Вы тут

Уладзімір Навіцкі: На жаль, я так і не навучыўся адпачываць


Самы пазнавальны голас беларускага спартыўнага тэлебачання, безумоўна, належыць Уладзіміру Навіцкаму. У прамым эфіры ён 37 гадоў. Прычым пачынаў яшчэ на савецкім Цэнтральным тэлебачанні, вучыўся і працаваў побач з легендамі спартыўнай журналістыкі, такімі як Мікалай Озераў, Уладзімір Пературын, Уладзімір Маслачэнка... За час сваёй кар'еры і сам стаў легендай: адных толькі Алімпіяд за яго плячыма — 12! Напярэдадні чэмпіянату свету па футболе мы распыталі ў каментатара аб чаканнях ад гэтага турніру і нюансах каментатарскай працы.


Фота: sputnik.by

— Уладзімір Мікалаевіч, хутка стартуе чэмпіянат свету па футболе, і гэта, безумоўна, вялікае свята для балельшчыкаў. А для каментатара тут больш свята ці напружанай працы?

— Зразумела, турнір такога рангу, як чэмпіянат свету, для кожнага каментатара найперш вялікая адказнасць і чарговая праверка на прафесіяналізм. З той пары, як узнік спартыўны тэлеканал «Беларусь 5», у нас дастаткова каментатараў, у тым ліку і футбольных, таму звышнагрузкі не будзе. У асноўным каментаваць будзем «пад карцінку» — адсюль, з Макаёнка, 9. Але на некалькі стартавых матчаў і на заключныя сустрэчы — матчы за бронзу і фінал, калегі паедуць у Маскву і Санкт-Пецярбург.

Мяне чакаюць 8—9 рэпартажаў. Ужо зараз да іх рыхтуюся, збіраю інфармацыю. Хочацца, каб яна была цікавай, эксклюзіўнай — дзякуй богу, зараз, у эпоху інтэрнэту, яе знайсці лягчэй. Не хочацца расказваць пра тыя факты, якія балельшчык можа прачытаць у ранішняй газеце. Дзякуючы таму, што ведаю англійскую мову, а жонка Святлана, якая скончыла інстытут замежных моў, валодае англійскай і французскай, стараюся знайсці «фішкі» і «цікавінкі» на замежных сайтах.

— Ці рызыкняце зрабіць прагнозы на турнір? Хто выйграе?

— З мяне няважны прагназіст. Ёсць фаварыты, а гэта зборныя, якія па статусе, зорнай абойме гульцоў перасягаюць астатніх, але ў жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, заўсёды можа быць сюрпрыз. Таму калі перад матчам, турнірам балельшчыкі пры сустрэчы пытаюцца, хто выйграе, адказваю: анатаміраванне пакажа. Упэўнены толькі ў адным: мы станем сведкамі яркіх, цікавых, відовішчных матчаў і нестандартныя камандныя дзеянні будуць добра прыпраўлены праявамі індывідуальнага майстэрства гульцоў.

— Вы каментуеце матчы яшчэ з савецкіх часоў, прадстаўлялі Цэнтральнае тэлебачанне на чэмпіянаце свету па футболе 1990 года...

— У маім доўгім каментатарскім жыцці, а яно працягваецца ўжо 37 гадоў, два чэмпіянаты свету стаяць асобна. Гэта турніры, на якіх я працаваў з месца падзей. Сапраўды, у 1990 годзе ад Цэнтральнага тэлебачання, адзінага ў вялікай краіне, у ліку шасці савецкіх каментатараў мне выпаў гонар паехаць на сусветнае першынство. Працаваў разам з Уладзімірам Маслачэнкам, Уладзімірам Пературыным, Яўгенам Маёравым, Катэ Махарадзэ і Генадзем Арловым. У жывых на сёння, на вялікі жаль, засталіся толькі Арлоў і я. Чэмпіянат праходзіў у Італіі ў розных гарадах. Мне пашчасціла расказваць пра 13 матчаў.

Яшчэ быў чэмпіянат свету 2014 года ў Бразіліі, куды я быў камандзіраваны ўжо як каментатар Белтэлерадыёкампаніі, працаваў на матчах на фінішы турніру: сустрэчы плэй-оф, чвэрцьфінале, паўфіналах, гульні за бронзу і фінале. Якім бы вопытам і прафесіяналізмам каментатар не валодаў, значна лягчэй працаваць, калі ты знаходзішся на стадыёне: бачыш усё поле, карціну цалкам. Дарэчы, многія думаюць, што калі мы каментуем адсюль, з Макаёнка, то ў нас экран на вялікую сцяну. Гэта зусім не так — сярэдніх памераў манітор.

