Вы тут

Што трэба памятаць, каб купальны сезон не стаў апошнім у жыцці


Спякотнае надвор'е з невялікімі тайм-аўтамі прахалоды, якое трывала ўсталявалася ў краіне яшчэ ў пачатку мая, спакушае на купанне ў вадаёмах. Ратавальнікі ўвесь час заклікаюць адпачываць на вадзе толькі ў дазволеных месцах — калі чалавеку стане дрэнна, то яго паспеюць своечасова выцягнуць з вады. Цяпер у Таварыстве ратавання на водах працуюць у краіне 143 выратавальныя пасты, з іх 35 сезонных ды 108 пастаянных, і 66 выратавальных станцый. І гэта на больш чым 20 тысяч рэк і 10 тысяч азёр, не кажучы ўжо пра кар'еры. Зразумела, што да кожнага вадаёма вадалазаў на дзяжурства па графіку 24/7 не прыставіш, і таму застаецца шмат у чым спадзявацца на абачлівасць адпачывальнікаў.


«У нас для адпачынку падрыхтавана 478 пляжаў»

— Нашы супрацоўнікі сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і балансатрымальнікамі стараюцца зрабіць усё для бяспечнага знаходжання каля вады, — кажа старшыня рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах» Анвар ІГАМБЕРДЫЕЎ. — У нас для адпачынку падрыхтавана 478 пляжаў. Большасць — у Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Пляжы трэба рыхтаваць, ствараць інфраструктуру, чысціць іх ад смецця. Разам з тым мы сутыкаемся і з логікай кшталту «няма пляжа — няма праблемы». Але людзі купацца хочуць і проста палезуць у ваду, толькі зробяць гэта ў недазволеным месцы, дзе нашых пастоў няма.

— Пры падрыхтоўцы зон адпачынку да вясны па плане на вадасховішчах Мінскай лесапаркавай гаспадаркі ўстанаўлівалася пляжнае абсталяванне, — кажа дырэктар УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка»
Павел Багданчык.
 — Гэта ценевыя навесы, вулічныя спартыўныя трэнажоры, дзіцячыя гульнявыя комплексы, альтанкі, лаўкі і урны. Да таго ж на сталічных пляжах сёлета з'явілася 160 тапчаноў.

Не сакрэт, што многія адпачывальнікі прыязджаюць да вадаёмаў на веласіпедах. І калі раней паркоўкі для іх існавалі толькі на Цнянскім вадасховішчы, то сёлета яны з'явіліся і на Заслаўскім вадасховішчы, на Крыніцы і ў Драздах. Болей стала мангалаў і біятуалетаў.

З кар'ерам не жартуюць

Пасля выпрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў застаюцца вялікія і часта глыбокія ямы кар'ераў. Паступова яны запаўняюцца вадой — і так утвараецца возера. З двума вялікімі адрозненнямі. Па-першае, прыродны вадаём не быў выкапаны за некалькі гадоў, а ўтвараўся на працягу соцень, калі не тысяч гадоў. І берагі там куды больш трывалыя, чым у кар'ераў. Але тут можна запярэчыць — як жа так, ёсць прыклады, калі на штучных вадаёмах адпачываць дазволена. І цалкам справядліва можна спаслацца на Цнянскае вадасховішча або на Мінскае мора. Але, па-другое, пляжы на іх былі спраектаваны загадзя, а кар'ер — гэта проста яма з вадой, якая можа мець глыбіню ў дзясяткі метраў. Берагі асыплюцца — і чалавек трапіць самахоць у глыбокую магілу.

Напрыклад, у 2012 годзе ў Калінкавіцкім раёне дадому не вярнуліся два хлопчыкі. Маці аднаго з іх звярнулася ў міліцыю. Праз некалькі гадзін іх знайшлі ў пясчаным кар'еры. Абодва былі мёртвыя — іх засыпала пяском, і яны не паспелі выбрацца.

Яшчэ двух дзяцей засыпала ў 2014 годзе ў кар'еры каля вёскі Гатаўшчына Глыбоцкага раёна, што на Віцебшчыне. Пасля высветлілася, што пясок нечакана пачаў абсыпацца на плошчы каля 50 метраў. Дваіх хлопчыкаў 2002 і 2005 гадоў нараджэння, вучняў мясцовай школы, знайшлі на глыбіні восем метраў.

А ў кар'еры на мінскай вуліцы Гарэцкага ўжо ў чэрвені за два дні загінулі два чалавекі. Абставіны іх гібелі пакуль высвятляюцца.

Сеў у лодку? Надзень камізэльку!

У цёплыя дні на вадаёмах можна сустрэць не толькі плыўцоў, але і тых, хто катаецца на лодцы. Здавалася б, усё лагічна — там, дзе катаюцца на лодках, лезці ў ваду не трэба. Стоячы за штурвалам, заўважыць купальшчыка немагчыма, не тое што паспець закласці манеўр і аб'ехаць яго.

— Яркі прыклад здарыўся ў 2016 годзе ў Барысаве, — кажа начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Міхаіл ЧАШУН. — Кіроўца вёў гідрацыкл па ўсіх правілах, але нечакана перад ім вынырнуў купальшчык. Ён стукнуўся галавой у корпус гідрацыкла — і адразу пайшоў на дно.

