15 Кастрычнік, панядзелак

Вы тут

Да Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ўсё падрыхтавана


Гэта канстатаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Учора ён сустрэўся з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.


Прэзідэнт адзначыў, што гэтая тэма мімаходзь абмяркоўвалася ў Кітаі, падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. «Мы канстатавалі той факт, што ўсё гатова да правядзення ВДС», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар пацікавіўся ў Рыгора Рапоты, ці ўзнікалі ў працэсе ўзгаднення парадку дня нейкія праблемы. Прэзідэнт дадаў, што хоча быць у курсе ўсяго, што звязана з ВДС.

Дзяржаўны сакратар расказаў, што парадак дня сапраўды сфармуляваны і падрыхтаваны. Аднак існуюць некаторыя пытанні, якія, магчыма, запатрабуюць увагі прэзідэнтаў Беларусі і Расіі — Рыгор Рапота прапанаваў абмеркаваць іх падчас двухбаковых сустрэч ці ў нейкім іншым фармаце.

13 чэрвеня ў Маскве адбудзецца пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, а 19 чэрвеня ў Мінску запланавана пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета. У парадак дня пасяджэння Саўміна ўключана каля 15 пытанняў, у парадак дня ВДС — каля дзесяці.

Пазней у размове з журналістамі Рыгор Рапота расказаў, якія аспекты будуць разглядацца на пасяджэнні ВДС. «Скажам, бюджэтныя пытанні ў нас заўсёды разглядаюцца, праграма ўзаемадзеяння ў галіне знешняй палітыкі, — адзначыў ён. — Заўсёды ў нас з'яўляецца прадметам разгляду перспектыва развіцця Саюзнай дзяржавы».

Акрамя таго, бакі абмяркуюць вынікі беларуска-расійскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва за мінулы год.

Дзяржаўны сакратар дадаў, што ў парадак дня ўключана новая праграма ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы. На яго думку, гэтае пытанне, якое патрабуе ўвагі прэзідэнтаў, ужо адпрацавана на ўзроўні ваенных ведамстваў.

Яшчэ адно пытанне, якое будзе абмяркоўвацца падчас ВДС, — гэта заснаванне новай прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі. «Рашэнне аб гэтым будзе прымацца на ўзроўні двух прэзідэнтаў, — адзначыў Рыгор Рапота. — Калі яно будзе прынята, то ўжо з 2019 года мы пачнём уручаць прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі. Гэта акрамя прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва, якая будзе традыцыйна ўручацца ў рамках Саюзнай дзяржавы».

Таксама журналісты пацікавіліся ў дзяржаўнага сакратара, што робіцца па пытанні адмены роўмінгу на прасторы Саюзнай дзяржавы.

Паводле яго слоў, тут ёсць натуральная супярэчнасць: вытворца хоча прадаць любы тавар даражэй, а спажывец — купіць танней. «Нельга ламаць рынак, які склаўся, адным махам без уліку інтарэсаў усіх бакоў. Зразумела, што вырашаць гэтую задачу трэба, міністэрствы гэта разумеюць, і ніхто не адмаўляецца. Яны ўзялі нейкі тайм-аўт для прапрацоўкі непасрэдна з гульцамі на гэтым рынку. Цяпер разгляд гэтага пытання на такой стадыі», — дадаў Рыгор Рапота.

Пры гэтым ён падкрэсліў: працэс пастаянна трымаецца на кантролі.

Яшчэ адно пытанне журналістаў датычылася кантролю на беларуска-расійскай мяжы. Дзяржаўны сакратар нагадаў, што асноўная праблема заключаецца ў перасячэнні мяжы грамадзянамі трэціх краін, а не Беларусі ці Расіі. Паводле яго слоў, для вырашэння гэтай задачы і рыхтуецца пагадненне аб узаемным прызнанні віз, якім займаюцца міністэрствы замежных спраў.

Нагадаем, зараз падпісана пагадненне аб узаемным прызнанні віз, але толькі на перыяд правядзення чэмпіянату свету па футболе ў Расіі ў 2018 годзе і ІІ Еўрапейскіх гульняў у Беларусі ў 2019-м. Рыгор Рапота адзначыў, што вопыт гэтага пагаднення будзе ўлічаны пры падрыхтоўцы новага дакумента.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Гатоўнасць нумар адзін

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

У «высокім» арт-асяродку таксама ёсць месца жарсцям і інтрыгам. 

Грамадства

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Папяровыя кветкі, маляўнічыя паштоўкі, песні, танцы і мора праніклівых, ласкавых слоў.

Грамадства

«Найлепшае выхаванне — уласны прыклад»

«Найлепшае выхаванне — уласны прыклад»

Вясковая матушка — пра гаджэты, адзнакі, якія закранаюць самалюбства бацькоў, і сакрэт трывалых адносін.