— Што стаіць за каментатарскай працай? Пасля матча каментатарскую пазіцыю пакідаеце эмацыянальна спустошаным ці, наадварот, з натхненнем?

— Усё залежыць ад зместу матча. Калі там шквал эмоцый, твая задача адпавядаць падзеям. А здараюцца ж і не вельмі цікавыя матчы, тады важна за кошт каментарыя, падачы, уласнай экспрэсіі пастарацца зрабіць відовішча больш яркім. Але якім бы не быў матч, па-ранейшаму для мяне гэта свята, за столькі гадоў праца не стала руцінай.

— На матчах вы часта працуеце ў дуэце з вядомымі спартсменамі ці трэнерамі. Аднойчы разам з вамі ў эфіры з'явіўся нават Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка...

— Гэта быў 1998 год, зімовыя Алімпійскія гульні ў Нагана. Прычым такіх матчаў, калі мне ўдалося атрымаць каментарый Аляксандра Рыгоравіча, было нават два. Першы — са зборнай Японіі. На хакейнай арэне ў Нагана каментатарская пазіцыя была не ў асобнай кабіне, а непасрэдна на трыбуне. Вось я заняў сваё месца, а пасля заўважыў, што на трыбунах, на некалькі радоў вышэй за мяне, з'явіўся Прэзідэнт. І я спытаў праз асоб, якія суправаджалі, ці можна запрасіць яго на каментатарскую пазіцыю. Ведаў, што раніцай Аляксандр Рыгоравіч наведаў біятлонную гонку, пасля пабываў на трэніроўцы нашых хакеістаў. Хацелася даведацца яго меркаванне і наконт біятлона, і наконт хакейнага турніру. Меркаваў, хвілін 10—15 удасца паразмаўляць, а атрымалася, што наша размова працягвалася больш за хакейны перыяд.

Другая сустрэча была карацейшай, у канцы той жа Алімпіяды, калі было больш уражанняў ад выступленняў спартсменаў. Я зноў не змог не скарыстацца перавагай прамога эфіру... Безумоўна, хваляваўся. Расійскія калегі пасля казалі: «Валодзя, мы табе зайздросцім: нам з Уладзімірам Уладзіміравічам ніколі не даводзілася весці рэпартаж».

— Якімі яшчэ гасцямі эфіру ганарыцеся?

— Раней, калі хакейныя чэмпіянаты свету мы пераважна каментавалі з месца падзей, мне ўдавалася запрасіць у каментатарскую кабіну многіх аўтарытэтных савецкіх і расійскіх трэнераў. Гэта Уладзімір Юрзінаў, Зінэтула Білялетдзінаў, Вячаслаў Быкаў. Вельмі прыемна гэта прыгадваць, бо, калі падыходзіў і казаў, што я каментатар Беларускага тэлебачання, ва ўсіх адказ быў прыкладна аднолькавы: «Вас, беларусаў, усюды любяць і паважаюць, як я магу адмовіць?» Увогуле ж знакамітых суразмоўнікаў было шмат, і ўсіх пералічыць не атрымаецца.

— Колькі Алімпіяд у вас за плячыма?

— Сёлетняя ў Пхёнчхане стала ўжо 12-й. Не працаваў я толькі на адной — у 1996 годзе ў Атланце. Адлік пачаўся з 1994-га, калі ўпершыню Беларусь выступіла асобнай камандай на зімовых гульнях у Ліліхамеры. Прычым калі на большасці наступных Алімпіяд у нас была вялікая каманда журналістаў, то ў 1994 годзе былі толькі двое — я і Лена Данільчанка з «Физкультурника Белоруссии». Тады яшчэ мы не закупілі тэлевізійныя правы і не вялі прамыя трансляцыі. Але я разумеў гістарычнасць моманту — гэта былі першыя для суверэннай краіны Алімпійскія гульні. І з відэакамерай, якую даў мне галоўны трэнер нашых вадналыжнікаў Віктар Наважылаў, я паехаў у Ліліхамер. Была невялікая дэлегацыя — каля 30 спартсменаў. І ў кожнага трэнера і спартсмена мы ўзялі інтэрв'ю: я ў ролі аператара, калега Алена — у ролі інтэрв'юера. Здымалі і на трыбунах, і ў горадзе, на вуліцах. Пасля вяртання ў эфір выйшлі тры праграмы «Рэха Алімпіяды» па 40 хвілін. Яны ёсць у фондах Белтэлерадыёкампаніі, і той наш алімпійскі дэбют не застаўся па-за кадрам.

