Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Тут усе Шэлявілі...

Вёску Асінкі ведаюць хіба што жыхары Рэчыцы ды блізкага наваколля.

Фота Алега Кунаха

Сёлета ў ёй зімавала толькі Ніна Уладзіміраўна Шэлявіля (у шлюбе Старастава). Вырашыла не ехаць, як раней, на зіму ў Брэст. Навошта, калі адзін тэлефон у хаце, другі — у кішэні, тэлевізар амаль суразмоўнік, аўталаўка ў любое надвор'е тры разы на тыдзень, паштовая машына таксама.

— Тут райскі куток, — зазначае Ніна Уладзіміраўна. — Краскі, птушкі... У горадзе я працавала ткачыхай, вельмі стамлялася ад гулу і грукату — марыла аб цішыні. Цяпер не магу нацешыцца. Маладыя за сваімі камп'ютарамі не бачаць гэтай прыгажосці. Шкада іх...

Сёння побач з Нінай Уладзіміраўнай яе стрыечная сястра — Галіна Васілеўна Шэлявіля (Рабасюк). Кожную вясну яна вяртаецца ў Асінкі, на Бацькаўшчыну, каб затрымацца тут да «белых мух»: завіхаецца ў гародзе, адводзіць душу, збіраючы грыбы ды ягады.

— Людзі куплялі б тут хаты, прапытваюць, ці прадае хто, — далучаецца да размовы яна, — але няма такіх ахвотных. Нашчадкі трымаюць сядзібы для сваіх дзяцей, для ўнукаў, каб мелі куды прыехаць, пажыць сярод лесу, пахадзіць па жывой зямлі. Не ўсё ж па асфальце. Вось і я сваіх вучу, каб не толькі «на шашлык» прыязджалі, каб працавалі, каб не забывалі дарогу да могілак, дзе продкі ляжаць.

Хаты сясцёр побач: так пасля вайны захацелі іх ба́цькі, родныя браты. У суседстве і хата, дзе ў вайну хаваліся жанчыны з дзецьмі і дзе загінула іх цётка Фёкла Шэлявіля...

Існуюць дзве версіі паходжання гэтага досыць рэдкага прозвішча. Паводле першай: тут у 1812-м «асеў» француз, якого ўсе звалі шэвалье, займеў жонку, дзяцей, унукаў, якіх для зручнасці празвалі Шэлявілямі... Другая — багаты ўладальнік вёскі для сваіх дзяцей «выпісаў» з Францыі настаўніка французскай мовы... Астатняе — як у першым варыянце.

Сёння нашчадкаў Шэлявіляў можна сустрэць дзе заўгодна. А летам яшчэ і ў Асінках, якія зноў ажываюць, напоўняцца людскімі галасамі.

Галіна Новік, Камянецкі раён


Па заслугах і гонар

У нашым Беразіне і ў Бярэзінскім раёне прозвішча Абазовік знаёма амаль кожнаму. Ды і не дзіва: Мікалай Савельевіч быў дырэктарам Пагосцкай сярэдняй школы, сакратаром райвыканкама, чвэрць стагоддзя — загадчыкам райана, за плячыма ў якога — дзве вышэйшыя адукацыі, аспірантура, званне выдатніка педагагічнай працы...

Нехта можа пазайздросціць, падумаць, што чалавек толькі тое і рабіў, што вучыўся, што ў жыцці яму ўсё давалася лёгка, але гэта зусім не так. Няшмат хто — асабліва з людзей маладзейшых — ведае, што нарадзіўся Мікалай Савельевіч за тры гады да пачатку вайны ў сям'і, дзе было 11 дзяцей, што маленства яго праходзіла ў зямлянцы, якую перад адыходам на фронт бацька выкапаў каля папялішча хаты, што спалі дзеці на халодных нарах, а елі — што бог паслаў (калі ён хоць што пасылаў...).

У выніку трое малых — дзве дзяўчынкі і хлопчык — не вынеслі гэтых умоў, памерлі, астатніх, можна сказаць, выратавала — прытуліла ў сваёй хаце аднавяскоўка.

Так сям'і пашчасціла першы раз. Другі — калі старэйшая сястра злавіла ў лесе «нічыйную» карову: немцы пры адступленні кінулі яе — нібы выратавальную саломінку... Шкада, што зусім ненадоўга, бо за тую карміліцу матуля дамовілася купіць зруб хаты.

