Вы тут

Гід па модных тэндэнцыях лета


Лета — гэта маленькае жыццё. Дызайнеры прапануюць правесці яго ярка і дзёрзка. У чым сустракаць лета? Расказваем пра галоўныя тэндэнцыі сезона. Калі вам падалося, што вы некалі гэта ўжо бачылі, вам не падалося: мода 1980-х і 1990-х гадоў вяртаецца.


Джынсоўка — адна з самых модных куртак сезона.

Фасоны: штаны-ка́рга і вятроўка

Галоўны прадмет летняга гардэробу — сукенка. У гэтым сезоне на піку папулярнасці мадэлі з валанамі, аголенымі плячыма, махрамі. Актуальнымі будуць таксама шаўковыя і атласныя сукенкі, але, калі вы не ўладальніца ідэальнай фігуры, не рызыкуйце: гэты матэрыял не церпіць хібаў.

Звязана гэта з выхадам фільма «Лара Крофт» ці не, але ў моду вяртаюцца штаны-ка́рга. У 1930-я гады такія насілі брытанскія салдаты, а цяпер у штанах колеру хакі з накладнымі бакавымі кішэнямі жанчынам прапануюць хадзіць і на работу, і на сустрэчу з сябрамі. Дапоўніць вобраз можна белай кашуляй ці аднатонным пуловерам.

Калі думаеце, якую куртку лепш набыць на лета, то падказваем: прыглядзіцеся да джынсавай. Ідэальная джынсоўка павінна быць памеру «аверсайз» (то-бок крыху большай, чым патрэбна для вашай фігуры). «Вараны» дэнім і рознакаляровыя нашыўкі (вось вам і спосаб абнавіць ці падрамантаваць старую рэч) толькі вітаюцца.

Другі модны варыянт верхняга адзення — вятроўка. Спартыўны стыль не страчвае актуальнасці і гэтым летам, таму не бойцеся насіць такія рэчы па-за межамі стадыёна. Спалучаць вятроўку можна хоць са штанамі, хоць з сукенкай. Адным словам, эксперыментуйце.

Прынты: ад гароху да кракадзіла

Кветкавы ўзор, бадай, ніколі не выйдзе з моды. Калі хочацца стварыць рамантычны вобраз, сукенка ці кашуля ў кветкі — тое што трэба. Хоць такі прынт цікава глядзіцца і на касцюмах са штанамі. Памятайце правіла: буйны ўзор дадае фігуры дадатковага аб'ёму, а таму падыдзе не кожнаму.

Яшчэ адзін актуальны прынт лета — гарох. Гэтым разам — у класічнай чорна-белай камбінацыі. Да «гарохавай» кашулі лепш падбіраць аднатонныя штаны ці джынсы, каб выглядаць гарманічна і стрымана.

Яркім асобам раім прыглядзецца да драпежнага прынта. Гэта не толькі леапард, цяпер папулярныя малюнкі а-ля скура пітона ці кракадзіла. Прычым неабавязкова ў прыроднай гаме — дызайнеры сумяшчаюць узоры з яркімі колерамі.

Буйныя лагатыпы на адзенні яшчэ некалькі сезонаў таму лічыліся маветонам. Але не сёння. Надпісы брэндаў зноў сталі жаданым дэкорам. Адзінае «але»: калі ваш «Дыёр» набыты на рынку, не варта ім казыраць.

Колеры: таматы супраць канарэек

Пра галоўны колер сезона — ультрафіялетавы — мы ўжо пісалі раней. На што яшчэ звярнуць увагу? Напрыклад, на адценні чырвонага. Інстытут колеру Pantone раіць выбраць насычаны таматны і чырвона-карычневы тоны. Першы можна спалучаць з малочным белым, сінім, залатым, нюдавым (цялесным). Другі добра глядзіцца з чорным, цёмна-ружовым і бардовым.

У хіт-парадзе модных колераў аказаўся таксама канарэечны. Такое адценне лепш насіць з чорным або ў кампаніі ружовага і белага. Калі жоўтая сукенка для вас занадта яркая, вазьміце туфлі ці сумачку канарэечнага тону.

Актуальныя пастэльныя колеры. Напрыклад, лавандавы і персікавы. Яны прыдадуць вобразу лёгкасці і мяккасці.

Кветкавы прынт для рамантычных асоб.

