Вы тут

Засцерагчыся ад энтэравіруса: асноўныя правілы


Мінулым летам шмат перапалоху нарабіў вірус Каксакі, які распаўсюджваўся ў Турцыі. Некаторыя ў паніцы нават адмаўляліся ад паездак у гэту краіну. Здавалася, з'явіўся нейкі новы энтэравірус. Аднак гэта зусім не так. Энтэравірусы, з таго часу, як у 60-х гадах мінулага стагоддзя былі адкрыты амерыканскімі вучонымі, вельмі добра вывучаны. Дарэчы, менавіта летам мы часцей, чым у іншую пару года, сутыкаемся з імі. Чым небяспечная гэта немач?


Ад каго і дзе можна заразіцца?

— Штогод летам і ў пачатку восені адбываецца некаторы пад'ём захваральнасці энтэравіруснай інфекцыяй, — расказвае загадчык 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й Гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Людміла КІПЦЭВІЧ. — Пад гэтай назвай сабрана вялікая група вірусных хвароб, якія выклікаюць энтэравірусы групы Каксакі і ECHO. Інфекцыі характарызуюцца разнастайнасцю клінічных праяў — ад лёгкіх ліхаманкавых з'яў да цяжкіх менінгітаў.

Усяго існуе 71 тып энтэравірусаў, якія распаўсюджаны ва ўсім свеце — у краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі. Ад віду віруса эфектыўнасць лячэння не залежыць, кожны з іх лячыць дастаткова проста. Вакцына ад іх не распрацавана — зноў-такі гэта немэтазгодна з-за вялікай колькасці тыпаў. Самай цяжкай формай гэтай інфекцыі з'яўляецца энтэравірусны (серозны) менінгіт. Таксама варта памятаць, што энтэравіруснай інфекцыяй часцей хварэюць дзеці, чым дарослыя.

— Дзіцячы арганізм, у параўнанні з дарослым, усё ж недастаткова сфарміраваны, і гэта ў поўнай меры датычыцца імуннай сістэмы, — тлумачыць Людміла Кіпцэвіч. — У дзяцей адзначаецца больш блізкі кантакт адзін з адным, чым у дарослых. Да таго ж дзеці часцей, чым дарослыя ігнаруюць санітарныя правілы — не мыюць рукі перад ядой, не апалоскваюць садавіну і гародніну. У арганізаваных дзіцячых калектывах гэта таксама актуальна і часам прыводзіць да распаўсюдвжання інфекцыі.

Энтэравірусы сустракаюцца ўсюды, яны ўстойлівыя ў знешнім асяроддзі і доўгі час могуць захоўвацца ў сцёкавых водах, плавальных басейнах, адкрытых вадаёмах, на прадметах і ў прадуктах харчавання — малацэ, садавіне, гародніне. Але вірус хутка гіне падчас прагравання і кіпячэння. Асноўны шлях яго перадачы — кантактна-бытавы. Інфекцыя распаўсюджваецца праз ваду і ежу, падчас размовы, кашлю, чхання ад хворага чалавека, праз брудныя рукі і дзіцячыя цацкі. Крыніцай інфекцыі з'яўляюцца хворыя людзі. Найбольш інтэнсіўна вірус выдзяляецца ў першыя дні хваробы. Успрымальнасць да яго вельмі высокая. Часта назіраюцца групавыя захворванні, магчымыя сямейныя ўспышкі. Калі з'явяцца прыкметы вострай інфекцыі, звяртацца трэба да педыятра або тэрапеўта, а з цяжкім станам — да інфекцыяніста.

Як распазнаць інфекцыю?

Захворванне пачынаецца востра — з павышэння тэмпературы да 38—39 градусаў. Яна трымаецца 3—5 дзён, пасля зніжаецца да нармальнай. Часам павышэнне тэмпературы хвалепадобнае — апускаецца і зноў паднімаецца. Пры павышэнні тэмпературы дзіця адчувае слабасць, санлівасць, часам галаўны боль, млоснасць, ірвоту.

Калі вірус паражае слізістую ротаглоткі, развіваецца энтэравірусная ангіна. Яна праяўляецца павышэннем тэмпературы, агульнай інтаксікацыяй (слабасць, галаўны боль, санлівасць) і наяўнасцю везікулярнага сыпу ў выглядзе пухіркоў, запоўненых вадкасцю, на слізістай ротаглоткі і міндалінах. Гэтыя пухіры лопаюцца, а на іх месцы ўтвараюцца язвачкі, запоўненыя белым налётам. Пасля выздараўлення на іх месцы не застаецца ніякіх слядоў.

Яшчэ адно наступства — з'яўленне экзантэмы — пачырванення скуры, як правіла, на верхняй частцы тулава — галаве, грудзях, руках. Часам везікулярны сып з'яўляецца на далонях і ступнях. Пухіркі праз 5-6 дзён знікаюць, не прарываючыся, а на іх месцы з'яўляецца ўчастак пігментацыі (карычневая кропка), якая знікае праз некалькі дзён.

— Нягледзячы на яркую клінічную карціну і выяўленасць праяў, цячэнне энтэравіруснай інфекцыі спрыяльнае, а ўскладненні сустракаюцца рэдка, — расказвае Людміла Кіпцэвіч. — Імунітэт пасля хваробы захоўваецца на працягу некалькіх гадоў. Але калі заразіцца новай разнавіднасцю энтэравіруса, праявы хваробы могуць узнікнуць зноў.

Не прапусціць менінгіт

Найбольш цяжкай, але тыповай формай энтэравіруснай інфекцыі з'яўляецца серозны вірусны менінгіт — запаленне мазгавых абалонак. Захворванне пачынаецца востра, з пад'ёму тэмпературы да 39—40 градусаў. З'яўляецца моцны галаўны боль («галава расколваецца»), галавакружэнне, ірвота, часам болі ў жываце, спіне, у дзяцей можа ўзнікаць сутаргавы сіндром. Нярэдка назіраюцца катаральныя з'явы з боку ротаглоткі, верхніх дыхальных шляхоў, балючыя высыпанні на скуры, часта ў выглядзе плям розных памераў. Хворы становіцца або млявы, затарможаным, або наадварот узбуджаны. Акрамя сутаргаў, ён можа адчуваць болі ў мышцах, жываце. І тут важна не прапусціць пачатак захворвання, пры першых прыкметах неабходна імкліва звяртацца па медыцынскую дапамогу, ні ў якім разе не займаючыся самалячэннем.

Не грэбуйце правіламі гігіены

Важна прытрымлівацца правілаў асабістай гігіены, выконваць пітны рэжым (ужываць кіпячоную ці бутыляваную ваду), старанна мыць садавіну і гародніну, праветрываць і выконваць вільготную ўборку памяшканняў. Таксама па магчымасці лепш пазбягаць масавага збору людзей. З любымі праявамі хваробы ні ў якім разе нельга дапускаць, каб дзіця наведвала арганізаваны дзіцячы калектыў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Як засцерагчыся ад энтэравіруса

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.