Вы тут

Як будзе развівацца Магілёўскі раён?


Магілёўскі раён адзін з паспяховых у вобласці. Сёлета спаўняецца пяць гадоў з таго моманту, як раённую ўладу ўзначаліў аўтарытэтны і добрасумленны кіраўнік Анатоль Дуцько. У яго актыве медаль «За працоўныя заслугі» і ордэн Пашаны. Падчас размовы з ім мы даведаліся, што змянілася ў жыцці раёна апошнім часам і што чакае яго наперадзе.


— Анатоль Іванавіч, калі прыязджаюць высокія госці, што вы ім у першую чаргу паказваеце?

— Нашыя новыя фермы па вытворчасці малака і мяса. Паказваем, як выконваецца даручэнне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па навядзенні і падтрыманні парадку ў кожным населеным пункце. У нас 276 населеных пунктаў, і амаль да кожнага за апошнія пяць гадоў мы дайшлі. Сёння ў раёне працуе некалькі адзінак тэхнікі па зносе старых будынкаў і шэсць брыгад па знішчэнні пустазелля. Лес павінен быць там, дзе трэба, а на ворных землях, якія зараслі, робім рэкультывацыю і ўводзім іх у севазварот. Таму, калі нехта пажадае паглядзець, як у нас наводзіцца парадак, мы хоць зараз можам паказаць нашы самыя аддаленыя вёскі — брыгады па навядзенні парадку працуюць і там. Вёска павінна выглядаць культурна — мець добрыя пад'езды, інфраструктуру. І я сачу за тым, каб даручэнні выконваліся. З пяці гадзін раніцы ўжо на колах, усё аб'ехаў, паглядзеў і да васьмі гадзін правяду невялічкую нараду, усім выкажу свае заўвагі.

— Вы вызначаеце палітыку раёна. Што зроблена за пяць гадоў вашага кіраўніцтва такога, чым можаце ганарыцца?

— Як ні было цяжка, мы ўвялі шэсць малочнатаварных комплексаў — гэта адзін з кірункаў нашай вытворчасці, таму што раён сельскагаспадарчы і трэба працаваць па вытворчасці малака. Малако і мяса сёння — гэта жывыя грошы. Перапрацоўшчыкі заўсёды разлічваюцца, даўгоў няма. За пяць гадоў правялі «Дажынкі» ў аддаленых аграгарадках, тых, якія за 50—60 кіламетраў ад Магілёва. Зараз рыхтуем вёску Завадская Слабада. Робім там дарогі, добраўпарадкоўваем тэрыторыю, каб людзі бачылі, што мы пра іх не забыліся. Шмат працуем над захаваннем крыніц. Пабудавалі купелі ў вёсцы Дубінка, аграгарадку Сухары. Зараз у планах зрабіць купель і невялічкую каплічку каля вёскі Хонава. Ёсць крынічка і ў аграгарадку Вендараж. У нас падрыхтаваны план у гэтым кірунку. Зараз дапамагаем будаваць айцу Мікалаю храм на Буйніцкім полі.

Задача № 1 — забяспечыць раён чыстай вадой, пабудаваць сем станцый абезжалезвання і пяць свідравін у Дашкаўцы, Сухарах, Нікіцінічах, Кадзіне, Салтанаўцы, Мастку і Вендаражы. На наступны год мы цалкам закрыем гэтую праграму. А потым возьмемся за дарогі.

— Хто фінансуе гэтыя праекты?

— Абласны бюджэт. Сёлета таксама пачынаем пашыраць дзіцячыя садкі. Ужо ёсць дакументацыя на прыбудову да існуючага садка ў аграгарадку Узыход. З ліпеня пачнём яе будаўніцтва. На чарзе дзіцячы садок у Вейне. Аграгарадок расце, будуюцца дамы, павялічваецца колькасць сем'яў.

Людзі ў нас добрыя, але трохі разбэшчаныя, шмат утрыманскіх падыходаў. На тэрыторыі 172 садаводчыя таварыствы, дзе пражывае амаль 18 тысяч гараджан. Людзі ідуць на прыём да мяне і патрабуюць, каб я «памірыў» іх з суседам, які «залез на чужую мяжу». Прыходзіцца тлумачыць, што гэтым займаецца не старшыня райвыканкама, а суд. Мы павінны самі наводзіць парадак на месцах. Правесці сход са сваімі суседзямі, каб дамовіцца і зрабіць нейкую кантэйнерную пляцоўку або абкасіць тэрыторыю, падфарбаваць масток. Вось прыязджаю ў вёску Гарадок, дзе жывуць адны дачнікі. Зараслі пустазеллем так, што сорамна глядзець. Навялі ім парадак, суседзі з іншых вёсак убачылі і давай тэлефанаваць: а калі прыедзеце да нас? А вось у аддаленых вёсках накшталт Дзядкоў, дзе жывуць людзі больш сталага ўзросту, заўсёды чыста. Зялёны газончык, падкошана — малайцы. Вось як трэба, а не чакаць, што прыйдзе хтосьці і зробіць усё за цябе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Стаўка на чыстую ваду і добрыя дарогі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.