Вы тут

Куды рушыць Тайланд?


Днямі стала вядома, што Тайланд плануе стварыць рэгіянальны фонд са сваімі суседзямі: Камбоджай, Лаосам, М'янмай і В'етнамам, каб падтрымаць інфраструктуру і іншыя праекты развіцця. Прэм'ер-міністр Тайланда Прают Чан-Оча, як чакаецца, на наступным тыдні прадставіць гэтую ідэю лідарам пяці краін на VІІІ саміце Стратэгіі эканамічнага супрацоўніцтва АСMЕСS. Гэтая рэгіянальная арганізацыя была створана па ініцыятыве Тайланда ў 2003 годзе. Фонд пачне функцыянаваць налета, паведаміў Nіkkеі Аsіаn Rеvіеw намеснік пастаяннага сакратара Міністэрства замежных спраў краіны Артаюд Шрысамут. Як бачым, Тайланд застаецца заўважным гульцом, прычым не толькі рэгіянальным. Куды рушыць гэтая краіна?


Свабодны край

Спачатку «агледзімся на мясцовасці». Каралеўства Тайланд (колішняя назва Сіям) — дзяржава Паўднёва-Усходняй Азіі, размешчаная ў паўднёва-заходняй частцы паўвострава Індакітай і ў паўночнай частцы паўвострава Малака. Назва (слова «тай» перакладаецца як «свабода») цалкам сябе апраўдвае — гэта адзіная краіна Паўднёва-Усходняй Азіі, якая захавала незалежнасць ад еўрапейскіх дзяржаў, у той час як усе суседнія краіны былі калоніямі Францыі ці Вялікабрытаніі. Галоўнай прычынай гэтага была рацыянальная палітыка караля, які гуляў на супярэчнасцях паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй, саступаючы прыгранічныя тэрыторыі, напрыклад у Малайзіі і Лаосе, але захаваў незалежнасць краіны ў цэлым. У асноўным мірная рэвалюцыя ў 1932 годзе прывяла да таго, што дзяржава стала канстытуцыйнай манархіяй.

Тайланд — гэта англамоўны варыянт назвы дзяржавы, уведзены ва ўжытак у 1939 годзе, які азначае «краіна тайцаў», арыгінальны варыянт гучыць як Пратхет Тхай Мыанг-Тхай. Тэрыторыя гэтай насамрэч дзіўнай краіны выцягнута з поўначы на поўдзень (адлегласць ад самага паўночнага пункта да самага паўднёвага — 1860 кіламетраў). Дзякуючы цэнтральнаму становішчу ў Паўднёва-Усходняй Азіі і найбольшай сярод краін рэгіёна працягласці з поўначы на поўдзень Тайланд мае самы разнастайны ў гэтым рэгіёне клімат, таму ўраджаі асноўных сельскагаспадарчых культур збіраюцца некалькі разоў на год, а турыстычны сезон «перацякае» з адных кліматычных зон у іншыя, робячы дзяржаву адным з нямногіх у свеце круглагадовых турыстычных цэнтраў.

Абсалютная большасць (94,6 працэнта) жыхароў краіны вызнаюць будызм. У ХІІІ стагоддзі тут афіцыйна быў прызнаны будызм хінаяны — «малая калясніца». Цяпер у краіне вызнаецца тхеравада — «вучэнне найстарэйшых». Гэта адзін з варыянтаў будызму, які яго паслядоўнікі называюць найбольш старажытным, найбольш прыгожым і найбольш блізкім да арыгінальнага вучэння Гаўтамы Буды. Афіцыйны тайскі каляндар заснаваны на будыйскім Эрэ і адрозніваецца на 543 гады ад заходняга календара. Так што 2018 год роўны 2561-му.

У Тайландзе кароль з'яўляецца не толькі кіраўніком дзяржавы, але і заступнікам, абаронцам усіх рэлігій. Кароль Тайланда — лідар і нацыянальны сімвал, які стаіць над палітыкай і таму ўмешваецца ў палітычныя справы, толькі калі гэта неабходна для прадухілення кровапраліцця. Любоў і павага да каралеўскай сям'і носіць у краіне амаль рэлігійны характар.

