Вы тут

У Маладзечне распачынаецца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі


Ужо сёння ў Маладзечне распачынаецца ХVІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2018». За час існавання фэсту пройдзена шмат, за ім замацаваны статус сапраўднага беларускага брэнда. Каб пабачыць дзействы на розных фестывальных пляцоўках, збіраюцца не толькі самі маладзечанцы, жыхары нашай краіны, але і госці з замежжа. Бо наша нацыянальнае не можа не радаваць — яно адметнае і прывабнае!.. Пра сакрэты фестывальнага жыцця карэспандэнт «Звязды» распытала дырэктара Палаца культуры горада Маладзечна, асноўнага арганізатара фестывалю Святлану САРОКУ. Мы паразмаўлялі пра традыцыі і навінкі, пра розныя пляцоўкі, на якіх у свой час праходзіў фестываль, а таксама пра тое, ці будзе сёлета падчас фестывалю традыцыйны дождж?..


— Святлана Рыгораўна, прыгадайце, калі ласка, ваш першы фестываль у Маладзечне. Якімі тады былі вашы ўражанні?

— Як малады спецыяліст я прыехала ў Маладзечна. Тады першы фестываль, які адбываўся ў 1993 годзе, праходзіў на гарадскім футбольным стадыёне. У той час не было асобнай пляцоўкі, але фестываль быў значны па колькасці ўдзельнікаў і гасцей. Ладзілася вялікая праграма, і для нас гэта было знакавай падзеяй, якая аб'яднала людзей. Упершыню такое маштабнае мерапрыемства праходзіла ў нас, здымалася і транслявалася па тэлебачанні. Я не магу ўспомніць, каб раней іншыя фестывалі, не рэспубліканскага ўзроўню, асвятляліся так, як гэта адбывалася з Нацыянальным фестывалем беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне.

— Якой запомнілася тагачасная атмасфера?

— Было вельмі добрае надвор'е. І да многіх людзей прыехалі родныя і блізкія, яны збіраліся і разам ішлі на фестываль. Трыбуна на стадыёне была разлічана на 1000 чалавек, аднак усіх ахвотных яна не змясціла. Вельмі шмат хто проста заходзіў на стадыён — там было надзвычай многа людзей. На першым фестывалі пабываў наш зямляк, народны артыст СССР Юрый Антонаў. Усе прысутныя на стадыёне спявалі разам з ім «Гарадскія кветкі», іншыя вядомыя песні.

— Давайце прыгадаем тыя песні, якія нарадзіліся менавіта на фестывалі ў Маладзечне. Асабіста мне ўспамінаецца «Па-над белым пухам вішняў» Алены Саўленайтэ на словы Максіма Багдановіча — песня, якая тут набыла вядомасць і стала сапраўдным сімвалам 1990-х.

— Гэта і песні «Каля Чырвонага касцёла», «Янка Купала» — тыя вядомыя творы, якія ўпершыню прагучалі на фестывалі. «Сёння ў нашай хаце свята» — таксама вельмі вядомы хіт, які стаў вядомым менавіта ў Маладзечне і ўвайшоў у залаты песенны фонд Беларусі. Таксама і многія іншыя творы, якія гучаць і сёння, усіх іх не прыгадаць адразу.

— Атрымліваецца, што за час правядзення фестываль змяніў чатыры пляцоўкі — ён ладзіўся на гарадскім стадыёне, на цэнтральнай плошчы, у Палацы культуры і ў летнім амфітэатры. Пэўна, у кожнай пляцоўкі ёсць свае асаблівасці, свае перавагі і мінусы?

— Стадыён — гэта проста вялікая адкрытая прастора. Многія гарады, дзе адбываюцца значныя падзеі, могуць толькі там правесці буйныя мерапрыемствы. А наш фестываль, натуральна, надзвычай значны, і мы вельмі марылі — і гэту мару ўдалося здзейсніць — у 2011 годзе пабудавалі вялікі амфітэатр. Ён быў нам проста неабходны, таму што арганізаваць канцэртную пляцоўку дзесьці ў іншым месцы — гэта значыць узяць у арэнду сцэну, светлавое, гукавое абсталяванне, што даволі дорага, да таго ж даводзіцца задзейнічаць шмат розных службаў. Цяпер у нас ёсць стацыянарная пляцоўка, і на ёй адбываюцца самыя значныя мерапрыемствы фестывалю — адкрыццё, закрыццё, некаторыя іншыя канцэрты. Амфітэатр абсталяваны сучаснай гукавой апаратурай, святло- і відэаабсталяваннем. Яны адпавядаюць патрабаванням не толькі беларускіх, але і расійскіх і іншых замежных артыстаў эстрады.