Талакою склалі яго, накрылі, зрабілі адно акенца, печ (падлогі не было). Вось у такім «палацы» Абазовікі і дажылі, дачакаліся канца вайны.

Толькі ў 47-м, улічваючы цяжкае становішча, у якое трапілі дзеці, райваенкамат са службы ў войску адазваў галаву сям'і Савелія Ігнатавіча, і гэта дазволіла малым яго, і ў прыватнасці сыну Мікалаю, вучыцца...

Каб вучыць потым іншых, каб стаць наватарам у галіне асветы: па ініцыятыве загадчыка райана ў нас былі створаны гімназія, цэнтры дадатковай адукацыі, інтэлектуальных і творчых здольнасцяў дзяцей, адкрыты фізіка-матэматычная школа і шмат чаго іншага...

На працягу апошніх 12 гадоў Мікалай Савельевіч узначальвае раённы савет ветэранаў. Яго аўтарытэт і ўменне пачуць чалавека, сур'ёзна падысці да вырашэння праблемы не засталіся незаўважаныя. У гонар 25-годдзя арганізацыі спадару Абазовіку былі ўручаны падзяка Прэзідэнта і імянны гадзіннік.

Ніна Бурко, г. Беразіно


«На старэнькіх правярае

Доктар ісціну адну...»

...Словы-літаркі ў радочак,

Быццам бісер, наніжу:

Што убачу хоць разочак,

У прыпевачку звяжу.

Ясь не хоча йсці ў салдаты,

Аўтамат у рукі браць.

— Лепей, — кажа, — у палатах

Хворым памперсы мяняць.

У гародзе грады маку,

Узышлі й каноплі...

Пакуль грошы — з тога страху

Вошы ўсе падохлі.

Во дадумаўся й пузаты

Усё ў «абліпачку» надзець.

Чым жа людцы вінаваты,

Каб на пудзіла глядзець?

Прапануюцца народу

Транты з захаду, усходу,

Бо там брэнды, там фірма́.

У нас жа гонару няма?

У калясачцы дзіцятка —

Плача, нібы сірата.

У кантакце вісне матка,

Бацька з танка: «Тра-та-та...»

Хлопец з дзеўкаю у сетках

Так шчабечуць тэт-а-тэт...

Праз хвілінку іх сакрэты

Ужо ведае ўвесь свет.

На старэнькіх правярае

Доктар ісціну адну:

Горай лечыш — памірае

І не дурыць галаву.

Колісь бегалі па крамах,

Каб хоць нешта ды купіць.

Зараз лыхаем таксама,

Каб па зніжках ухапіць.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Спыніцца, каб азірнуцца

Нядаўна мне ў рукі трапіла кніга вядомага пісьменніка і публіцыста Зіновія Прыгодзіча «Дарогі і раздарожжы», якую сам аўтар назваў «Хронікай смутнага часу».

Складаецца яна з інтэрв'ю, гутарак, эсэ, якія даюць шмат ведаў аб тым, што адбывалася ў краіне ў канцы васьмідзясятых, пачатку дзевяностых гадоў, падчас перабудовы, калі ўсё ў Савецкім Саюзе не столькі перабудоўвалася, колькі ламалася і разбуралася. Чым тады жыла наша рэспубліка — адна з 15 саюзных?

У кнізе шчырыя размовы аўтара з людзьмі, якія ў той час кіравалі ёй: сакратарамі ЦК Кампартыі БССР Валерыем Пячэннікавым і Аркадзем Русецкім, з мастаком Міхаілам Савіцкім, акцёрам Мікалаем Яроменкам, пісьменнікам Максімам Лужаніным, з мітрапалітам Філарэтам...

Не сціхае, не сыходзіць з нашых сэрцаў боль чарнобыльскай трагедыі. Ад яе наступстваў памерла мая родная сястра, мой сын з самага першага дня быў ліквідатарам, і гэта каштавала яму здароўя.

У кнізе «Дарогі і раздарожжы» і пра недаацэнку ўрадам маштабаў бяды, і пра недахопы ў ліквідацыі наступстваў... Нехта скажа, што пасля трагедыі прайшло ўжо нямала часу? Гэта так. Але ў нас будуецца новая атамная станцыя і забываць урокі мінулага проста нельга.

