Вы тут

Арыя на даху прагучала ў гонар Вялікага тэатра Беларусі


Ужо чацвёрты раз Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адчыніў дзверы для гасцей на свой дзень нараджэння. 25 мая ўсе аматары мастацтва Мельпамены прайшліся па калідорах тэатральнага будынка ў вольны ад спектакляў час, спусціліся пад сцэну і ўзняліся да самых высокіх дэкарацый, паназіралі за рэпетыцыямі артыстаў ды атрымалі нечаканы сюрпрыз: юбілейны 85 год існавання найвядомейшага тэатра краіны нельга адзначаць без размаху.


А дванаццатай гадзіне галоўны ўваход у Вялікі тэатр Беларусі адчыніўся ў музычным суправаджэнні для шматлікіх груп з тых, хто паспеў запісацца на адмысловыя экскурсіі па закуліссі. Ахвотных набралася некалькі тысяч. Вялікі тэатр на тое і вялікі: усе гэтыя неабыякавыя прайшліся па яго паверхах, не перашкаджаючы адзін аднаму. Учорашнія гледачы, якія маглі толькі назіраць за падзеямі са спектакляў у глядзельнай зале, зазірнулі ў патаемнае і сапраўднае жыццё тэатра, адчулі сябе ў новых ролях падчас майстар-класаў. Традыцыйныя фотазоны з дэкарацый, якія гасцінна прадстаўляюць наведвальнікам тэатра, дапоўнілі вялікімі залатымі лічбамі «85». Да арганізацыі юбілею падышлі з надзвычайнай адказнасцю: падчас сустрэчы з журналістамі генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка расказаў, што тэатр ганарыцца сваімі зоркамі і высока іх цэніць, але ж месца галоўнага ўдзельніка тэатральнага жыцця застаецца за публікай, дзеля якой і працуе вялікі склад супрацоўнікаў Вялікага.

Начальнік службы эксплуатацыі механізма сцэны Генадзь Рынейскі правёў удзельнікаў святочнай экскурсіі ў недасяжныя для шараговага наведвальніка глыбіні тэатра. Спусціцца давялося сапраўды глыбока: на дзясяткі метраў пад сцэну, дзе прыхаваныя адмысловыя механізмы для пад’ёму і перасоўвання дэкарацый (дарэчы, найбольш складаны ў тэхнічным выкананні спектакль — нядаўняя прэм’ера «Чароўная флейта»). Супрацоўнікі закулісся, якіх звычайна глядач не бачыць, насамрэч робяць тытанічую працу дзеля прыгожай агульнай карцінкі. Унёсак тэхнічнай часткі калектыву ў агульную справу ў сваім віншаванні асобна адзначыў і дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка.

Свята, як і ў мінулыя гады, вылучалася дэмакратычнасцю: у дзень адкрытых дзвярэй можна было наўпрост задаць пытанні галоўнаму рэжысёру тэатра Міхаілу Панджавідзэ ды мастацкаму кіраўніку балета народнаму артысту Беларусі Юрыю Траяну. У аркестравую яму зазірнулі з дырыжорам Іванам Касцяхіным. Журналісты нават паспрабавалі свае сілы за дырыжорскім пультам: кіравалі юнымі музыкантамі, удзельнікамі камернага аркестра гімназіі-каледжа імя Ахрэмчыка. Адчынілі дзверы і ў танцзалу, дзе на той момант праходзіла рэпетыцыя балета Ігара Стравінскага «Пятрушка» ў пастаноўцы народнага артыста Расіі Андрыса Ліепы, прэм’ера якога адбудзецца 6 і 7 чэрвеня.

Запомніўся дзень і яркімі выступленнямі. Так, у класе для рэпетыцый перад слухачамі праспяваў «Залаты голас Грузіі» Тэймураз Гугушвілі, які штогод прыязджае ў беларускую сталіцу да нашага гледача. Для імправізаванага канцэрта артыст абраў народную грузінскую песню. Нечаканы сюрпрыз для ўдзельнікаў журналісцкай экскурсіі падрыхтавалі на даху Вялікага тэатра Беларусі. Акрамя неверагодна прыгожай панарамы Мінска, якая адкрываецца з гэтай агляднай кропкі, наведвальнікі экскурсіі ўбачылі і міні-канцэрт ад барытона Ільі Сільчукова, фіналіста праграмы «Вялікая опера». Спявак выканаў найвядомейшы хіт Валерыя Кіпелава — песню «Я свабодны» ў апрацоўцы на беларускай мове.

Увечары тэатралам прапанавалі да прагляду оперу «Кармэн» (галоўную партыю выканала прыма французскай опернай сцэны Аліма Мамдзі) — сімвалічны для Вялікага тэатра Беларусі твор, бо менавіта з шэдэўра Жоржа Бізэ па матывах навелы Праспера Мерымэ пачалася яго гісторыя ў 20-я гады ХХ стагоддзя. Напярэдадні дня адкрытых дзвярэй 85-годдзе Вялікага тэатра адзначылі разам з высокапастаўленымі гасцямі. Гучалі афіцыйныя ўрачыстасці і віншаванні, удзел у святочным гала-канцэрце ўзялі лепшыя беларускія артысты, а таксама сусветныя зоркі оперы і балета: Уладзімір Галузін, Ніна Ананіяшвілі, Ілзэ і Андрыс Ліепа, Тэймураз Гугушвілі, Аляксандр Раславец, Ахмед Агадзі, Аліма Мамдзі, Міхаіл Малафій ды іншыя.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?