці ўнутр» гаджэтаў: мабільнікаў, планшэтаў і іншых сродкаў камунікацыі. І там праглядзець неабходныя файлы з тэкстамі, фота, вызначыць, што было адпраўлена па электроннай пошце, якія сайты наведваліся і гэтак далей.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Загаловак у газеце: «Шпіёнскія» гульні з каханай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?