У 1994 годзе, дарэчы, за зборную Беларусі ў фігурным катанні ў спаборніцтвах танцавальных пар выступала знакамітая Таццяна Наўка з партнёрам Самвелам Гезалянам. Я ў зусім юнай тады фігурысткі браў інтэрв'ю. Паколькі ў нас не было тэлевізійных правоў, ой, як мяне ганялі! Наш канькабежац Ігар Жалязоўскі заваёўвае медаль, і мне ж хацелася гэтыя эмоцыі зняць! Дзесьці ўдавалася, дзесьці не.

Зразумела, кожная Алімпіяда — гэта найперш праца. Якой бы шматлікай ні была наша тэлевізійная каманда, нагрузка на ўсіх прыпадае прыстойная. Калі вярнуўся з Нагана ў 1998 годзе, жонка пытае: «Валодзя, ты сушы, сакэ каштаваў? — Света, пра што ты кажаш? Не да таго было».

— Колькі краін свету аб'ездзілі?

— Не падлічваў, але нямала. Больш за ўсё шкадую, што не вёў статыстыку, колькі за гэты час было рэпартажаў. Тады думаў, што гэта не важна, у маладыя гады каментатарская кар'ера, ды і жыццё — усё здаецца вечным... Зараз замежных камандзіровак у мяне, дарэчы, няшмат. Вось сёлета была Алімпіяда ў Пхёнчхане — і бадай, усё. На жаль, за гэтыя дзесяцігоддзі я навучыўся працаваць, а адпачываць — не.

— Чытала ў вашым інтэрв'ю, што адпачынак вы бераце напярэдадні значных спартыўных падзей, каб падрыхтавацца да іх...

— Так, сёлета быў тры тыдні ў адпачынку ў студзені і рыхтаваўся да Алімпіяды. А сямейны адпачынак — не для мяне. Калі б вярнуць усё назад, магчыма, жыў бы па-іншаму, больш увагі ўдзяляў жонцы, сыну, унучкам...

— Ваш сын, дарэчы, таксама пайшоў у журналістыку, але выбраў не спартыўную, а іншую сферу. Уплывалі на яго выбар?

— У тым, што ён выбраў журналістыку, магчыма, і мой уплыў — ён бачыў асаблівасці каментатарскай дзейнасці. Віталь любіў і ведаў спорт, але, калі скончыў журфак, сказаў: не хачу, каб думалі, што я нечага дасягнуў дзякуючы бацькавай падтрымцы. І выбраў свой шлях, працаваў на АНТ, на беларускім радыё, а пасля яго запрасілі ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Я ім ганаруся, мне вельмі прыемна, што прэс-служба МНС на добрым рахунку.

— Вы, дарэчы, у журналістыку прыйшлі выпадкова, да гэтага скончылі політэхнічны інстытут...

— У дзяцінстве я быў эрудзіраваным балельшчыкам. Трансляцыі, спартыўныя выданні ўваходзілі ў кола маёй цікавасці, я вёў статыстычныя сшыткі. Але паступіў у політэхнічны інстытут, скончыў энергетычны факультэт, тры гады працаваў інжынерам і зразумеў, што гэта не маё — не ішоў на працу як на свята. У 1981 годзе напісаў пісьмо ў спартыўную рэдакцыю беларускага тэлебачання аб тым, што перадачы можна рабіць больш цікавымі, і распісаў як. На шчасце, маё пісьмо, як твор чарговага графамана, не выкінулі, а запрасілі на гутарку і далі шанц. Пачынаў у якасці няштатнага аўтара радыёчасопіса «Спартыўны арбітр». Адно з першых інтэрв'ю браў тады ў зусім юнага Віталя Шчэрбы. На тэлебачанне прыйшоў на пасаду адміністратара ў рэдакцыю інфармацыі. За пяць дзён паспеў падаць дакументы і вытрымаць экзамен на завочнае аддзяленне журфака, які, дарэчы, скончыў з чырвоным дыпломам. Калі студэнт-завочнік звычайна згодны і на «траяк», то я быў першым студэнтам-завочнікам, які скончыў факультэт на выдатна.

— Вы маеце званне заслужанага дзеяча культуры. Ці застаецца час на культуру? Тэатр, кіно, кнігі — што ёсць у вашым жыцці?

— Я вельмі люблю тэатр і кіно. Раней ні адны гастролі маскоўскіх, піцерскіх тэатраў у Мінску не прапускаў, усімі праўдамі і няпраўдамі імкнуўся дастаць білеты. Апошнія гадоў 5-6 я не такі кінаман і тэатрал, як раней. На кнігі, на жаль, — і гэта мой боль — часу застаецца таксама няшмат.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.