Вы тут

Спосаб злучэння


Спосаб злучэння

Цяжка ўявіць сабе нешта больш «традыцыйнае», чым тэма вёскі для беларускай літаратуры. Настолькі «традыцыйнае», што бывае складана паверыць, што ў белліце ёсць нешта іншае (але яно ёсць). І вось перад намі паўстае герой – Францішак Багушэвіч, кананічны спявак сялянскай нядолі, магчыма, менавіта той, хто пачаў у гэтым корпацца.

І не варта дзівіцца, што прывяло адукаванага чалавека да жыцця такога: нельга забываць, што ўся Беларусь – гэта адна вялікая вёска (увага: тут няма адмоўнай канатацыі). З пункту гледжання фарміравання самасвядомасці нацыі і пераемнасці пакаленняў вёска – гэта крыніца. Нават калі вы прывыклі да гарадскога жыцця і ўпэўненыя, што ваша сям'я даўно і моцна ўладкавалася ў горадзе, спытаеце як-небудзь у сваіх бацькоў: адкуль іх бабулі? І зараз, калі мы ўсвядомілі і змірыліся з тым фактам, што вёску нам з сябе не выцягнуць, давайце паспрабуем паглыбіцца ў твор Багушэвіча «Кепска будзе» і высветліць, ці сапраўды ён прысвечаны цяжкаму жыццю беларускага сялянства.

Загадкі гэтага твора пачынаюцца яшчэ на падыходзе: у спробах вызначыць жанр. Прасцей за ўсё назваць «Кепска будзе» паэмай, што часцей і адбываецца, аднак сустракаюцца і трактоўкі, якія вызначаюць яго як «вершаваную аповесць». І гэта нават мае сэнс!

Насамрэч тое, што адбываецца ў гэтай паэме, вельмі загадкава: нарадзіўся незразумела хто, і ўсе вакол пачалі пакутаваць. А што можна сказаць пра гэтага новага чалавека, галоўнага героя, незразумела як абазванага? Ад яго асобы вядзецца апавяданне, але нешта сказаць пра яго самога складана. Ён сціплы? Злы? Чаго хоча ад гэтага жыцця? Хто ты такі, Аліндарка-Скаліндарыка?

І чаму наогул непрыкметны аповед пра няшчасці нейкага хлопца лічыцца вызначальным для ўсёй беларускай культуры? Чаму, напрыклад, праз  два стагоддзі з'яўляюцца песімістычныя раманы пад назвай «Дзеці Аліндаркі»? Справа ў тым, што гэтыя ўсе няшчасці вельмі лёгка інтэрпрэтуюцца як няшчасці ўсёй беларускай нацыі, ні больш ні меньш.

Ключ–час, калі твор быў напісаны: другая палова XIX стагоддзя. Час, які цяпер любяць трактаваць як пачатак ўсведамлення беларусамі сябе як нацыі. І ўсё пакуты Аліндаркі –пакуты на той момант ўсяго народа, які толькі нарадзіўся і адразу зразумеў, што кепска будзе. Гэта пакуты народа-сіраты, якога незразумела хто незразумела ў якую веру хрысціў, у якога нават імя свайго няма – нейкая недарэчнасць, замест правільнага наймення «з каляндарыка». Народа, якога ловяць ні за што, і ні за што заключаюць пад варту – пазбаўляюць волі. А потым «вучаць», як сябе паводзіць на допытах – «знаць не знаю я нічога». І так, страціўшы сям'ю, страціўшы зямлю, страціўшы карані – ён губляе сябе, і становіцца нікім пасярод нідзе.

Трагедыя вось у чым: падзеі ў паэме адбываюцца ў шасцідзесятых гадах васямнаццатага стагоддзя, і ўсё, што пасля адбывалася ў гісторыі краіны, па-ранейшаму добра ўпісваецца ў канву паэмы. Існуе нават меркаванне, што дагэтуль мы жывем ўнутры паэмы «Кепска будзе», і ніяк яна не скончыцца.

Цэнтральнае месца ў паэме займаюць развагі пра свабоду, у метафарычнай традыцыі Францыска Скарыны. Як у Скарыны рыбы памятаюць віры свае, так у Багушэвіча птушкі ірвуцца на волю, а лісы выгрызаюць бруха сваё, каб толькі на прывязі не сядзець. Лагічнае развіццё падзей: ўсвядоміць, што ў цябе ёсць дом, а пасля захацець жыць у гэтым доме спакойна і свабодна.

Вось такія метафарычныя адступленні пераклікаюцца, таму што адсылаюць да фальклорнай традыцыі загавораў. У такой манеры ствараліся народныя змовы – звароты да сіл, старажытнейшых за чалавека, для абароны і дапамогі. У Багушэвіча ў творчасці наогул шмат запазычанняў з народнай традыцыі – ад лексікі да формы.

Нямала твораў Багушэвіча стылізаваныя пад звыклыя «простаму» народу жанры – гутаркі, гумарэскі, байкі і апрацоўкі народных казак. Але ў творах таксама захоўваюцца фальклорныя элементы – напрыклад, Аліндарка нараджаецца ў сакавіку: самым нешчаслівым месяцы. У гэтым жа нешчаслівым месяцы адбываюцца і ўсе астатнія ключавыя падзеі паэмы.

У «Кепска будзе» ёсць тое самае, і гэта найважнейшы аспект твора. Лексіка Багушэвіча нязвыклая – так размаўлялі ў яго родным рэгіёне, і ён перадаў гэтую гаворку на пісьме. Тады – у гады напісання, – такім быў шлях адкрыць мастацтва для простага народа, зблізіцца з ім праз мову, а яшчэ і штуршок да развіцця літаратурнай мовы ў цэлым. Цяпер, для нас такая мова твору – гэта спосаб злучэння, шлях знайсці свае карані, пачуць гаворку нашых продкаў.

На самай справе, лірычнае адступлене пра свабоду ў цэнтры паэмы – адзінае асэнсаванае дзеянне галоўнага героя. Увесь астатні час ён як быццам жыве па інэрцыі пад праклёнам бацькі, інэртна і бесталкова бадзяецца па прасторы твору, не матываваны канкрэтнай мэтай. Таму складана пра яго нешта канкрэтнае сказаць – у таго, хто нічога не хоча, каму нічога не трэба, не можа быць асобы і самасвядомасці ў поўным сэнсе. Воля да свабоды – гэта добра, але павінна быць і разуменне, што рабіць у гэтай свабодзе. Таму і выходзіць Аліндарка з астрога ў нешчаслівы месяц, таму і для нас паэма яшчэ не скончана.

Марыя СВІСТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».