Як не спазніцца на «цягнік»?

Тайланд — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў і экспарцёраў рысу: штогод краіна пастаўляе яго на сусветны рынак да 9 мільёнаў тон, прычым розных сартоў. У тым ліку — знакамітага «язмінавага», названага так з-за тонкага натуральнага водару. Доля сельскагаспадарчай прадукцыі ў валавым унутраным прадукце Тайланда цяпер складае каля 10 працэнтаў, прычым з тэндэнцыяй да павелічэння.

Пры ўстойлівым росце валавога ўнутранага прадукту ў 3,6 працэнта краіна перажывае бурны прамысловы ўздым, растуць даходы насельніцтва і, адпаведна, унутраны попыт. Традыцыйны экспарт тэкстыльнай, швейнай, харчовай і кансервавай прадукцыі ў апошнія 10 гадоў дапоўніўся экспартам аўтамабіляў і іх запчастак. Сёння Тайланд — найбуйнейшы ў свеце экспарцёр пікапаў, камп'ютарнай тэхнікі, спажывецкай электронікі, электратэхнічных вырабаў, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, будаўнічых матэрыялаў. Гэта не лічачы круглагадовага турызму, экспарту рысу, маніёку, кукурузы, бататаў, ананасаў, какосаў і «караля садавіны» дурыяну.

Яшчэ ў 1986 годзе Тайланд лічыўся пераважна аграрнай краінай, 67 працэнтаў насельніцтва якой жылі за рысай беднасці, але ўжо ў 2014-м беднякоў налічвалася 11 працэнтаў, ВУП краіны дасягнуў 390 мільярдаў долараў, а мноства сялян ператварыліся ў заможных гараджан. Хоць Тайланду так і не ўдалося стаць адным з «азіяцкіх тыграў», узровень жыцця істотна палепшыўся.

З 2015 года Савет па інвестыцыях Тайланда (Bоаrd оf Іnvеstmеnt, BОІ) укараняе стымулюючую праграму эканамічнага развіцця «Тайланд 4.0». Яна накіравана на падтрымку амбіцыйнага плана ўрада па развіцці Усходняга эканамічнага калідора (ЕЕС) уздоўж берагоў Сіямскага заліва. Гэты калідор стаў цэнтрам самых сучасных вытворчасцяў, здольных прыцягнуць больш за 45 мільярдаў долараў інвестыцый у распрацоўку штучнага інтэлекту, робататэхнікі, «інтэрнэту рэчаў», стварэнне камп'ютарных сцэнарыяў віртуальнай рэальнасці, 3D-друку і іншых высокатэхналагічных праектаў. Прыняты тайскім парламентам закон, паведамляе агенцтва Rеutеrs, вызваляе інвестараў ад падаткаў і дае права браць зямлю ў арэнду на 99 гадоў, каб дазволіць эканоміцы Тайланда здзейсніць рывок. ЕЕС ужо зараз называюць «усходнім Дэтройтам» — там працуюць Tоуоtа, Hоndа і Fоrd, а вядучы прамысловы забудоўшчык краіны Аmаtа Соrроrаtіоn Рсl разам са шведскім Sааb АB вывучае магчымасць стварэння «касмічнага горада».

Лічыцца, што да 2030 года трэць рабочай сілы будзе заменена робатамі, а дзве трэці спатрэбіцца кардынальна перавучыць, і тут Тайланд перахоплівае ініцыятыву сваіх азіяцкіх калег у падрыхтоўцы будучых спецыялістаў чацвёртай прамысловай рэвалюцыі. Яна азначае «аўтаматызацыю абсалютна ўсіх працэсаў і этапаў вытворчасці: лічбавае праектаванне вырабу, стварэнне яго віртуальнай копіі, сумесная праца інжынераў і дызайнераў у адзіным лічбавым канструктарскім бюро, аддаленая налада абсталявання на заводзе пад тэхнічныя патрабаванні для выпуску канкрэтнага «разумнага» прадукту, аўтаматычны заказ неабходных кампанентаў у патрэбнай колькасці, кантроль іх пастаўкі, маніторынг шляху гатовай прадукцыі ад склада на фабрыцы да крамы і да канчатковага кліента», піша Fоrbеs. Не паспець на гэты «цягнік» — значыць спазніцца назаўсёды: па даных Fоrtunе, за апошнія 17 гадоў палова з паўтысячы найбуйнейшых кампаній свету спыніла існаванне.

