Вы тут

Як сыграць на стэрэатыпах, або Чаму бульба павінна стаць брэндам?


Летась Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнае агенцтва па турызме праводзілі маштабнае апытанне сярод беларусаў і замежных гасцей. Адно з заданняў для рэспандэнтаў — назваць пяць рэчаў (прадметаў, з'яў), якія адразу прыходзяць у галаву, калі думаеш пра Беларусь. Зразумела, адна з асноўных асацыяцый была звязаная з бульбай. Але мы ніякім чынам не выкарыстоўваем гэты прадукт для прасоўвання нашай краіны. І гэта пры тым, што Беларусь доўгі час была на першым месцы ў свеце (і зараз не страціла сваіх лідарскіх пазіцый) па вытворчасці бульбы на душу насельніцтва. У сярэднім кожны жыхар нашай краіны спажывае за год 189 кілаграмаў бульбы (пры норме ў 129). Чаму б нам не пачаць раскручваць бульбу як пэўны нацыянальны брэнд? Гэта б паспрыяла не толькі нашай «ідэнтыфікацыі» на турыстычным рынку, але і прасоўванню беларускіх прадуктаў.


Фота: БЕЛТА

У сярэднім 30 працэнтаў выдаткаў любога турыста прыпадае на ежу. Уласна, многія краіны мы запамінаем па тых стравах, якімі там нас частавалі. У Італію людзі едуць на піцу і спагеці, Грэцыя — краіна алівак, госць, які прыязджае ў Шампань, у першую чаргу думае не пра прыгожыя мясціны і помнікі, а пра шампанскае — і французы карыстаюцца гэтым. Так, ежу можна падаваць як кампанент мясцовай культуры. І замежнікі робяць пэўныя намаганні для таго, каб раскручваць і прадаваць уласную прадукцыю: размяшчаюць інфармацыю пра іх на білбордах і ў інтэрнэце, распрацоўваюць «знакі якасці», арганізуюць гастранамічныя туры.

Мы ж пакуль наогул ніяк не карыстаемся стэрэатыпамі. У «краіне бульбашоў» нават няма музея бульбы, як, напрыклад, у Вялікабрытаніі, ЗША і той жа Расіі. Хоць «другі хлеб» на нашых землях пачалі вырошчваць на сто гадоў раней, чым у суседзяў. Доўгі час лічылася, што бульбу да нас прывёз Пётр Першы, але ў тыя гады, калі ён «сілавымі» метадамі спрабаваў навязаць гэту гародніну (рускія сяляне доўга не прымалі заморскую дзіковінку, нават адбываліся бунты супраць яе вырошчвання), тэрыторыя Беларусі знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, і пра бульбу тут ужо ведалі ўсё. У другой палове ХІХ стагоддзя, ужо ў складзе Расійскай імперыі, на нашы землі прыпадала 25 працэнтаў валавой вытворчасці бульбы. У гэты час на Беларусі было 160 перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія выраблялі спірт і крухмал з бульбы.

Сакрэты сартоў

Беларускім селекцыянерам ёсць чым пахваліцца: самыя вядомыя ў канцы 70-х — пачатку 80-х гадоў сарты «Тэмп» і «Лошыцкі» займалі такія плошчы, якіх не змог «захапіць» ні адзін замежны сорт.

Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара навукова-практычнага цэнтра НАН па бульбаводстве і агародніцтве Вадзім Маханько, сёння ў нацыянальным рэестры — 145 сартоў бульбы (для параўнання, калі краіна толькі стала незалежнай, іх было ўсяго 19). Самыя папулярныя зараз «Брыз» (сорт нумар адзін у Беларусі на працягу апошніх трох гадоў), «Скарб» (сёння ён на другім месцы, а раней гадоў дзесяць утрымліваў лідарскую пазіцыю), «Янка», «Уладар».

Наогул у свеце ў актыўным карыстанні — каля 10 тысяч сартоў бульбы. Каб стварыць новы сорт, спатрэбіцца адзін мільён еўра і столькі ж — для яго прасоўвання на рынку. Зразумела, ва ўмовах Беларусі лічба ў 3-4 разы меншая.

На сёння мы адзіная на постсавецкай прасторы краіна, якая 100 працэнтаў арыгінальнай насеннай бульбы вырошчвае ў абароненым грунце. Расліны і клубні праходзяць вельмі сур'ёзныя выпрабаванні і даследаванні. Каб скараціць працэс атрымання якаснага насення, бульбу вырошчваюць у культуры ін-вітра, а пасля з прабіркі расліны змяшчаюць у цяпліцы — так іх абараняюць ад хвароб і шкоднікаў.

Каб вызначыцца, якую бульбу мы будзем выкарыстоўваць на кухні, трэба ведаць, што існуюць чатыры кулінарныя тыпы сартоў і ўсе па-рознаму сябе паводзяць у выніку апрацоўкі. Традыцыйна беларусы былі прыхільнікамі разварыстай бульбы, але апошнім часам усё больш спажыўцоў выбіраюць салатную (на сёння сярод нас такіх 10—17 працэнтаў): усё таму, што ў ёй менш крухмалу. Трэба сказаць, што дыетолагі «рэабілітавалі» бульбу. Калі раней казалі, што ад яе паўнеюць, то сёння нават існуюць бульбяныя дыеты.

