18 Верасень, аўторак

Вы тут

Што ў сучасным беларускім грамадстве прыводзіць да непапраўных вынікаў


Новы спектакль «З вучылішча» Аляксандра Марчанкі з выкарыстаннем відэатрансляцый, нецэнзурнай лексікі і шматлікіх адсылак да беларускага наваколля для нашага тэатральнага асяроддзя ўсё яшчэ можна лічыць незвычайным. Таму што ў краіне пануе рэпертуарны тэатр, а «З вучылішча» належыць да праектнага. Таму што паказваецца ён не на сцэне спецыяльнага будынка, а ў культурным інкубатары ОК16, дзе апроч імправізаванай сцэны, задзейнічана яшчэ некалькі памяшканняў. Таму што аўтарамі асвойваецца сучасная кінамова і спосабы расказваць гісторыю нелітаральна. І нават таму што новая пастаноўка кожным крокам акцёраў адсылае да актуальнай рэчаіснасці, а гэта не кожны сучасны тэатральны сюжэт гатовы прапанаваць.


Прэм'ера «З вучылішча» адбылася 6 чэрвеня на пляцоўцы ОК16, дзе яе прадставіў Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн» у шэрагу іншых мерапрыемстваў праекта «ТАК: Тэатр. Адукацыя. Кіно». Асновай стала п'еса небезвядомага беларускага драматурга Андрэя Іванова, намінаваная на прэстыжную расійскую тэатральную прэмію «Залатая маска».

Аўтар не хавае, што хацеў стварыць трагедыю, роўную антычнай. Адзін з галоўных герояў «З вучылішча» — выкладчык філасофіі, рэквізітам служаць бюсты быццам грэчаскіх філосафаў на пастаментах у выглядзе класічных калон, героі цытуюць аднаго з трох вялікіх трагікаў Сафокла. Да таго ж страсці і жарсці, якія адбываюцца на пляцоўках ОК16, дакладна не належаць звычайнаму жыццю, хоць па ўсіх іншых паказчыках свет спектакля нават больш чым звычайны — альбо гапаваты, альбо смешны ў сваёй нікчэмнасці. І калі пачынаць спачатку, галоўны герой Сяргей выкладае філасофію, але ў так званай «хабзе». Бюсты і калоны ўвесь час выкарыстоўваюцца для самых празаічных мэт і такім чынам здымаюцца з п'едэстала. Месца неаспрэчных грэчаскіх абсалютаў перыядычна займае галоўная гераіня Танька, якая выступае сімвалам і ўвасабленнем «гапаты» — людзей з неўладкаваных сем'яў, з дрэннымі адукацыяй і кругаглядам, адпаведнымі маўленнем і манерамі. Цытаты Сафокла абясцэньваюцца самім асяроддзем выкарыстання.

Атрымліваецца, што спектакль увесь час нівелюе спадчыну, што дасталася нам ад вялікіх, і такім чынам расказвае пра сучаснасць. А ў сучаснасці выкладчык філасофіі Сяргей, што марыць з'ехаць з краіны, каб не бачыць вязаныя шапкі з пацеркамі на постсавецкіх жанчынах, звяртаецца да свайго сябра Славіка, які мог бы арганізаваць добры заробак. Прадстаўнік залатой моладзі, сын багацеяў, прыгажун Славік прымушае Сяргея зрабіць стаўку на спакушэнне сваёй студэнткі Танькі... Макбук, аўтамабіль і магчымасць праводзіць варкшопы па філасофіі за добрыя грошы аказаліся на коне.

У сваю чаргу Танька, маці якой памерла, бацька-алкаголік застаўся інвалідам, а хлопец сеў у турму за забойства, мае свае планы і «выбірае» выкладчыка, таму што ён «той самы», а ёй хочацца сям'і, дзяцей і шчасця. Уласна, успрымаць яе выключна як жанчыну не даводзіцца. Хоць у гэтым таксама ёсць сэнс — не тое каб ракавая, але вынаходлівая гераіня падпарадкоўвае сабе наваколле, дзейнічае выключна ў сваіх інтарэсах і дамагаецца мэт. Абодва мужчыны, Сяргей і Косця, што выйшаў з турмы, не могуць ад яе пазбавіцца — ад кахання ці таму, што яна шантажуе і трымае пры сабе сілай.