Абутак: масіўныя красоўкі і міні-шпількі

Памятаеце, некалі ўсе насілі туфлі на нізкіх абцасах-чарках? Калі на дальніх паліцах вашай шафы такія захаваліся, даставайце і смела надзявайце зноў. На захадзе такі абцас, дарэчы, называюць kіtten heel, што ў перакладзе значыць «абцас-кацяня». Іх некалі прыдумалі амерыканскія дызайнеры для маленькіх лэдзі, якія хацелі туфлі, як у мам. У выніку зручную альтэрнатыву высокім шпількам упадабалі многія жанчыны (сярод іх была, напрыклад, актрыса Одры Хепбёрн).

У модзе таксама «пачварныя» красоўкі — у народзе іх так празвалі за буйную і дзіўную форму. Гіганцкія красоўкі на тоўстай падэшве прэзентавалі на паказах такія вядомыя брэнды, як Balencіaga, Luі Vuіtton, Guccі, Stella McCartney. Чым яны спадабаліся публіцы, застаецца загадкай (модныя аналітыкі кажуць, справа ў тым, што людзі цяпер хочуць выглядаць не прыгожа, а незвычайна). Насіць такі абутак прапануюць пад што хочаце: джынсы, сукенкі, строгія касцюмы.

Гэтым летам актуальныя будуць басаножкі са скуры «пад змяю», з устойлівымі празрыстымі абцасамі, шматлікімі раменьчыкамі і махрамі. А яшчэ мюлі — туфлі без заднікаў. Яны добра ўпішуцца ў паўсядзённы стыль адзення.

Правіла «ніякіх калготак пад басаножкі» ў гэтым сезоне ніхто не захоўвае. Наадварот — на подыуме мадэлі надзявалі пад адкрыты абутак рознакаляровыя шкарпэткі. Прытрымлівацца новага веяння не заклікаем, але, калі ўбачыце падобнае на вуліцах горада, не асуджайце — модным быць не забароніш.

Сумкі: ад пластыкавых да саламяных

Хіт лета — плеценыя сумкі. З саломы, скуры, пластыку... Асабліва цікава глядзяцца плеценыя мадэлі круглай формы.

Адным з галоўных матэрыялаў гэтага сезона стаў пластык, а таму ў модзе празрыстыя пластыкавыя сумкі. У такой лёгка знайсці патрэбныя рэчы. А для тых, хто не хоча выстаўляць жыццё напаказ, дызайнеры прапануюць наступны варыянт: скласці ўсё ў меншую сумку і закінуць яе ў аб'ёмную празрыстую.

Яшчэ адзін модны фасон — сумка-кісет. Упішацца і ў офісны, і ў спартыўны вобраз. Нягледзячы на невялікі памер, мадэль даволі ўмяшчальная.

Аксесуары: бейсболка і акуляры з «Матрыцы»

Бадай, галоўны галаўны ўбор гэтага лета — бейсболка. Не думайце, што іх могуць насіць толькі падлеткі. Бейсболкі добра дапоўняць як спартыўны, так і паўсядзённы вобраз. Калі не ведаеце, якую выбраць, спыніцеся на джынсавай — дэнім як ніколі актуальны.

У модзе павязкі на галаву. Стыльная падказка: завязаныя канцы павінны не хавацца пад валасамі, а быць навідавоку. Такі штрых дадасць вобразу лёгкасці і гуллівасці.

Па-ранейшаму папулярныя масіўныя ўпрыгажэнні. Напрыклад, завушніцы-кольцы. Яны могуць быць двухузроўневымі, дэкарыраванымі камянямі ці пацеркамі. Папулярныя таксама даўгія завушніцы-падвескі, парныя бранзалеты (іх прапануюць насіць як на запясці, так і на перадплеччы).

Самыя модныя акуляры лета — вузкія трохвугольныя. Такія, як на Томе Крузе ў фільме «Місія невыканальная» ці на галоўных героях «Матрыцы». Мы ж казалі, што тэндэнцыі 1990-х вяртаюцца. Футурыстычныя акуляры можна насіць як са спартыўнымі, так і з мінімалістычнымі рэчамі. У любым выпадку такі аксесуар асвяжыць вобраз і абавязкова прыцягне да вас увагу.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Галоўнае — выглядаць незвычайна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».