Сярод задач вучоных у тым ліку вызначыць, якая бульба больш падыходзіць да прыгатавання пэўных прадуктаў. Вадзім Маханько падказаў, што для дранікаў лепш браць ранні сорт «Лілея» і сярэдняспелы «Скарб» — тады мякаць не пацямнее, і пры смажанні дранікі не падгараць. Для чыпсаў ідэальным сортам будзе «Крыніца», а для фры варта выкарыстоўваць «Лель» — саломка атрымаецца добрай якасці.

У Талачыне, дарэчы, плануецца пабудаваць цэх па вырабе фры, і гэтая вытворчасць здольная закрыць патрэбы ў «саломцы». Магчыма, нараканняў наконт таго, што ў рэстаранах хуткага харчавання не сустрэць беларускую бульбу, стане менш. Пры вырабе паўфабраката на новым заводзе будуць выкарыстоўваць натуральныя кампаненты.

Лянівых гаспадынь парадуе такая беларуская навінка, як вакуумаваная бульба — адразу памытая і пачышчаная. Яе можна захоўваць у халадзільніку каля пяці сутак. У Еўропе ўжо на заканадаўчым узроўні прынята, што менавіта вакуумаваная бульба павінна паступаць на прадпрыемствы грамадскага харчавання. Магчыма, такім чынам можна не толькі сачыць за санітарна-гігіенічным станам прадукцыі, але і абараняцца ад тавару з дэфектам. Пашкоджаная, хворая, няякасная бульба сустракаецца на прылаўках па рознай цане.

Мы пацікавіліся ў Вадзіма Маханько, ці варта набываць раннюю бульбу, якой сёння так многа ў супермаркетах. Як заўважыў вучоны, насамрэч, гэта не ранняя, а зімовая бульба: у Егіпце ці на поўдні Італіі і Іспаніі яе пачалі садзіць у канцы восені — пачатку зімы. На Беларусі ж гаспадарка, якая вырошчвае самую раннюю бульбу, выбірае яе толькі ў канцы мая. Грэбені тут наразаюцца з восені, як сыходзіць снег, яны накрываюцца чорнай плёнкай, праграюцца, і бульба пасля вырошчваецца пад укрыццём. Зразумела, чаму нам цяжка канкурыраваць з краінамі з больш цёплым кліматам. Тым больш што сёлета нават так званая маладая бульба з замежжа паступіла на рынак па вельмі нізкай цане (нават ва ўбытак вытворцам). Але спажыўцам трэба ведаць, што раннія сарты назапашваюць больш нітратаў і што пестыцыдная нагрузка ў краінах развітога бульбаводства, рэкардсменах па ўраджайнасці, у 2-3 разы вышэйшая, чым у нас.

Пратэсціруем... свята

У Перу — краіне, якая заяўляе, што «тата» (так яны называюць гэты караняплод) з'явіўся менавіта ў іх яшчэ восем тысяч гадоў таму, зацверджаны Нацыянальны дзень бульбы. І святкуецца ён з размахам — з фестывалямі, канцэртамі, конкурсамі, масавымі гуляннямі, дэгустацыямі. Бульбяныя святы ладзяцца і ў іншых краінах, напрыклад, у Расіі ўжо некалькі гарадоў правялі падобныя.

Нарэшце і ў Беларусі паспрабавалі зладзіць «Дзень бульбы», няхай пакуль толькі ў «тэставым» варыянце — для журналістаў. Аказалася, што нават вялікі святочны стол можна накрыць стравамі толькі з бульбы. Журналістаў у аграсядзібе «Зарачаны» частавалі «заманюкамі» (так адзін з гасцей абазваў калдуны, калі не змог успомніць назву ўпадабанай стравы), бабкай з грыбамі, блінамі з бульбай і шампіньёнамі, тушанкай — бульбай печанай у чыгунках з морквай, салам і скабачкамі. Наогул, па Беларусі запісана больш за 500 рэцэптаў з бульбы. А колькі яшчэ можна прыдумаць! Дарэчы, сярод распрацовак беларускіх вучоных быў і напой з гэтага караняплода.

Гаспадыня аграсядзібы Ала Ніжнік падзялілася некаторымі сваімі сакрэтамі. Так, каб дранікі не пацямнелі, выкарыстоўвайце кефір, а бабка атрымаецца больш мяккай, калі ў цеста таксама дадаць кефір ці смятану. У гаспадыні сабрана багата рэцэптаў з выкарыстаннем розных малочных прадуктаў — так што тут можна смела ладзіць не толькі Дзень бульбы, але і святы, прысвечаныя іншым прадуктам. Гарбуз, ягады і нават зёлкавыя чаі — вакол усяго гэтага можна «закруціць» гастранамічныя фестывалі.

Ды і над такім брэндам, як бульба, трэба яшчэ папрацаваць. Напрыклад, прыдумаць сувеніры ці цэлыя сувенірныя наборы, куды дадаць і тыя ж нашы цукеркі, і пірожныя з назвай «Бульбачка». А яшчэ з караняплода можна рабіць касметыку — у той жа Карэі гандлююць маскамі з яго.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».