Вы тут

Грамадзянам не зразумелая сітуацыя з рэалізацыяй малака дзяржкампаніям


У нашай краіне заўсёды імкнуліся ўдзяляць увагу развіццю асабістых падсобных гаспадарак, заахвочваць — асабліва ў апошні час — прадпрымальніцкую ініцыятыву на вёсцы. Разам з тым для некаторых грамадзян застаецца незразумелай сітуацыя з рэалізацыяй свайго малака дзяржкампаніям. Цікавіць людзей, чаму ў адной вобласці закупачная цана большая, чым у другой, а некаторыя прадпрыемствы наогул не ажыццяўляюць закупку. Мы пастараліся разабрацца ў гэтым пытанні.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Як гэта працуе?

Для пачатку варта адзначыць, што адзінага рэгулявання закупак малака ў насельніцтва ў краіне не існуе. Як растлумачылі ў прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, вобласць, горад, пасёлак — любая з гэтых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак можа рэгуляваць працэс збору і перавозкі лішкаў малака, сабранага ў насельніцтва, да малаказавода сваім асаблівым чынам. Пэўнай адзінай схемы гэтага працэсу, паўторымся, у краіне няма. Збор малака арганізоўваюць сельвыканкамы, гаспадаркі, самі малочныя заводы.

На малаказаводах, як правіла, прымаецца малако высокага — «экстра» і першага — гатунку. Лішкі малака насельніцтва пры зборы часта зліваюцца ў адну ёмістасць, у якой па выніку сыравіна адпавядае першаму гатунку. Паслугі за збор малака пры гэтым часта па дамоўленасці аплачваюць малаказаводы.

Вядома, што малочныя заводы ўмоўна дзеляць паміж сабой тэрыторыю краіны на так званыя сыравінныя зоны. Пэўны завод адказвае за канкрэтныя населеныя пункты, якія прылягаюць да яго. Чаму падзел умоўны? Таму што ніякі дакумент афіцыйна не замацоўвае гэтыя зоны. Вытворца малака з Віцебска тэарэтычна можа прадаць сваю сыравіну ў Гомелі, але тут з'яўляюцца іншыя складанасці. Адна з іх — лагістыка.

Калі прадаць сваё малако ў іншую больш аддаленую сыравінную зону — зыходзячы з таго, што закупачная цана там будзе вышэйшая, — страціць можна ўсё ж больш. Пры перавозцы малако патрабуе пэўных умоў для захоўвання, інакш па дарозе яно папросту скісне. Часцей за ўсё такія ўмовы фермеры забяспечыць не гатовыя. Акрамя таго, сюды варта дадаць і расходы на паліва для транспарту — іх наўрад ці пакрые кошт закупкі на суседнім заводзе.

Што пачым?

Што датычыцца цэнавай палітыкі, то яна таксама ў розных месцах розная і залежыць непасрэдна ад завода. Цана на малако выстаўляецца малочнай кампаніяй зыходзячы з яе становішча. Спецыфіка сыравіннай зоны таксама залежыць ад фінансавага становішча прадпрыемства. Напрыклад, у адзін і той жа перыяд у Віцебскай вобласці малочныя прадпрыемствы могуць танней купляць малако ў грамадзян, чым, напрыклад, гэта робяць у Брэсце. Прычым цана, магчыма, можа змяняцца і ўнутры самой вобласці — у залежнасці ад эканамічнага стану малаказавода.

Мы вырашылі ўдакладніць сярэднюю закупачную цану на некаторых вядомых малочных прадпрыемствах краіны. Напрыклад, у магілёўскай малочнай кампаніі «Бабуліна крынка» за адну тону малака гатовыя заплаціць 495 рублёў. У гомельскай малочнай кампаніі «Мілкавіта» за тону малака плацяць крыху больш за 506 рублёў. У сваю чаргу, у сыравінным аддзеле брэсцкай кампаніі «Савушкін прадукт» расказалі, што наогул не ажыццяўляюць закупу малака ў насельніцтва ў маленькіх аб'ёмах. Гэтым там займаюцца калгасы. Такая сітуацыя, дарэчы, можа стымуляваць грамадзян прадаваць сваю прадукцыю на рынках або здаваць малочных кароў на мяса.

У цэлым сістэма працуе. Адказ на пытанне, куды лепш прадаць малако — на рынак ці на малаказавод — залежыць ад шэрагу фактараў. Аднак для некаторых раёнаў, дзе заводы адмаўляюцца ад збору малака або будуць рабіць гэта па нізкай цане, у насельніцтва, якое хоча зарабіць на сыравіне, могуць узнікаць праблемы.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Прадаць сваё малако дзяржаве

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.