Ход Махі

Першыя паўтара дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя сталі для Тайланда адным з самых неспакойных перыядаў у шматвяковай гісторыі. З 2001 года каралеўства скаланаюць нярэдка крывавыя сутыкненні паміж папулісцкімі палітычнымі партыямі. Асабліва вірлівым выдалася апошняе дзесяцігоддзе. У гэты нядоўгі па гістарычных мерках перыяд у краіне адбыліся два вайсковыя перавароты. Абодва разы ваенныя зрыналі прадстаўнікоў палітычнай дынастыі Чынават: у 2006 годзе быў адпраўлены ў адстаўку ўрад мільярдэра Таксіна, а ў маі 2014-га — яго сястры Інглак.

Сямідзесяцігадовае кіраванне папярэдняга караля Пхуміпона Адульядэта, нягледзячы на тое што вялікую частку часу ў апошнія гады ён праводзіў у шпіталі і рэдка паказваўся на публіцы, стварала ў тайцаў адчуванне спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Пхуміпон лічыўся «бацькам народа» і карыстаўся велізарным аўтарытэтам і павагай у падданых. Адным з самых вялікіх дасягненняў нябожчыка манарха з'яўляецца, магчыма, тое, што ён вярнуў манархію ў цэнтр тайскай палітыкі і культуры і зрабіў яе важным медыятарам у палітычных спрэчках. Менавіта пры Пхуміпоне Тайланд стаў амерыканскай базай у Паў-
днёва-Усходняй Азіі і апорай на шляху распаўсюджвання сацыялістычных ідэй. Нягледзячы на тое што сур'ёзныя праблемы са здароўем у папярэдняга караля пачаліся даўно, яго смерць 13 кастрычніка 2016-га стала для нацыі сапраўдным шокам.

Рама Х Маха Ватчыралангкорн быў афіцыйна каранаваны ў канцы мінулага года. Ён уступіў у правы на спадчыну бацькі, які лічыўся адным з найбагацейшых людзей планеты. У 2011 годзе, згодна з разлікамі часопіса Fоrbеs, капітал Пхуміпона Адульядэта складаў $30 млрд (па іншых разліках — $43 млрд). Кронпрынц шмат часу бавіў за мяжой. Маха вядомы таксама любоўю да пудзеля Фу-Фу, у якога нават ёсць уласная старонка ў «Вікіпедыі». Акрамя гэтага, сабака з'яўляецца... маршалам ВПС Тайланда. Не дзіўна, што большасць палітолагаў лічыць, што новы кароль не будзе мець такога ж аўтарытэту ў падданых, як яго бацька.

Армія шмат гадоў захоўвала вернасць каралю і пазіцыянавала сябе галоўнай абаронцай манархіі і спакою ў каралеўстве. Пхуміпон Адульядэт фактычна правіў Тайландам разам з вайскоўцамі на правах старшага партнёра. Цяпер вайскоўцы відавочна не супраць змяніць існуючы на працягу больш як паўстагоддзя статус-кво на сваю карысць. За чатыры гады знаходжання ва ўладзе хунта даволі жорсткімі для Тайланда дзеяннямі падпарадкавала сабе ўсё ў краіне, за выключэннем каралеўскага палаца. Большасць тайцаў, асабліва ў гарадах, ваенных падтрымлівае. Галоўным чынам таму, што тыя выканалі асноўнае абяцанне: усталявалі ў відавочна стомленым ад палітычнай барацьбы Тайландзе хай і кволыя, але ўсё ж спакой і стабільнасць.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Сіямскі «расклад»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».