— Сёлета адкрыццё і закрыццё будуць адбывацца ў амфітэатры ў вячэрні час, у 21.30. А ў дзённы час — 8-га з 15 гадзін і 9-га з 12 гадзін на цэнтральнай плошчы пройдзе вялікая фестывальная талака, дзе зладзіцца канцэртная праграма творчых нумароў розных рэгіёнаў Мінскай вобласці.

— Хочацца працягнуць тэму Года малой радзімы. У Маладзечне ёсць свой цудоўны аркестр пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі вельмі высокага ўзроўню. На фестывалі яго даводзілася бачыць літаральна пару разоў...

— Надзвычай значны канцэрт з удзелам аркестра пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі адбыўся ў 2013 годзе. Тады быў падрыхтаваны гала-канцэрт выпускнікоў музычнага каледжа імя Агінскага, якія з'ехаліся з розных краін, дзе яны з'яўляюцца артыстамі многіх вядучых тэатраў. Яны выконвалі творы на беларускай мове нашых беларускіх кампазітараў і суправаджалі канцэртную праграму.

— Думаю, маладзечанцам было б прыемна часцей бачыць на фестывалі свой аркестр.

— У рэпертуары аркестра каледжа шмат канцэртных праграм кампазітараў Беларусі, якія яны адмыслова складаюць. Зусім нядаўна ў сталічнай філармоніі адбыўся канцэрт, дзе ў праграме былі творы Ігара Лучанка, а таксама нашых кампазітараў-землякоў Валерыя Іванова, Леаніда Захлеўнага, Леаніда Левашкевіча. Атрымалася надзвычай цікавая праграма да Года малой радзімы. Нашы кампазітары змаглі разам паслухаць напісаныя імі творы. Дарэчы, у сімфанічным аркестры пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі 85 музыкантаў — прадстаўлены ўвесь склад інструментаў аркестраў такога плана, ім пад сілу выконваць творы рознага ўзроўню, нават самыя складаныя, што яны і робяць.

— Вы даволі даўно арганізуеце фестываль. Ці з'яўляецца ён для вас па-ранейшаму чымсьці трапяткім, новым?

— Ужо 15 гадоў я займаюся арганізацыяй Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, з'яўляючыся дырэктарам Палацы культуры горада Маладзечна, — Указам Прэзідэнта мы прызначаны адказнымі за падрыхтоўку. Фестываль развіваецца, з'яўляюцца новыя формы, сустрэчы, прыязджаюць адметныя людзі. Для мяне асабіста як для чалавека, які любіць беларускую мову, размаўляе на ёй, ушаноўвае (як і многія прадстаўнікі галіны культуры), вельмі па душы гэты фестываль, бо тут гучыць роднае слова. Сюды збіраюцца творчыя асобы, якія з'яўляюцца для мяне і вялікімі аўтарытэтамі, і маімі сябрамі. Я зразумела, што заўсёды чакаю гэты фестываль і яго гасцей. І яны таксама кажуць, што ў Маладзечне пануе вельмі станоўчая, добрая аўра, а ў памяці застаюцца ўсе тыя сустрэчы, якія адбываюцца тут.

— Як думаеце, ці будзе сёлета на фестывалі дождж?..

— На ўсякі выпадак мы набываем дажджавікі (усміхаецца. — Аўт.). Пару дзён таму было такое добрае надвор'е і цёплыя вечары... Але ўсё змянілася, і сёння ўжо халаднавата на вуліцы. Будзем спадзявацца, што нам пашанцуе, — але нашы гледачы заўсёды ідуць з парасонамі. Нават калі з раніцы ззяе сонца, потым аднекуль раптам з'яўляецца хмарка і пачынаецца дождж, — ён нам нагадвае, што традыцыі нязменныя!..


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям ХVІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. «Прысвечаная Году малой радзімы праграма сёлетняга фестывалю надае яго мерапрыемствам асабліва высокае гучанне, ярка раскрывае багатую палітру нацыянальнага мастацтва», — гаворыцца ў прывітанні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гасцінная маладзечанская зямля сабрала на ўнікальным творчым свяце не толькі вядомых майстроў беларускай музыкі і роднага слова, але і маладыя таленты Беларусі, для якіх гэты музычна-паэтычны форум — чарговы крок у прафесійным станаўленні.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Традыцыі нязменныя!..

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?