Вы тут

Беларускае малако зноў адправіцца ў Расію


Рассельгаснагляд дазволіць пастаўляць прадукцыю ў абмен на дакументы аб правядзенні лабараторнага маніторынгу.

Чарговы канфлікт, які звязаны з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі ў Расію, пачынае сціхаць. Сітуацыя разгортвалася па сцэнарыі класічнай псіхалогіі: адмаўленне, гнеў, торг, дэпрэсія і прыняцце. З-за таго, што такія канфлікты здараюцца з пэўнай прадказальнасцю, да іх магчыма было б ужо прывыкнуць. Але менавіта іх цыклічнасць дэманструе, што дамоўленасці ў рамках ЕАЭС працуюць усе яшчэ неэфектыўна, а пра свабодны доступ на адзіны рынак для "пяцёркі" гаварыць пакуль складана. Пра тое, чаму беларускую прадукцыю зноў палічылі небяспечнай, дзе хаваецца пратэкцыянізм і калі малочныя рэкі Беларусі зноў пацякуць у Расію, падрабязна ў матэрыяле.


Зноў пратэкцыянізм?

З 6 чэрвеня Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі малочнай прадукцыі з нашай краіны ў тары больш за 2,5 літра. У спісе абмежаванняў былі адзначаны сухое малако і вяршкі, канцэнтраваныя, кансерваваныя і згушчаныя, малочная наліўная сыроватка, канцэнтраваная і сухая, а таксама сыроватачны канцэнтрат і малочны бялок. У Рассельгаснаглядзе паведамілі, што рашэнне аб абмежаванні было прынята ў сувязі з "пастаўкамі небяспечнай малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь у Расійскую Федэрацыю". Пры гэтым прадукцыю ў тары з меншым аб'ёмам палічылі бяспечнай.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц ацаніў такое абмежаванне як неаб'ектыўнае і нічым не абгрунтаванае. Ён падкрэсліў, што малочная прадукцыя краіны праходзіла чарговую праверку ў лабараторыі напярэдадні, у сувязі з нядаўнім канфліктам. Тады парушэнняў не было выяўлена. Згаданая сітуацыя, па словах міністра, расцэньваецца як "чарговы пратэкцыянісцкі крок", дзякуючы якому адбываецца закрыццё доступу на рынак Расіі для айчыннай прадукцыі.

"Беларусь пастаўляе расійскім спажыўцам якасны прадукт. Ідзе жорсткі лабараторны кантроль на ўсіх этапах — ад вытворчасці сыравіны да адгрузкі прадукцыі. Гатовы прадукт даследуецца ў акрэдытаваных лабараторыях. Мы гарантуем, што наш прадукт бяспечны", — падкрэсліў міністр.

У сваю чаргу член Калегіі (міністр) па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК Валерый Карашкоў накіраваў ва ўрад Расіі зварот, у якім заявіў аб неабходнасці адклікаць рашэнне Рассельгаснагляду па беларускай малочнай прадукцыі. Ён падкрэсліў, што ўвядзенне гэтых абмежаванняў парушае пункт 5 артыкула 58 раздзела 11 Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, згодна з якім дзяржавы — члены ЕАЭС маюць права ўводзіць часовыя ветэрынарныя або ветэрынарна-санітарныя меры толькі тады, калі ёсць пагроза ў частцы эпізаатычнага дабрабыту тэрыторыі краіны саюза.

Перамовы ў Маскве

Для ўрэгулявання пытання беларуская дэлегацыя на чале з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Леанідам Зайцам накіравалася ў Маскву. Там прайшлі перамовы з новым кіраўніком Мінсельгаса Расіі Дзмітрыем Патрушавым, які заявіў, што гатовы садзейнічаць пераадоленню цяжкасцяў у пытаннях супрацоўніцтва.

"Нас аб'ядноўвае адзіная эканамічная прастора, што спрыяе павышэнню цікавасці да ўзаемнага гандлю сельгаспрадукцыяй. Але існуе шэраг пытанняў, якія патрабуюць павышанай увагі", — заявіў Дзмітрый Патрушаў.

Пасля заканчэння пасяджэння міністры даручылі кампетэнтным службам дзвюх краін стварыць рабочую групу, разабрацца ў сітуацыі, якая склалася, і разгледзець пытанне зняцця часовых абмежаванняў. Беларускі бок таксама прасіў аб правядзенні дадатковых кансультацый з Рассельгаснаглядам для абмеркавання пытанняў, што ўзнікаюць на тэхнічным узроўні.

Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні інтэграцыі беларускай інфармацыйнай сістэмы "АІTS-Нагляд" з расійскай федэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмай "Меркурый". Таксам закранулі ход рэалізацыі плана мерапрыемстваў па працэдуры зняцця ўзаемных абмежавальных мер па пастаўках прадукцыі жывёлагадоўлі на 2018 год.

Абмежаванні здымуць дарожнай картай?

Па выніках перамоў абодва бакі падпісалі "дарожную карту" аб зняцці ўзаемных абмежаванняў па пастаўках малочнай прадукцыі. Паводле інфармацыі прэс-службы Рассельгаснагляду, у ёй прапісаны асноўныя мерапрыемствы, якія ў хуткім часе ўрэгулююць сітуацыю з абмежаваннямі паставак прадукцыі прадпрыемстваў Расіі і Беларусі.

У дакуменце вызначаны тэрміны і ўмовы, пры выкананні якіх Рассельгаснагляд зможа адмяніць часовыя абмежаванні на пастаўкі прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Адной з такіх умоў з'яўляецца тое, што беларускі бок павінен падаць дакументы аб правядзенні лабараторнага маніторынгу па групах рызыкі, якія вызначаны Рассельгаснаглядам. У сваю чаргу ведамства з 11 чэрвеня аднавіла права экспарту малочнай прадукцыі для трох беларускіх прадпрыемстваў: Баранавіцкага малочнага камбіната, Ляхавіцкага малочнага завода і Беллакта.

... А асадачак застаўся

Цікавы той факт, што па звестках ЕЭК, расійскія вытворцы не забяспечваюць патрэбнасці ўнутранага рынку. Дэфіцыт сырога малака ў Расіі складае каля 7 млн ??т. Пры гэтым больш за 4 млн т малака завозіцца з Беларусі і каля 3 млн т — з трэціх краін.

Тым часам у нашай краіне працягваюць арыентаваць малочную прадукцыю на азіяцкі рынак. Цырымонія падпісання камерцыйных кантрактаў беларускіх кампаній з кітайскімі партнёрамі адбылася ў рамках візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ціндаа.

Мяса-малочная кампанія дамовілася з карпарацыяй Соfсо Grоuр на пастаўку ў Кітай у 2018 годзе сухога малака на суму да 30 млн долараў.

Таксама па словах дырэктара Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн Валерыя Садохі, Беларусь зацікаўлена пашырыць сваю прысутнасць на малочным рынку В'етнама. Пра гэта ён заявіў падчас Беларуска-в'етнамскага дзелавога форуму.

Цяпер В'етнам развівае ўласную малочную вытворчасць, аднак імпарт расце з улікам пастаяннага павелічэння насельніцтва краіны. Пры гэтым краіна забяспечвае сябе малочнымі прадуктамі толькі на 20 %, а 80 % увозіцца з-за мяжы. Па словах Валерыя Садохі, В'етнам закупляе штогод ад 50 тыс. т да 90 тыс. т сухога малака.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.