...Усе ўражанні ад кнігі выкласці на паперы цяжка. Таму дадам, што найбольш яна спатрэбіцца прафесійным гісторыкам. Але ж цікавай будзе і для звычайных грамадзян, неабыякавых да сваёй краіны, яе сучаснага і будучага.

Вера Карцель, г. Мінск


Кот і мышка

На аўтобусным прыпынку стаялі двое — жанчына бальзакаўскага ўзросту і пажылы мужчына.

Спачатку яны маўчалі — чакалі, пакуль падыдзе аўтобус, потым разгаварыліся — яшчэ і аб тым, як лепш заквасіць капусту. Фёдара зацікавіў Лізін рэцэпт: ён папрасіў нумар тэлефона, каб потым дакладна яго запісаць. Не выключана, што іншыя думкі наконт жанчыны прысутнічалі таксама, бо пазваніў ён назаўтра ж. Пагаварылі пра капусту, пра тое ды іншае... Замужняя Ліза не бачыла ў гэтым нічога крамольнага.

Аднак Фёдар пазваніў яшчэ раз і яшчэ, запрасіў у госці.

Можа, ад таго, што зарплаты ў іх тады выдавалі са спазненнем ды і памеры іх былі невялікія, жанчына згадзілася. Ёй уяўлялася, як новы знаёмы сустрэне яе з кветкамі, як будзе частаваць нейкімі далікатэсамі... Аднак Фёдар паставіў на стол смажаную бульбу ды яечню. Разам павячэралі, пагаварылі. І гэта яшчэ вялікае шчасце, што гаспадар аказаўся прыстойным чалавекам, і Ліза пасля размовы паехала дамоў... Бо ўсё магло быць іначай: як вядома, трапіўшы ў кіпці ката, мышка рэдка збягае.

Таццяна Чэкед, г. Гомель


Каб палюбіць сваю зямлю...

 «У школу прыехалі археолагі... Аж з самага Мінска... Запрашаюць на раскопкі курганоў... Будуць грошы плаціць!»

Навіны і без мабільнікаў разляталіся хутка.

Нас, ахвотных падзарабіць, сабралася чалавек пяць ці шэсць. Галоўны з тых археолагаў Георгій Васілевіч пазапісаў нашы імёны-прозвішчы, растлумачыў, што работа чакае нялёгкая: будзем рыдлёўкамі і памалу раскопваць старажытныя курганы. Мы бачылі іх: недзе круглыя, недзе авальныя, а адзін — ва ўрочышчы Атока — увогуле доўгі.

Двое маладых археолагаў рулеткай размячалі «аб'ём работы» — нацягвалі белы шпагат у дзве лейчыны. Гэта была «броўка». Яна даследавалася ў апошнюю чаргу, пасля таго, як раскапаем увесь курган да асновы. Мы, паўтаруся, рабілі гэта рыдлёўкамі. У археолагаў быў трохі іншы, больш далікатны рыштунак: калі іх цікавіла нейкая знаходка, яны пачыналі здымаць пясок па міліметрах.

Скажу шчыра, першапачаткова нас, хлапчукоў, гэта праца прываблівала тым, што знойдзем у курганах старажытныя коп'і, мячы, даспехі... Розныя гаршкі ды гліняныя чарапкі, пацеркі, спражкі, вырабы з косці нас цікавілі мала. А вось Георгій Васілевіч, наадварот, з захапленнем тлумачыў, што гэта — рэшткі нейкай загадкавай банцараўскай культуры нашых продкаў... Такім чынам мы, падшыванцы, недзе ў глыбіні душы разумелі, што робім вельмі важную справу — для навукі, для краіны.

Значна пазней я даведаўся, што наш Георгій Васілевіч Штыхаў (светлай памяці!) — найвядомейшы беларускі археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, што ён правёў шырокае даследаванне Полацка, Віцебска, Заслаўя і іншых мясцін Беларусі...

А да ўсяго — чалавек, дзякуючы якому мы, ягоныя добраахвотныя памочнікі на месцах, шмат што зразумелі пра сваю зямлю... Ды і зарабілі. Я, напрыклад, за атрыманыя грошы купіў свой першы веласіпед, які каштаваў амаль 50 рублёў.

Аляксандр Матошка, г. п. Расоны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».