Здавалася б, чарговы сюжэт пра моцную жанчыну і слабага мужчыну. Праўда, дамінаванне студэнткі хабзы над выкладчыкам філасофіі глядзіцца эксцэнтрычна і сімвалічна. Галоўны герой, вакол якога ўвесь час абрынаюцца бюсты грэчаскіх класікаў, падпарадкоўваецца нейкай агульнай дэградацыі (сімвалам якой у пэўным сэнсе з'яўляецца Танька) і ад яе ж марыць збегчы. З пасткі, у якую ён трапіў, спачатку з-за свайго беспрынцыповага сябра, які не ведае, якім яшчэ чынам можна атрымаць новыя эмоцыі, а потым з-за гапаватай, але прынцыповай дзяўчыны, выхад толькі адзін, прычым сапраўды трагічны.

Калі пачынаеш збіраць элементы спектакля, мазаіка паказвае, што для сучаснага чалавека якасць і маштаб сапраўднай трагедыі зрушыліся — канешне, неахопныя грэчаскія пакуты ў параўнанне не ідуць, але на тое ён і зменлівы свет, каб прапанаваць нешта новае. Дык вось, «грэчаская трагедыя» сучаснай Беларусі — у п'янстве, слабасці духу, прынцыпах «гапаты» і абыякавасці. Адразу некалькі падзей, што прыводзяць да незваротных вынікаў, адбываюцца з-за нецвярозасці. Галоўны герой падпадае пад уздзеянне двух чалавек з-за сваіх сляпых жаданняў, а выкараскацца яму не даюць дзіўныя — заўсёды варыянтныя — прынцыпы іншых персанажаў.

Трэба сказаць, «З вучылішча» здолела паказаць адзін з галоўных складнікаў велічыні сафоклаўскіх трагедый — разуменне незваротнасці, якая датычыцца і нашага наваколля, хоць звычайна яго стабільнасць цягне на драму і толькі. Рэчаіснасць з яе стылымі сценамі, дзе кожны шлях развіцця аказваецца тупіковым, зацягвае ў нейкую бесперспектыўную багну. Кім бы ў гэтым сюжэце ты ні быў, багатым альбо не, прынцыповым альбо без прынцыпаў, каханым альбо тым, хто прымае каханне, — шчаслівым ты не станеш.

Апроч выдатнай п'есы, дзе праз залатую моладзь, гопнікаў і героя, што марыць пра Еўропу, разыгрываецца трагедыя нашай сучаснасці, пастаноўка можа пахваліцца і рэжысурай. Умела Аляксандр Марчанка выкарыстаў прастору — спектакль без антракта дзякуючы рухомай камеры адбыўся на некалькіх пляцоўках і ў некалькіх антуражах. Экран у сваю чаргу не абмежаваўся тэхнічнай функцыяй — перадачай працягу дзеяння, якое мы не можам бачыць фізічна. Разам з гэтым ён дэталюе тое, што адбываецца літаральна перад гледачамі, і акцэнтуе ўвагу на пэўных рэчах, ствараючы новыя сэнсы. Паказвае сімвалы, перапіску ў месенджары ці іншыя знакавыя рэчы кшталту цытат. У цэлым рэсурсы культурнага інкубатара і яго архітэктуры, тэхнікі, мінімалісцкага рэквізіту выкарыстаныя такім чынам, што падчас пастаноўкі не даводзіцца сумаваць. Кожная змена дэкарацый, некалькі пунктаў гледжання на адну і тую ж сцэну, гучны саўндтрэк «Я не цацка» трымаюць увагу ад пачатку да канца, у тым ліку таму, што значэнні ледзь не кожнай сцэны можна разбіраць асобна як палатно.

Падкупае і тое, што трагедыя разыгрываецца не на адасобленай сцэне, а на адлегласці выцягнутай рукі — ты глядзіш на герояў зверху ўніз, Славік садзіцца ў залу для гледачоў і прамаўляе рэплікі са свайго месца, можна разабраць размову з суседняга пакоя, калі трансляцыя перастае перадаваць гук.

Новая пастаноўка — з належнай інтанацыяй, з дрыжаннем у голасе, з буйнымі планамі акцёраў на экране — дакладна трапляе ў шэраг рэкамендацый. Галоўны герой з трагічна апушчанымі бровамі перадасць прывітанне з Еўропы, але ці збег ён такім чынам ад вязаных шапак з пацеркамі — яшчэ пытанне.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Адчуванне незваротнасці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.