22 Верасень, субота

Вы тут

Беларусь закупляе ў Чэхіі ў два разы больш, чым яна ў нас


Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што наша краіна закупляе ў Чэхіі ў два разы больш, чым яна ў нас. Пры гэтым спікер падкрэсліў, што выраўноўваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва неабходна без нейкіх абмежаванняў, а з дапамогай канкурэнтаздольнай прадукцыі.


Сёння Чэхія ўваходзіць у дваццатку асноўных гандлёвых партнёраў краіны. Летась аб'ём тавараабароту павялічыўся на 4,8 % — да $290,2 млн. У Беларусь за мінулы год прыйшло $47,7 млн чэшскіх інвестыцый. Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у нашай краіне зарэгістравана 106 прадпрыемстваў з чэшскім капіталам (без уліку акцыянерных таварыстваў).

Міхаіл Мясніковіч лічыць, што міжпарламенцкае супрацоўніцтва з чэшскімі партнёрамі павінна быць больш дынамічным. «Свайго роду каталізатарам могуць быць групы дружбы, якія створаны ў парламентах нашых краін», — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі. Гэта датычыцца і іншых напрамкаў. «Нам трэба актыўней выкарыстоўваць магчымасці міжнародных пляцовак, двухбаковых кантактаў. У нас вельмі многа ёсць і можа быць сумесных цікавых праектаў і ініцыятыў», — сказаў спікер.

Таксама, на думку старшыні Савета Рэспублікі, Чэхія можа больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці Беларусі як члена ЕАЭС. Міхаіл Мясніковіч канкрэтызаваў, што беларускі бок хацеў бы бачыць чэшскіх партнёраў, інвестараў для таго, каб ствараць сумесны бізнес. Ён прапанаваў пашырыць дагаворна-прававую базу. Зараз на разглядзе знаходзіцца амаль дзясятак пагадненняў. Міхаіл Мясніковіч таксама заўважыў, што эфектыўнасць павінна быць не толькі на паперы.

— Заявы аб адыходзе ад глабальнай ці рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі — гэта сур'ёзная пагроза для многіх эканомік, асабліва для малых і сярэдніх, да якіх адносімся мы з вамі. Вядома, трэба ў тым ліку заканадаўчымі інструментамі дабівацца, каб транснацыянальныя карпарацыі не выкарыстоўвалі сваё манапольнае права на глабальных і рэгіянальных рынках. Але ў прынцыпе праз інтэграцыю магчыма вырашаць больш задач, у тым ліку для нацыянальных эканомік. Лепш дрэнная інтэграцыя, чым гандлёвая вайна, — лічыць старшыня Савета Рэспублікі. Таксама Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што беларускі бок выступае за актыўнае эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва з аб'яднанай Еўропай.

Старшыня Камітэта па замежных справах, абароне і бяспецы Францішак Бублан, які ўзначаліў дэлегацыю Сената парламента Чэхіі, пагадзіўся, што зносіны паміж дзвюма краінамі ў мінулым былі не дастаткова актыўныя. У тым ліку і чэрвеньскі візіт сведчыць пра тое, што настаў час гэта змяніць. Тым не менш, на думку спадара Бублана, не трэба быць занадта песімістычнымі, бо існуе цэлы шэраг сумесных прадпрыемстваў. Старшыня камітэта адзначыў, што для Чэхіі таксама актуальная тэма дыверсіфікацыі экспарту, бо 80 % ідзе ў краіне Еўропы, галоўным чынам — у Германію. Акрамя таго, на яго думку, паміж Беларуссю і Еўрасаюзам не хапае рамачнага пагаднення, якое б узмацніла прававую базу.

* * *

Супрацоўніцтву Беларусі і Чэхіі ў галіне высокіх тэхналогій будуць спрыяць парламентарыі. Аб гэтым журналістам заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАХМАНАЎ па выніках сустрэчы з дэлегацыяй Сената парламента Чэшскай Рэспублікі, якая адбылася напярэдадні.

Парламентарый адзначыў, што на сустрэчы былі намечаны перспектыўныя кірункі для работы — напрыклад, фармацэўтыка, таксама бакі звярнулі ўвагу на развіццё адносін у галіне высокіх тэхналогій, паколькі гэта ключавое пытанне для абедзвюх краін.

Па словах сенатара, Беларусь і Чэхія будуць знаходзіць такія формы ўзаемадзеяння, якія дадуць магчымасць забяспечыць збліжэнне пазіцый не толькі нашых краін, але і тых саюзаў, у якіх удзельнічаюць абедзве дзяржавы. Ён таксама дадаў, што паколькі ў нашу краіну прыбылі высокапрафесійныя парламентарыі, якія займаюць высокія пазіцыі ў чэшскім парламенце, беларускі бок спадзяецца на пазітыўныя вынікі. «Мы пастараемся не ўпусціць новыя магчымасці для таго, каб надаць дынаміцы незваротны характар», — дадаў Сяргей Рахманаў.

Надзея АНІСОВІЧ, Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Перапынак скончаны

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.