Усяго ж у краіне налічваецца каля 330 тысяч маламерных суднаў — гідрацыклаў, маторных лодак, катараў, звычайных лодак і катамаранаў... Статыстыка гібелі на іх неадназначная. Так, з 2000 года ў краіне загінула амаль 1200 чалавек з-за парушэння правілаў карыстання гэтымі сродкамі. Але за апошні год лятальных выпадкаў было толькі дзевяць, хоць колькасць суднаў павялічылася з чатырох да 330 тысяч. Небяспека такіх здарэнняў у тым, што яны, як правіла, групавыя. Напрыклад, у ліпені 2013 года на возеры Белым у Жыткавіцкім раёне загінула ажно пяць чалавек.

— Усе, хто едзе на судне, мусяць знаходзіцца ў зашпіленых выратавальных камізэльках, — працягвае Міхаіл Чашун. — Яна каштуе зусім нядорага — 30—50 рублёў. І паверце, амаль за паўстагоддзя ратавальнікі не дасталі ніводнага патанулага, на якім была б гэтая самая камізэлька.

Дзе забаронена купацца?

Маніторыць абстаноўку ў беларускіх вадаёмах Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Самыя свежыя звесткі — на 8 чэрвеня. Такім чынам, на сёння абмежавана купанне дзяцей на 10 зонах рэкрэацыі. Сярод іх — пляжы «Цэнтральны» на рацэ Мухавец у Брэсце, на возеры Мяднянскім у Брэсцкім раёне, зона рэкрэацыі на возеры Рагазнянскім і пляжы санаторыя «Надзея» ў Жабінкаўскім раёне. У гомельскі топ-ліст трапілі адразу пяць пляжаў у межах абласнога цэнтра — «Каскад-1», «Каскад-2», «Валатоўскі», «Прудкоўскі» і «Заходні». Для дзяцей і дарослых абмежавана купанне на чатырох пляжах Магілёўшчыны, два з якіх знаходзяцца ў горадзе, а яшчэ два — каля вёсак Палыкавічы і Вільчыцы. Цалкам жа забаронена купанне на пляжы гарадскога парку Жабінкі.

Крыху хронікі

Па стане на 11 чэрвеня ў краіне патануў 121 чалавек, з іх 10 непаўналетніх. Паспелі з вады выцягнуць 104 чалавекі, з іх 27 дзяцей. А вось папярэджанні атрымалі амаль 10 тысяч чалавек.

9 чэрвеня ў Мастоўскі раён на месца, дзе злучаюцца Нёман і Шчара, прыехалі парыбачыць двое мужчын са сваімі дзецьмі. Купацца там нельга, але гэта не спыніла малых. У нейкі момант яны пачалі тануць. Гэта заўважыў адзін з бацькаў і кінуўся на дапамогу. Дзеці абхапілі мужчыну за корпус, але... і яго самога зацягнулі пад ваду. Целы пасля дасталі вадалазы з Мастоўскай выратавальнай станцыі.

На мінулым тыдні ў Быхаўскім раёне 44-гадовы мужчына разам з 9-гадовай дачкой лавілі рыбу на затоцы і вырашылі акунуцца ў ваду. Бацька плыў наперадзе, дачка — услед за ім. І вось дзяўчынка прыкмеціла, што бацька пайшоў пад ваду і на паверхні не з'яўляецца.

Напалоханая дзяўчынка пачала клікаць на дапамогу. Да яе адправіліся мужчыны, якія лавілі рыбу нападалёк. Малую выцягнулі на бераг, думаючы, што ратаваць трэба яе. Але дзяўчынка прасіла ўратаваць не яе, а бацьку. Рыбакі зноў кінуліся ў ваду. Але вярнуліся адтуль ні з чым...

А ў Столінскім раёне ў мінулыя выхадныя 37-гадовы жыхар Барысава разам з братам і двума дзецьмі пераходзілі цераз раку Сцвіга. Дарослыя выпадкова аступіліся і трапілі ў падводную яму. Адзін з мужчын здолеў выбрацца і ўратаваць малых. Цела другога пазней знайшлі вадалазы. Адну з дзяўчынак даставілі ў рэанімацыю.

Даволі кур'ёзны выпадак адбыўся ў Рэчыцы 5 чэрвеня. Кампанія грамадзян Расіі прыехала адпачываць на берагу Дняпра на аўтамабілі. Трое з іх засталіся ў палатцы, а двое пайшлі ў машыну. І якраз у гэты момант яна і пачала свой рух. На шчасце, людзі паспелі выскачыць. Але аўто апынулася пад вадой. Вадалазы Рэчыцкай выратавальнай станцыі знайшлі машыну на глыбіні ў чатыры метры за 20 метраў ад берага.

Абставіны здарэння пакуль высвятляюцца, але Таварыства ратавання на водах нагадвае, што аўтамабіль мусіць быць прыпаркаваны не менш чым за 30 метраў ад вады. Акрамя таго, ён павінен стаяць на ручным тормазе.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Не ведаючы броду...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».