Вы тут

Табун даліянскіх коней


Знайшоў часовы прытулак у гомельскай мастацкай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі.

Размова ідзе пра літаграфічную серыю малюнкаў іспанскага мастака Сальвадора Далі, якая сярод іншых упершыню прывезена ў Беларусь з Санкт-Пецярбурга.


Тут побач Траянскі конь і Буцэфал Аляксандра Македонскага, вершнік-пікадор і евангельскі Цэнтурыён, Пегас і Адзінарог, Святы Георгій Пераможца і конь Смерці. Нават Марскі канёк ёсць.

Некаторыя вобразы асобнымі часткамі цела нагадваюць жанчын. Мастацтвазнаўцы звязваюць гэта з захапленнем эксцэнтрычнага іспанца працамі Зігмунда Фрэйда. Тайнапіс Сальвадора Далі ўвогуле мае шмат розных прачытанняў.

— Работы Далі напоўнены сімваламі, — кажа старшы захавальнік фондаў гомельскай мастацкай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі Таццяна Барысава. — Тут яго фобіі, напрыклад, знакамітыя конікі, якіх ён баяўся з дзяцінства, альбо мыліцы, выявы якіх сустракаюцца на многіх карцінах. Тут лётаюць матылькі — гэта адно са шматлікіх увасабленняў яго ўлюбёнай жонкі Галы. Дарэчы, складаныя ўзаемаадносіны з ёй зашыфраваны яшчэ ў адной з прадстаўленых на выставе графічных серый — «Трылогіі кахання».

У экспазіцыі можна ўбачыць пяць графічных серый, якія змяшчаюць 61 літаграфію і ксілаграфію. Яны былі атрыманы ад прыватных калекцыянераў і галерэй Еўропы і Амерыкі. Серыя «Кармэн», напрыклад, створана па сусветна вядомай навеле французскага пісьменніка Праспера Мерымэ і аднайменнай оперы Жоржа Бізэ. Сюды ўвайшлі выразныя партрэты галоўных герояў, віды Севільі, горныя пейзажы.

Казачная аповесць Люіса Кэрала «Прыгоды Алісы ў краіне цудаў» пабачыла свет у 1865 годзе, а Сальвадор Далі, сам падобны на аднаго з персанажаў твора, зрабіў свае ілюстрацыі больш чым праз 100 гадоў пасля першай публікацыі. Кнігу з малюнкамі Далі назвалі сустрэчай двух вялікіх сюррэалістаў, тэкст казкі суправаджалі 12 (па ліку частак) работ. У 1984 годзе «Прыгоды Алісы ў краіне цудаў» былі выпушчаны як асобная серыя літаграфій.

Кожны глядач, што адправіцца ў вандраванне па маляўнічай «краіне мрой, летуценняў і міфаў», зможа адкрыць новыя грані творчасці знакамітага майстра.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў. 

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.