Вы тут

Прэзідэнт: Прыватызацыя не павінна быць сферай напружання ў грамадстве


Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка разам з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Аланам Пію абмеркавалі праекты, якія рэалізуюцца ў нашай краіне. Прэзідэнт Беларусі адзначыў узровень супрацоўніцтва, які існуе ў апошнія гады, і сказаў, што бачыць вялікі пазітыў. «Я вам удзячны за тыя, асабліва інфраструктурныя, праекты, якія мы рэалізуем разам з вамі», — звярнуў увагу беларускі лідар.


«2 млрд еўра — гэта добры аб'ём, які вы інвеставалі ў Беларусь. За мінулы год — амаль $200 млн, — прывёў лічбы Аляксандр Лукашэнка. — І я так разумею, што мы для Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця з'яўляемся прымальным партнёрам».

Прэзідэнт адзначыў, што банк цікавіцца дзяржаўным сектарам і супрацоўнічае з ім. «Ваш банк з'яўляецца актыўным прыхільнікам прыватызацыйных працэсаў, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Вы ведаеце нашы падыходы да прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, дзяржаўных аб'ектаў. І я не думаю, што мае погляды на прыватызацыю носяць нейкі асаблівы характар і залішне адрозніваюцца ад тых падыходаў, якія прапаведуе Еўрапейскі банк (рэканструкцыі і развіцця. — Аўт.). Справа ў тым, што мы абсалютна не супраць працэсаў прыватызацыі. Гэта цалкам натуральная норма».

Як растлумачыў Прэзідэнт, наша пазіцыя зыходзіць з таго, што, калі дзяржава не можа кіраваць нейкімі актывамі, трэба іх аддаць эфектыўнаму ўласніку. «Мы супраць абвальнай і шокавай прыватызацыі. Гэта сутнасць нашага падыходу, таму што, пагадзіцеся, аб'екты дзяржуласнасці ствараў увесь народ, асабліва ў былыя часы. У нас неблагія аб'екты. І ўзяць росчыркам пяра агулам іх прадаць за бясцэнак — гэта азначае спарадзіць несправядлівасць».

Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што прыватызацыя не павінна быць нейкай сферай напружання ў грамадстве. Ад гэтага працэсу неабходна атрымліваць перспектывы нармальнага заробку, працоўныя месцы, даходы ў бюджэт і развіццё.

Пасля сустрэчы Алан Пію расказаў журналістам пра асноўныя праекты, якія зараз рэалізуюцца сумесна з ЕБРР. Так, ён адзначыў, што ўжо некаторы час ідзе супрацоўніцтва з Нацыянальным банкам і ўрадам для таго, каб палепшыць аперацыі Белінвестбанка. Зараз ЕБРР разглядае канкрэтнае рашэнне па ўваходжанні ў акцыянерны капітал Белінвестбанка. Алан Пію спадзяецца, што гэта адбудзецца да канца бягучага года. Але пасля ўваходжання ў капітал работа не скончыцца. «Разам з урадам, Нацыянальным банкам мы будзем усяляк імкнуцца да таго, каб Белінвестбанк рос, каб павялічваўся яго пакет аперацый, каб ён падняўся да таго ўзроўню, калі ён будзе цікавым стратэгічнаму інвестару, прыцягненне якога мы будзем абмяркоўваць разам з беларускім урадам», — адзначыў віцэ-прэзідэнт.

Што датычыцца індыкатараў працы беларускай эканомікі, то, па словах Алана Пію, яны паказваюць пазітыўнае паляпшэнне па шэрагу кірункаў. У першую чаргу гэта датычыцца эканамічнага росту і інфляцыі, якія знаходзяцца пад кантролем. «Два гады таму мы адмовіліся ад абмежаванняў у нашай дзейнасці ў Беларусі. Гэта дазволіла нам істотна актывізаваць нашу работу па інфраструктурных праектах у краіне». У прыватнасці, гэта датычыцца падтрымкі праекта будаўніцтва другой мінскай кальцавой аўтадарогі, рэалізацыі праекта М-10 (паміж Гомелем і Брэстам). Яшчэ адзін кірунак — паляпшэнне сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення. Да таго ж у Мінску плануецца правесці цеплавую мадэрнізацыю будынкаў. Алан Пію таксама расказаў, што ЕБРР зацікаўлены ва ўдзеле ў праектах па рэканструкцыі 22 мастоў, пабудаваных у савецкі час.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Развіццё — інфраструктуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?