Вы тут

Што шукаюць іншаземцы на Палессі?


Іспанцы, брытанцы, венгры, немцы, французы, бельгійцы — далёка не поўны спіс бёрдвотчараў (арнітолагаў-аматараў), якія гэтай вясной прыязджалі ў Жыткавіцкі раён. Прыцягвае іх беларускі поўдзень нездарма: падчас міграцыі тут збіраецца неймаверная колькасць розных відаў птушак. Некаторыя аматары займаюцца фотапаляваннем, іншыя проста назіраюць за жывой прыродай у бінокль ці трубу.


Так пра­хо­дзі­ла свя­та ку­лі­коў у 2016-м.

— Акрамя кулікоў, асаблівай папулярнасцю карыстаецца белая сініца. Каля Турава яе знайсці не праблема, — расказвае старшыня Жыткавіцкага раённага аддзялення «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Настасся БЛОЦКАЯ. — Летась менавіта тут упершыню ў Беларусі гняздзіліся шыладзюбка і хадулачнік. Сёлета таксама некалькі пар ужо бачылі на гнёздах. Тураўскі луг з'яўляецца заказнікам і важным месцам для айчыннай арніталогіі. Па прыкладных падліках Настассі Блоцкай, у Тураў з красавіка па чэрвень прыязджае каля тысячы турыстаў.

У горадзе ёсць некалькі гасцініц, але інфраструктуры не хапае. Што датычыцца харчавання, хацелася б разнастайнасці. Так, у адным і, як падаецца, найбольш папулярным мясцовым кафэ, некаторы час таму пачалі прапаноўваць не толькі піцу, але і сушы. Аднак з уласнага вопыту ведаю: не заўсёды стравы, прапанаваныя ў меню, ёсць у наяўнасці. Пры гэтым пажадана, каб выбар быў і для вегетарыянцаў. Хоць раён і знаходзіцца на поўдні, ёсць пэўная праблема з садавіной. Калі ў сталіцы замежныя госці могуць набыць бананы ў кожнай краме, то ў Жыткавічах іх прыйдзецца яшчэ пашукаць. Пры тым што для некаторых садавіна і агародніна — асноўныя элементы харчавання.

Што можна было б прапанаваць яшчэ? На думку Настассі Блоцкай, было б цікава, каб у Жыткавіцкім раёне распрацавалі брашуры з маршрутамі. У такіх даведніках для турыстаў на розных мовах можна, напрыклад, пазначыць, у якіх месцах знаходзяцца тыя ці іншыя птушкі — і людзям будзе зручней вандраваць па краі. Акрамя таго, там, дзе птушкі гняздуюцца, не хапае пэўных стэндаў, якія пра гэта папярэдзілі б. Турысты прыязджаюць і часам не ведаюць, што, паставіўшы тут палатку, яны спудзяць птушак. А без догляду бацькоў маленькія птушаняты ўжо ніколі не вылупяцца.

Да таго ж зараз неабходна адрамантаваць спецыяльную вышку для бёрдвотчараў — дапамогу знайшлі на адным з прадпрыемстваў. Таксама плануюць знайсці партнёраў, каб ачысціць Тураўскі луг — падобныя акцыі штогод праводзяць сіламі валанцёраў.

Візітнай карткай горада яшчэ не так даўно было Свята кулікоў, якое, на жаль, ужо два гады не праводзіцца. Пры тым што самі мясцовыя ўлады ў ім зацікаўлены, знайсці фінансаванне не так проста. Дырэктар Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Паклонская спадзяецца, што ў наступным годзе на пачатку мая Тураў зноў збярэ птушыных аматараў.

Знайшліся і спонсары з Вялікабрытаніі, зацікаўленыя ў захаванні біяразнастайнасці і ахове прыроды, — пойменныя лугі з такой колькасцю птушак для іх вельмі важныя. Дарэчы, маладыя людзі з замежных краін часта ездзяць сюды індывідуальна: наведваюць аўтэнтычныя вёскі, цікавяцца фальклорам. Для іх нязвыклыя нашы архітэктурныя формы, тыя мясціны, дзе захавалася самабытнасць. Таму ёсць сэнс развіваць і такі напрамак.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: У госці да прыроды

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.